Божае Нараджэнне

Таямніца Божага Нараджэння, якое мы неўзабаве будзем святкаваць, мае ў сабе праўду аб тым, што другая Божая Асоба сталася чалавекам, каб у людскім целе здзейсніць збаўленне чалавечага роду за грэх Адама і за грахі яго патомкаў: «А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Я 1, 14). Не перастаючы быць Богам, Сын Божы стаўся чалавекам. Як Бог Ён вечны, бясконцы, паўсюдны і ўсемагутны. Як чалавек Ён абмежаваны часам, прастораю і моцаю. Як Бог Ён з’яўляецца Панам смерці, а як чалавек падданы ёй. Сын Божы яднае ў сабе дзве натуры: боскую і чалавечую. У сваёй боскай натуры Хрыстус ніколі не меў пачатку — Ён вечны. У сваёй чалавечай натуры, якую прыняў ад Найсвяцейшай Панны Марыі, Ён распачаў існаванне ў першым годзе нашай эры і атрымаў імя Езус.

Прыходзячы на свет у постаці Дзіцяці, Бог стаўся Эммануэлем — Богам з намі, ад якога нас не аддзяляе ніякая адлегласць. Бог даў чалавеку непасрэдны доступ да дзіцячага сэрца Езуса, а праз гэта стаўся для нас такім блізкім, прыйшоўшы на свет у бэтлеемскай стайні, а не ў каралеўскіх палацах. Святы Францішак з Асізі ў 1223 годзе ў Грэчыё (Італія), дзе збудаваў першыя ў гісторыі яслі, калі адзначаў Божае Нараджэнне з валом і аслом у стайні з сенам, адкрыў гэты новы ўзровень таямніцы Божага Нараджэння: ён назваў яго «святам святаў» і святкаваў з найвялікшаю павагаю. Такім чынам ён адкрыў чалавечнасць Езуса ў цалкам новай глыбіні. Гэтае быццё чалавекам з Божага боку стала найбольш заўважным у тым факце, што Сын Божы, народжаны з Панны Марыі, быў спавіты ў пялёнкі і пакладзены ў яслі. Божы Сын — як сапраўдны сын чалавечы. Менавіта гэтае ўсведамленне глыбока ўзрушыла сэрца св. Францішка, перамяняючы яго веру ў любоў. Такім чынам, мы можам сёння паўтараць за святым Паўлам: «Аб’явілася дабрыня і чалавекалюбства Бога, Збаўцы нашага...» (Ціт 3, 4). Літургічны год атрымаў свой другі цэнтр дзякуючы святу, якое з’яўляецца найперш святам сэрца.

Менавіта ў гэтым новым досведзе чалавечнасці Езуса праяўляецца вялікая таямніца веры. Францішак любіў Езуса як Дзіця, бо ў гэтым Дзіцяці вельмі выразна разумеў пакору Бога, які стаўся ўбогім. У Дзіцяці Езус, Бог, стаўся залежным, патрабуючым любові іншых, апынуўшыся ў сітуацыі таго, хто просіць аб нашай любові. Сёння Божае Нараджэнне, на жаль, стала святам магазінаў і супермаркетаў, святло якіх закрывае ад людзей таямніцу пакоры Бога, што запрашае нас да пакоры і быцця простымі.

...Перад святамі вельмі лёгка аб чымсьці забыцца. Спяшаемся з працы, бяжым у магазін, купляем розныя прадукты на вігілійны стол. Калі хопіць сілы, ідзём у касцёл, каб прыняць удзел у адвэнтавых рэкалекцыях і паспавядацца перад Пастэркай. Думаем яшчэ аб тым, якую купіць ялінку, сапраўдную ці штучную, бяжым набыць аплатку і гэтак далей... Яшчэ па дарозе паспяваем пасварыцца з найбліжэйшымі, таму што бачым, што ўсё роўна нечага не паспеем. І менавіта такім чынам, на жаль, часта пачынаем святкаванне Божага Нараджэння. Можа варта задумацца, ці ёсць ва ўсім гэтым месца для Таго, чыё Нараджэнне мы збіраемся адзначаць?

Урачыстасць Божага Нараджэння — гэта свята сям’і і сэрца, свята паклону перад таямніцаю нараджэння Божага Сына, які прыйшоў на свет у сям’і Марыі і Юзафа. Мы сядаем пры вігілійным стале, углядаючыся адно аднаму ў вочы, можа, часам з узрушэннем, жалем, слязьмі радасці альбо смутку, і дзелімся аплаткаю — белым хлебам, які сімвалізуе жыццё і Хрыста. Нашы думкі ў вельмі хуткім тэмпе адмерваюць адлегласць цэлых дванаццаці месяцаў апошніх падзеяў нашай гісторыі. Напэўна, мы маем чым ганарыцца, але і маем таксама за што шкадаваць, перапрашаючы адзін аднаго. Гэта вельмі добрая нагода, каб паяднацца і запрасіць Дзіцятка Езуса ў нашыя сем’і. Дзіцятка, якое мае моц чыніць цуды, мае моц яднаць і лячыць нашыя раны.

Няхай сёлетняе Божае Нараджэнне прынясе ў нашыя сэрцы і сем’і глыбейшую патрэбу любіць Дзіцятка Езуса ў кожным чалавеку. Няхай Божы Сын дазволіць нам з пакораю схіліцца і прыняць Яго ў нашых бліжніх. Для гэтага патрэбны час і глыбокае разважанне над сэнсам бязмежнай пакоры Бога. Гэты час будзе нам дадзены, давайце разам паспрабуем яго знайсці.

Бр. Андрэй Жылевіч OFMCap

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла