Калі возьмем у рукі аплатку…

Святочны стол, накрыты белым абрусам, пад якім пасланае сена, куцця на стале, смачныя посныя стравы (вядома ж, іх 12), над стравамі трымціць агеньчык свечкі, а пры ёй, на талерцы пад белай сурвэткай — белая аплатка, якою мы неўзабаве будзем дзяліцца…

Колькі дабрыні ва ўсім гэтым, паэзіі, колькі нашага цяпла! Мы, як і некалі ў дзяцінстве, чакалі гэтых хвілінаў, хоць і забегаліся, рыхтуючы вігілійны стол, ды і назаўтра ж трэба было падрыхтаваць святочныя стравы. Прытаміліся трохі, прыбіраючы ёлку, развешваючы гірлянды, набываючы падарункі для сваіх блізкіх, выглядваючы раз-пораз у вакно, ці не пачалі ўжо з’яўляцца на небе першыя зоркі. Столькі прыемнага святочнага клопату!..

Але вернемся да нашага вігілійнага стала. Будзем спадзявацца, што мы не забыліся пакласці побач з аплаткамі і свечкай Евангелле. Пакласці
для таго, каб, распачынаючы вігілійную вячэру, хтосьці са старэйшых прачытаў урывак з Евангелля ад святога Лукі, з раздзела 2, вершы 1–14.

Услухаемся ж у словы Евангеліста і пастараемся пачуць іх наноў, хоць многія з нас чулі іх ужо шмат разоў. Гэтая Добрая Вестка — для нас. Яна — пра найвялікшы Цуд свету, пра тое, як Бог палюбіў свой народ, гэта значыць, і нас, якія стаім цяпер, у гэтую хвіліну, пры вігілійным стале. А таму і наша супольнае Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… сёння гучаць неяк па-асабліваму. Бо разумеем, што молімся мы ў сваёй хаце адначасна з многімі і многімі хрысціянамі не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце. Народ Божы моліцца ў сваіх хатах свайму Айцу...

Потым — дзяленне аплаткаю. Працягваючы яго па чарзе кожнаму за сталом, перапросім за ўсё нядобрае, што, магчыма, здарылася паміж намі. Гэта асабліва важна ў такі вечар — папрасіць прабачэння ў свайго бліжняга і таксама з глыбіні сэрца прабачыць яму, а таксама ўсім, хто пакрыўдзіў нас. Бо вігілійны стол — гэта стол паяднання, прымірэння, любові. Толькі тады ён будзе па-сапраўднаму адпавядаць сэнсу свята Божага Нараджэння. Пра такі цудоўны сэнс нагадвае нам і адзін лішні прыбор — на той выпадак, калі хтосьці пажадаў бы пастукацца да нас у дзверы ў гэты вечар.

А мо не чакаць доўга з пустой талеркай, а папярэдне запрасіць да сябе на вігілійную вячэру кагосьці з тых, каму ўжо няма з кім дзяліцца аплаткаю ў гэты вечар? Ці, можа, ёсць у нас знаёмыя, якія ўжо не маюць сілы самастойна выйсці з хаты? Тады варта запланаваць гэты вечар так, каб наведаць іх і падзяліцца аплаткаю, а можа, і яшчэ чымсьці да святочнага стала. Толькі такое свята, напоўненае добрынёю і любоўю, адпавядае ягонай сутнасці. Яно можа быць менш зіхоткім, менш напоўненым перадсвяточнаю мітуснёю і рэкламаю, але затое ў такога свята будзе сапраўды высокі сэнс, бо з дабрыні, любові, прабачэння нараджаецца ў нашых душах Езус Хрыстус. Падзякуем жа Яму за гэта тады, калі пасля вігілійнай вячэры мы ўсёй сям’ёй пойдзем на Пастэрку, усведамляючы, што разам з намі ідзе на яе народ Божы ў многіх і многіх краінах свету. Ідуць пастушкі і мудрацы, прафесары і хатнія гаспадыні, ідуць дзеці і старэнькія бабулі ды дзядулі. У Бэтлеем ідзе народ Божы, каб прывітаць свайго Збаўцу. Праз Яго Бог наведаў свой народ.

Ірына Жарнасек

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла