Біяграфіі біскупаў-намінантаў

«Так і хочацца разам з псальмістам спяваць “Хваліце Пана за яго дабрадзействы” (пар. Пс 118 (117), 1), бо 29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў трох новых біскупаў, чым вельмі ўзбагаціў Каталіцкі Касцёл у Беларусі. <...>

Таму неабходна дзякаваць Богу і Пантыфіку, рашэннем якога выконваецца Божая воля, за гэтыя намінацыі, якіх мы ўсе чакалі з нецярплівасцю і якія ўмацуюць беларускі епіскапат».

З «Адозвы» мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
ў сувязі з прызначэннем кс. Юрыя Касабуцкага
дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

 

Яго Эксцэленцыя мансеньёр Алег Буткевіч

Нарадзіўся 18 сакавіка 1972 г. у Браславе, на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1994 г.) скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 г.; з’яўляецца прэзбітэрам Віцебскай дыяцэзіі. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Мёрах, абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 г. выконвае абавязкі пробашча парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканата Віцебск-Паўночны. Біскупская сакра будзе ўдзелена 18 студзеня 2014 года ў віцебскай катэдры ў 12 гадзін.


Яго Эксцэленцыя мансеньёр Юрый Касабуцкі

Нарадзіўся 15 лютага 1970 г. у Маладзечне, на тэрыторыі сучаснай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1991 г.) вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі і адбыў вайсковую службу.

Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 7 снежня 1996 г.; з’яўляецца прэзбітэрам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Станіслава ў Магілёве і адміністратара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. З 1999 г. па 2001 г. вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), дзе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі. З 2001 г. па 2004 г. выконваў абавязкі прэфекта Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.  У 2004 г. прызначаны дырэктарам Сакратарыяту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. З 2005 г. выконвае абавязкі канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 2006 г. з’яўляецца таксама адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, выкладае ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Катэхетычным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Біскупская сакра будзе ўдзелена 25 студзеня 2014 года ў мінскай архікатэдры ў 11 гадзін.


Яго Эксцэленцыя мансеньёр Іосіф Станеўскі

Нарадзіўся 4 красавіка 1969 г. у Заневічах, на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля вайсковай службы і працоўнага досведу паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1990 г.).

Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 17 чэрвеня 1995 г.; з’яўляецца прэзбітэрам Гродзенскай дыяцэзіі. У тым жа годзе быў прызначаны вікарыем парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Пасля крыху больш чым гадавой душпастырскай паслугі быў скіраваны ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт (Польшча), дзе атрымаў ступень ліцэнцыята кананічнага права. У 1999 г. быў прызначаны выкладчыкам і прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. З 2000 г. з’яўляецца суддзёй, а з 2005 г. — віцэ-афіцыялам Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Гродне. З 2004 г. выкладае кананічнае права ў Катэхетычным інстытуце ў Гродне. 23 червеня 2005 г. быў прызначаны рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. З’яўляецца членам Біскупскай рады і Калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі. У 2007–2013 гг. быў адказным за душпастырскую фармацыю маладых святароў у Гродзенскай дыяцэзіі.  З 2009 г. з’яўляецца каардынатарам душпастырства пакліканняў. У 2012 г. быў прызначаны капеланам Яго Святасці. Біскупская сакра будзе ўдзелена 1 лютага 2014 года ў гродзенскай катэдры ў 12 гадзін.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла