Марыйны дзень з Папам

Ватыкан рыхтуецца да Марыйнага дня з удзелам Папы і марыйных аб’яднанняў з усяго свету. Святкаванне супадзе з 96-й гадавінай фацімскіх аб’яўленняў. Іх кульмінацыяй 13 кастрычніка стане прысвячэнне папам Францішкам свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З гэтай нагоды ў Ватыкан будзе прывезеная статуэтка Маці Божай Ружанцовай з Капліцы аб’яўленняў, якая знаходзіцца ў марыйным санктуарыі ў Фаціме. Марыйны дзень пройдзе ў межах абвешчанага Бэнэдыктам XVI Году веры.

Двухдзённыя ўрачыстасці распачнуцца раніцаю 12 кастрычніка пілігрымкаю да магілы апостала Пятра, пасля чаго адбудзецца эўхарыстычная адарацыя, спалучаная з сакрамэнтам паяднання. У другой палове дня на Плошчу святога Пятра прыбудзе фігурка Маці Божай Фацімскай. У гэты час папа Францішак прачытае марыйнае разважанне. Наступным этапам перэгрынацыі будзе прыбыццё фігуркі ў марыйны санктуарый Divino Amore, які знаходзіцца пад Рымам. Там пры выкарыстанні спада­рож­нікавай сувязі з марыйнымі санктуарыямі ва ўсім свеце адначасова будзе прачытаны Ружанец. Затым адбудзецца начное малітоўнае чуванне.

У нядзелю раніцаю статуэтка вернецца на Плошчу святога Пятра, дзе папа Францішак будзе служыць урачыстую Эўхарыстыю. Падчас літургіі па прыкладзе сваіх папярэднікаў ён прысвеціць свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэты акт, аб якім Марыя прасіла падчас аб’яўленняў у 1917 годзе, упершыню здзейсніў папа Пій ХІІ, а далей — Павел VI і Ян Павел ІІ.

Да гэтага часу фігурка Маці Божай Фацім­скай дзевяць разоў пакідала Капліцу аб’яўленняў. 

У Ватыкане яна апошні раз была падчас Вялікага юбілею ў 2000 годзе, калі Ян Павел ІІ даручыў Марыі новае тысячагоддзе. На гэты раз фігурка прыбудзе ў Ватыкан, таму што для Святога Айца важна, каб асаблівым сімвалам Марыйнага дня была адна з выяваў Маці Божай, найбольш значная для хрысціянаў ва ўсім свеце. «З гэтай нагоды мы падумалі пра арыгінальную фігуру Маці Божай Фацімскай», — падкрэсліў арцыбіскуп Рыно Фізікелла, які ўзначальвае Папскую раду па новай евангелізацыі, што з’яўляецца арганізатарам святкавання Году веры.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней