З «Дзённіка»

Агульны змест

Працяг. Пачатак у № 3 за 2011 г.

1264 [22] Акт поўнага аддання сябе Божай волі, якая для мяне — сама любоў і сама міласэрнасць.

Акт ахвяравання

Езу, Гостыя, якога я ў гэтую хвіліну прыняла ў сваё сэрца, і ў гэтым паяднанні з Табою я ахвярую сябе як ахвярную гостыю нябеснаму Айцу, цалкам і поўнасцю аддаючы сябе найміласэрнейшай святой волі майго Бога. З сённяшняга дня Твая воля, Пане, — гэта мая спажыва. Вось уся мая істота, распараджайся мною паводле сваіх Боскіх жаданняў. Што ні падасць мне Твая айцоўская рука, я прыму з пакораю, спакоем і радасцю. Я не баюся нічога, як бы Ты мною ні пакіраваў; з дапамогаю Тваёй ласкі я выканаю ўсё, што Ты ад мяне запатрабуеш. Ужо цяпер я не палохаюся ніякіх Тваіх натхненняў і [23] не разважаю з трывогаю над тым, куды яны мяне прывядуць. Вядзі мяне, о Божа, тымі шляхамі, якімі Ты хочаш; я цалкам даверылася Тваёй волі, якая для мяне — сама любоў і сама міласэрнасць. Калі Ты загадваеш мне застацца ў гэтым кляштары, я застануся; калі загадваеш узяцца за гэтую справу, я вазьмуся; будзь благаслаўлёны, калі да смерці пакінеш мяне ў няпэўнасці адносна гэтай справы; будзь благаслаўлёны, калі спашлеш мне смерць тады, калі ў чалавечым разуменні будзе здавацца, што маё жыццё найбольш патрэбнае. Будзь благаслаўлёны, калі забярэш мяне маладою; будзь благаслаўлёны, калі дасі мне дачакаць сталага веку; будзь благаслаўлёны, калі дасі мне здароўе і сілы; будзь блага­слаўлёны, калі хваробаю прыкуеш мяне да ложка хоць і на ўсё жыццё; будзь блага­слаўлёны, калі дасі мне ў жыцці адны расчараванні і няўдачы; будзь благаслаўлёны, калі дапусціш, каб мае самыя чыстыя інтэнцыі былі асуджаныя; будзь благаслаўлёны, калі дасі святло майму розуму; будзь благаслаўлёны, калі пакінеш мяне ў цемры і ў самых розных [24] мучэннях. З гэтай хвіліны я жыву ў найглыбейшым спакоі, бо сам Пан нясе мяне на сваіх руках. Ён, Пан неспасцігальнай мі­ласэрнасці, ведае, што ва ўсім, заўсёды і ўсюды я прагну Яго аднаго.

1265 Малітва. О Езу, рас­пяты на крыжы, малю цябе, 

удзялі мне ласку, каб заўсёды і ўсюды я ва ўсім верна выконвала найсвяцейшую волю свайго Айца. А калі гэтая Божая воля будзе здавацца мне цяжкаю і непасільнаю для выканання, то малю Цябе, Езу, няхай з Тваіх ранаў выплыве для мяне сіла і моц, а мае вусны няхай паўтараюць: «Будзь воля Твая, Пане». О Збаўца свету, Заступнік людскога збаўлення, які ў такіх страшных цярпеннях мукі забываеш пра сябе і думаеш пра збаўленне душаў, найлітасцівейшы Езу, удзялі мне ласку забываць пра сябе, каб я цалкам жыла для душаў, дапамагаючы Табе ў справе збаўлення згодна з найсвяцейшаю воляю Твайго Айца…

1266 [25] 05.09. [1937]1. Пан даў мне зразумець, як моцна мяне абараняе дарагая маці настаяцельніца перад… сваёю малітваю ды й учынкамі. Дзякую Табе, Езу, за гэтую ласку, гэта не застанецца ў маім сэрцы без удзячнасці; калі я прабываю з Езусам, я не забываю пра яе.

1267 06.09.1937. Сёння мне змянілі абавязкі, скіраваўшы з саду ў пустыню пры браме2. Я пайшла на хвіліну паразмаўляць з Панам, прасіла Яго аб благаслаўленні і ласцы для вернага выканання даручанага мне абавязку. Я пачула словы: Дачка Мая, Я заўсёды з табою; Я даў табе магчымасць практыкавацца ў справах міласэрнасці, якія ты будзеш выконваць паводле паслухмянасці. Ты зробіш Мне вялікую прыемнасць, калі штодня вечарам па­размаўляеш са Мною ў прыватнасці пра гэты абавязак. Я адчула, што Езус даў мне новую ласку для такога даручэння, але, нягледзячы на гэта, я глыбей схавалася ў Яго Сэрцы.

1268 [26] Сёння я адчувала сябе больш хвораю, але Езус даў мне сёння большую магчымасць для практыкавання ў цноце. Так склалася, што мой абавязак аказаўся больш цяжкім. Сястра на кухні выказала мне сваю незадаволенасць з прычыны таго, што я спазнілася на абед, хоць раней прыйсці я ніяк не магла. Але я адчувала сябе так дрэнна, што была вымушана папра­сіць маці настаяцельніцу, каб яна дазволіла мне легчы. Я пайшла папрасіць сястру N., каб яна падмяніла мяне ў маіх абавязках; і зноў мяне чакала бура: «Што ж гэта, сястра, цябе так стаміла, што ты зноў ідзеш легчы? А няхай вас ужо з гэтым ляжаннем». Я выслухала ўсё гэта, але на тым не скончылася, мне трэба было пайсці папрасіць сястру, якая абслугоўвае хворых, каб прынесла мне есці. Калі я сказала ёй пра гэта, яна выскачыла за мною з капліцы ў калідор, каб выказаць тое, што яна адчувала: «Навошта ты, сястра, кла­дзешся…» і гэтак далей… Я папрасіла яе, каб яна мне ўжо нічога не прыносіла [27]. Я пішу пра гэта вельмі коратка, бо не збіраюся пра такія рэчы пісаць, але раблю гэта дзеля таго, каб з іншаю душою так не абыходзіліся, бо гэта не падабаецца Пану. У церпячай душы мы павінны бачыць 

укрыжаванага Езуса, а не дармаеда і абузу для супольнасці. Церпячая душа, якая падпарадкуецца Божай волі, больш здабывае Божага благаслаўлення для кляштара, чым усе сёстры, якія працуюць. Бедны той дом, дзе няма хворых сясцёр. Іншы раз Бог удзяляе шмат вялікіх ласкаў з увагі на церпячыя душы і аддаляе многія кары толькі дзеля церпячых душаў.

1269 О мой Езу, калі ж мы будзем глядзець на душы з вышэйшых меркаванняў? Калі нашы прысуды будуць праўдзівымі? Ты даеш нам магчымасць практыкавацца ва ўчынках міласэрнасці, а мы практыкуемся ў асуджэннях. Каб пераканацца, ці квітнее Божая любоў у манаскім доме, трэба запытаць, як там абыходзяцца з хворымі, калекамі і бездапаможнымі.

1270 [28] 10.09.[1937]. У часе разважання я зразумела, што чым чысцейшая душа, тым яе зносіны з Богам больш духоўныя; яна мала зважае на пачуцці і іх пратэсты. Бог — гэта Дух, таму я люблю Яго ў духу і праўдзе.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 

Працяг будзе.

 

1 Аўтарка памылкова напісала да­ту: 05.08. замест 05.09.

2 Брамніца з увагі на характар аба­вязкаў заставалася значную частку дня па-за супольнасцю сясцёр, таму сястра Фаўстына называе браму «пустыняй».

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла