Дзе ў Бібліі сказана, што Бог устанавіў сакрамэнт сужэнства?

На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка.

У Бібліі вельмі шмат тэкстаў, прысвечаных сакрамэнтальнаму значэнню сужэнства. Перад тым, як мы ўзгадаем тэксты Святога Пісання пра сужэнства, успомнім, што значыць само паняцце «сакрамэнт». Як чытаем у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, «сакрамэнты з’яўляюцца дзейснымі знакамі ласкі, устаноўленымі Хрыстом і даверанымі Касцёлу» (ККК, 1131).


Праз іх дзейнічае Сам Езус (ККК, 1127), Які дае неабходныя ласкі, аздараўляючы і перамяняючы чалавека (ККК, 1129). Сакрамэнтальная ласка зыходзіць на прымаючую яе асобу праз сам факт цэлебрацыі сакрамэнта (ex opere operato) пры ўмове, што ён здзяйсняецца згодна з намерам Касцёла (паводле афіцыйна прынятага ў Касцёле спосабу справавання сакрамэнта).

Сакрамэнт сужэнства мае глыбокія біблійныя карані. Ужо на першых старонках Пісання, калі гаворка ідзе пра стварэнне чалавека, падкрэсліваецца, што людзі былі створаныя менавіта як сужэнская пара: мужчына і жанчына (Быц 1, 26; 2, 7), там жа ўзгадваюцца найважнейшыя рысы сужэнства.

Па-першае, яно з’яўляецца духоўнай і фізічнай супольнасцю дзвюх асобаў.

Адам (мужчына) не можа існаваць сам па сабе, яму патрэбна іншая асоба — Ева (жанчына), такая, як ён (Быц 2, 21–22). Стварэнне Богам сужэнскай пары — гэта вельмі мудры, неабходны для людзей спосаб арганізацыі жыцця менавіта як супольнасці (сужэнства і сям’і), якая з’яўляецца асяродкам для рэалізацыі іх духоўных (узаемная падтрымка ў духоўным і асабовым развіцці) і фізічных мэтаў (нараджэнне і выхаванне патомства, матэрыяльная ўзаемадапамога, гаспадаранне над светам Божых стварэнняў (Быц 2, 18; 2, 23; Сір 36, 24)).

Па-другое, сужэнства як сексуальны саюз мужчыны і жанчыны ўвасабляе прыгажосць і геніяльную ўзаемадапаўняльнасць абодвух палоў (Быц 2, 24).

Сярод шматлікіх плюсаў «двайной моцы» сужэнскай пары асаблівае значэнне мае пракрэатыўная роля сексуальнасці (Быц 1, 28. 2). Сексуальная сфера дадзеная мужчыну і жанчыне для таго, каб яны адпаведным чынам праяўлялі ўзаемнае каханне і каб яно прыносіла плады — нараджэнне і выхаванне дзяцей (Быц 1, 28; Пс 127, 3. 128, 3–6). Рэалізоўваючы гэтае Божае заданне, сужэнцы ўдзельнічаюць у стваральнай справе самога Бога (creation continua).

Па-трэцяе, неабходна падкрэсліць рэілігійны характар сужэнства.

Яно ўстаноўленае Богам у момант стварэння першых людзей. Яно ад пачатку паходзіць ад Бога і павінна прыводзіць менавіта да Яго, бо падабенства чалавека да Бога ў шырэйшым сэнсе — гэта падабенства сужэнскай любові як супольнасці асобаў, да Боскай Любові Асобаў Святой Тройцы. Акрамя таго, у Старым Запавеце паняцце сужэнства вельмі часта выкарыстоўваецца як сімвал або параўнанне адносінаў паміж Богам і чалавекам (выбраным народам). Гэтай тэме прысвечана нямала ўвагі, асабліва ў кнігах прарокаў Осіі (Ос 3) і Ераміі (Ер 16).

Тэме сакрамэнтальнасці сужэнства аддаецца шмат увагі і ў Новым Запавеце.

У Евангеллі мы чытаем, што Езус неаднаразова падкрэсліваў важнасць сужэнства і ў яго зямным вымярэнні, і ў адносінах паміж Богам і чалавекам (Мц 19, 6; Ян 2, 1–11). У дыскусіі з фарысеямі Езус адкідвае чыста чалавечае (сацыялагічнае) сузіранне сужэнства і вяртае сваіх слухачоў да першапачатковага, Боскага, сакрамэнтальнага разумення супольнасці жыцця і кахання мужчыны і жанчыны як праяўлення адносінаў паміж Богам і чалавекам (Мк 10, 7). Фактычна Езус заклікае людзей разглядаць сужэнства ў святле Божага плану збаўлення чалавецтва і асяродка для рэалізацыі адносінаў паміж Богам і чалавекам, таму Езус асуджае сужэнскую здраду і падкрэслівае важнасць непарыўнасці сужэнства як саюзу аднаго мужчыны з адной жанчынай.

Вельмі важнае значэнне ў разуменні тэалогіі і сакрамэнтальнасці сужэнства маюць новазапаветныя тэксты апостала Паўла. Умеючы геніяльна проста перадаваць вучэнне Хрыста, Павел усхваляе самыя розныя аспекты сужэнства. Спачатку апостал тлумачыць, што сужэнства мае важнае практычнае значэнне ў зямным жыцці чалавека, а далей ён пераходзіць да раз’яснення збаўчага (сакрамэнтальнага) характару сужэнскай супольнасці. Паводле Паўла, муж і жонка, з’яднаўшыся ў Богу, спрычыняюцца да асвячэння (святасці) і збаўлення адно другога (1 Кар 7, 12.16; Кал 3, 19; Эф 5, 25).

У Пасланні да Эфесцаў апостал Павел называе сужэнства вялікім сакрамэнтам («sacramentum magnum» (Эф 5, 32)). Гэтае Пасланне Апостала з’яўляецца класічнай лекцыяй па тэалогіі і сакрамэнтальнасці хрысціянскага сужэнства, якое ёсць не толькі асяродкам збаўлення чалавека, але павінна быць выразам адносінаў паміж Хрыстом і супольнасцю Касцёла (сімвалічны вобраз Жаніха і Нявесты). Як Хрыстус верны Касцёлу, як Бог верны чалавеку, так і муж з жонкаю павінны быць верныя адно аднаму і Пану Богу ажно да смерці (Эф 5, 25). У вучэнні Новага Запавету сужэнству надаецца велізарнае сакрамэнтальнае значэнне: яно становіцца адмысловым месцам рэалізацыі Божага плану збаўлення, адлюстраваннем Касцёла як асяродка збаўлення. Гэтае біблійнае пакліканне і каштоўнасць хрысціянскага сужэнства падрабязна тлумачацца ў шматлікіх афіцыйных дакументах Касцёла (напр., «Humanae Vitae» (8–11), «Lumen Gentium» (11; 49), «Familiaris consortio» ( 49)).

Вельмі важна, каб католікі звярталіся ў сваіх разважаннях пра сужэнства не да меркаванняў зямных аўтарытэтаў, а да голасу самога Бога і Яго вучэння, запісанага на старонках Святога Пісання і патлумачанага ў шматлікіх дакументах Касцёла.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла