Секс у сужэнстве

Парады а. Ксавэрыя Кнотца

Што цікавага і новага пра секс можа сказаць святар? Такое пытанне задавала сабе я, калі трымала ў руках кнігу а. Ксавэрыя Кнотца «Секс, якога вы не ведаеце. Для сужэнскіх параў, якія любяць Бога». А. Ксавэры тлумачыць, што цікавіцца гэтай тэмай таму, што сёння шмат гавораць пра секс, але, на жаль, рэдка робяць гэта па-хрысціянску. У сужэнскім жыцці секс мае важнае значэнне — такая Божая задума для сужэнцаў. У гэтым артыкуле я хачу падзяліцца некаторымі думкамі а. Кнотца.


Секс у сужэнстве — гэта не грэх

Многія не ўмеюць ставіцца да сексу як да Божага дару і, на жаль, асацыіруюць яго з брудам і грахом. Прычынаю такога погляду на секс з’яўляецца няправільная трактоўка фрагмента Святога Пісання з Нагорнай пропаведзі: «Вы чулі, што сказана: „Не чужалож“. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім» (Мф 5, 27–28). Многія думаюць, што нельга нават паглядзець на асобу іншага полу, нават падумаць, што ён або яна падабаецца. Вядома, што мужчына найлепш успрымае жанчыну вачыма, і, калі яна падабаецца яму, у яго можа нарадзіцца жаданне дакрануцца да яе, пацалаваць і г.д. Жанчына, сустракаючы сімпатычнага, прыемнага мужчыну, найперш прагне пачуцця бяспекі і чуласці, таму можа падумаць аб блізкасці. Але гэта не азначае, што яны зграшылі ў думках. Грэх — гэта акт волі. Калі нашае прагненне любові мы ўспрымаем як грэх, то можна падумаць, што, чым большую прыемнасць мы адчуваем, тым больш мы аддаляемся ад Бога праз грэх. На шчасце, Езус не забараніў нам захапляцца іншым чалавекам. Ён не хоча, каб мы былі асексуальнымі і не перажывалі ніякіх жаданняў. Любоў і сексуальнасць паходзяць ад Бога. Бог прысутнічае ў сакрамэнце сужэнства. Сакрамэнты — гэта знакі, праз якія Бог прамаўляе да нас. Як і ў кожным сакрамэнце, у сужэнстве прысутны Бог. Бачны знак сакрамэнту сужэнства — самі сужэнцы (мужчына і жанчына), якія разам перажываюць гора і радасць, спяць у адным ложку. Нябачная ласка — гэта сувязь паміж сужэнцамі. Можна разам маліцца кожны дзень, каб узмацняць гэтую сувязь. Сувязь — гэта воля трываць разам, і ў такім разуменні сувязі прысутнічае Хрыстус, як у сакрамэнце. Бог прысутнічае ў сексуальным акце сужэнцаў, бо падчас яго яны перажываюць глыбокую лучнасць.

Сужэнскі секс — прыгожая мелодыя

Сужэнскі акт нельга аддзяляць ад іншых дзеяў, якія здараюцца на працягу дня. Калі на працягу дня муж абражае жонку, а вечарам, пасля футбольнага матчу, захоча сексуальнай блізкасці, ён можа не памятаць, што грубіў жонцы, але яна будзе памятаць ўсё і не адчуе запрашэння да блізкасці як праяву любові. Каб секс быў заўсёды добры, трэба штодзённа клапаціцца пра добрыя  ўзаемаадносіны, але таксама важна клапаціцца пра сам сужэнскі акт, напрыклад, ствараць бяспечную, рамантычную атмасферу. Трэба ўсведамляць, што патрэбы мужчыны і жанчыны розныя. Важна падрыхтаваца да сексуальнага збліжэнння: трэба быць прывабнымі і адно для аднога. Калі хтосьці любіць пэўны пах, можна выкарыстоўваць для стварэння больш рамантычнай атмасферы духі. Гэтыя дробязі не вырашаюць сур’ёзных праблемаў у сям’і, але яны дапамагаюць лучнасці сужэнцаў, бо жыццё складаецца з дробязяў. Нельга атаясамляць сужэнскую лучнасць толькі з сексам, але таксама нельга адмаўляць яго значэння. Перажыванне адзінства адбываецца ў сексуальным акце мужа і жонкі. Секс здымае напружанне і прыносіць задавальненне ад магчысмасці быць разам. Мы ведаем, што Бог стварыў чалавека, але пры гэтым часцей маем на ўвазе вочы, вусны, рукі і г. д., але рэдка думаем пра палавыя органы. Гэта Божая задума, што падчас акту сужэнцы не толькі могуць зачаць дзіця, але і адчуваюць прыемнасць, задавальненне, перажываюць аргазм. Многія хрысціяне думаюць, што пошук прыемнасці і задавальнення—гэта эгаізм, бо хрысціянін павінен браць крыж на свае плечы і цярпліва несці яго. Сексуальнае жыццё ў сужэнстве — гэта мелодыя на фартэпіяна, і розныя клавішы на ім даюць розныя гукі. Сярод гэтых клавішаў — і шуканне прыемнасці, і радасць быць побач з каханым чалавекам, перажыванне інтымнасці, даверу, адчуванне бяспекі, адказнасці, а таксама ўдасканаленне тэхнікі (як лепш цалавацца, песціць, якія выбраць сексуальныя позы). Задача ў тым, каб разам стварыць гарманічную мелодыю. Чым больш багатая мелодыя, тым больш сужэнская пара ўзрастае ў святасці. Людзі, якія не кахаюць, а проста займаюцца сексам, граюць на адной клавішы.

Калі трэба ўстрымлівацца ад сексу?

Некаторыя думаюць,  што падчас цяжарнасці не можа быць блізкасці, але гэта няпраўда. На пачатку цяжарнасці і непасрэдна перад родамі медыкі раяць устрымацца, а ў іншы час — як мага больш трэба быць разам!

Ёсць католікі, якія лічаць, што падчас посту трэба ўстрымлівацца ад сексуальнага жыцця, але такія абмежаванні не маюць сэнсу. Не трэба злучаць пост і сексуальнае жыццё — лепш абмежаваць ежу або інтэрнэт.

Сужэнцы павінны вывучаць метады планавання сям’і. Мужчына заўсёды плодны, але яго нельга стэрылізаваць. Жанчына плодная цыклічна, але нельга парушаць яе жаночасці праз кантрацэпцыю. Калі з паважных прычынаў сужэнцы адкладваюць зачацце дзіцяці, яны павінны выкарыстоўваць для блізкасці няплодныя фазы. Некаторым здаецца, што прэзерватыў — гэта добрае выйсце, але ён не вырашае праблемы. Перарваны сужэнскі акт разрывае сужэнскую сувязь. Аральны секс таксама не спрыяе лучнасці сужэнцаў: трэба адкрываць прыгажосць натуральнай любові і тады стане зразумелым, што прэзерватыў ці перарваны палавы акт — гэта эгаізм, які прыводзіць да граху перад Богам і чалавекам.

Не пытайце, што можна ў сужэнстве, а чаго нельга. Запытайцеся ў сябе, што рабіць, каб сужэнская сувязь была больш трывалая, каб усё больш і больш любіць адно аднаго.


Падрыхтавала Людміла Бурлевіч.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла