Mors optima rapit

4 лістапада недалёка ад Івянца загінуў у аўтакатастрофе малады айцец францішканін Андрэй Ахрэм. Гэта сумная навіна не пакінула абыякавымі вернікаў беларускіх парафій. Шмат малітваў было ўзнесена да Бога за душу загінуўшага святара, які толькі распачаў працу на Божай ніве, але... mors optima rapit... (смерць забірае лепшых...).

Нарадзіўся айцец Андрэй 9 сакавіка 1981 года ў Вілейцы. У 2005–2012 гг.  праходзіў фармацыю і вучобу ў айцоў францішканаў у Лодзі. Вечныя абяцанні даў у 2011 годзе. Святарскае пасвячэнне атрымаў 1 чэрвеня 2013 года і быў накіраваны на служэнне ў Івянец. Здавалася, што жыццё толькі пачалося — у маладога святара было столькі магчымасцяў, столькі запалу, столькі энергіі... Але Бог паклікаў яго ў свой нябесны дом...

«Жыццё Тваіх вернікаў, о Пане, змяняецца, але не заканчваецца», — гаворыцца ў прэфацыі з жалобнай Імшы. «Па Тваёй волі, Пане, мы прыходзім на свет, у Тваіх руках нашае жыццё, паводле Твайго наказу нашае цела, што падлягае наступствам граху, вяртаецца ў зямлю, з якой было ўзята», — напісаў  у жалобным лісце мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч (іе-рарх у гэты час знаходзіўся ў Германіі.). У лісце Яго Эксцэленцыя выказаў удзячнасць загінуўшаму святару
за велікадушнае служэнне ў святарскай і манаскай супольнасці, за яго шчыры клопат аб збаўленні людзей.

Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» выказвае сваё спачуванне бацькам святара, родным і парафіянам і запэўнівае ў малітоўнай памяці пра айца Андрэя.


Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла