Ахвярнасць узнагароджваецца Божаю ласкаю

Вось ужо 12 гадоў католікі Беларусі маюць магчымасць удзельнічаць у святой Імшы, якая транслюецца кожную нядзелю ў прамым эфіры Беларускага радыё. Гэта вялікая Божая ласка для хворых людзей і тых, хто жыве далёка ад касцёла. Каб цэлебраваць св. Імшу па радыё, у мінскую архікатэдру прыязджаюць ксяндзы з розных парафій Беларусі і толькі ня­зменным застаецца той, хто тэхнічна дапамагае здзяйсняць гэтую святую справу: Аляксандр Міхайлавіч Хаменка, су­працоўнік Белтэлерадыёкампаніі, інжынер, начальнік участка перасовачных сродкаў.

Наш карэспандэнт сустрэлася з Аляксандрам Міхайлавічам адразу пасля нядзельнай святой Імшы ў радыёкласе, пад які абсталявана адно з памяшканняў у мінскай архікатэдры. Ён быў вельмі здзіўлены і сказаў, што ніякай цікавасці для нашага часопіса не мае. І тым не менш нам удалося з ім паразмаўляць.

— Аляксандр Міхайлавіч, праца ў архікатэдры — гэта Ваш уласны выбар альбо яе Вам даручыла кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі?

— Думаю, што 50 на 50. Наша кіраўніцтва прапанавала мне гэтую працу як вопытнаму спецыялісту: я больш за 10 гадоў ад­працаваў на прамых трансляцыях з пасяджэнняў Вярхоўнага Савету. Гэта былі штодзённыя эфіры па 8 гадзінаў у дзень. Трансляцыя святой Імшы — таксама і мой выбар, бо душа гэтага па­трабавала. А па сутнасці, я думаю, гэта быў выбар Бога.

— Для Вас гэта больш праца ці служэнне?

— Хутчэй за ўсё — служэнне. Скажу нават, што гэта мой крыж. Я чалавек вельмі адказны: калі бяруся за нейкую справу, стараюся выконваць яе добра, ня­гледзячы ні на што. Амаль 12 гадоў кожную нядзелю нязменна еду раніцаю ў архікатэдру, каб дапамагчы святарам несці па радыё людзям Божае слова. Ужо даўно не планую ніякіх заняткаў на выходныя дні, бо ў ня­дзелю трэба вельмі рана ўставаць. Не магу сабе дазволіць больш працяглы адпачынак. Карацей кажучы, пастаянна трэба ад нечага адмаўляцца. Вось сёння, напрыклад, я ўвогуле амаль што не спаў, бо ноччу быў на рэпетыцыі параду, прысвечанага Дню незалежнасці. 

Прызнаюся, што адчуваю пэўную асалоду ад гэтай працы. Разумею, што яна вельмі па­трэбная людзям, якія не могуць прыехаць у касцёл, асабліва  хворым, якія знаходзяцца дома альбо ў шпіталях. Ведаю гэта на прыкладзе роднай цёткі маёй жонкі. Цёця Юзэфа сваё жыццё ахвяравала Хрысту, жыла ў самоце, шмат малілася. Калі была здаравейшаю, хадзіла пехатою альбо ездзіла на веласіпедзе ў рубяжэвіцкі касцёл. Калі ж сур’ёзна захварэла, чакала з вялікай нецярплівасцю нядзелі, каб памаліцца на святой Імшы, што транслюецца па радыё. Не раз чуў і ад іншых людзей, што яны гэтым жывуць. Многія перажываюць падчас радыё-Імшы асаблівыя ласкі, маючы магчымасць у цішыні, калі ніхто не перашка­джае, сам-насам сустракацца з Богам. Гэта не можа не радаваць і мяне як чалавека, які хоць крыху спрычыняецца да шчасця іншых.

— Нашыя высілкі, старанні, тым больш нашая ахвярнасць заўсёды ўзнагароджваюцца Божаю ласкаю. Вы яе адчуваеце ў сваім жыцці?

— Безумоўна. З першых дзён маёй працы ў архікатэдры было адчуванне таго, што я  ў сябе до­ма. Духоўна было вельмі камфортна. З касцёла іду, нібы крылы за плячыма! Мая праца ў архікатэдры падштурхнула і маю жонку часцей бываць у касцёле. Яна з каталіцкай сям’і, але веру не практыкавала. Я сам у маленстве быў ахрышчаны ў права­слаўнай царкве. Мой тата, святой памяці, быў непрактыкуючым католікам, а мама — праваслаўная.  Пяць гадоў таму на свой 25-гадовы юбілей сумеснага жыцця мы з жонкаю ўзялі шлюб у касцёле. Я прыняў каталіцкую веру. Дзеці  нашыя  вельмі радаваліся, бо і сын, і дачка, і ўнук ахрышчаныя ў касцёле. У адзін голас яны сказалі: «Як добра, што ўсе мы цяпер адной ве­ры!». Рашэнне маё было абдуманым і можна нават сказаць выпакутаваным. Я часта задумваўся над балючым пытаннем: «Ча­му мы, хрысціяне, падзеленыя?». Потым сам сабе адказаў: «Гэта як у той сям’і, дзе двое дзяцей называюць бацьку па-рознаму — адзін «татам», другі «папай», але сутнасць ад гэтага не мяняецца. Галоўнае, што ў цябе ў сэрцы». Маё сэрца больш цягнулася ў касцёл. 

— Прамая трансляцыя святой Імшы па радыё — гэта вельмі адказная справа. Ці ўзнікаюць у Вас нечаканыя праблемы альбо нейкія збоі?

— Як вядома, прафесіянал адрозніваецца ад непрафесіянала тым, што першы пралічвае ўсё, што трэба прадпрыняць, калі здарыцца нейкі збой, і што рабіць, каб яго не было, а калі нават і здарыцца, то каб слухачы гэтага не заўважылі. І ўсё ж аднойчы ў нас была кур’ёзная сітуацыя. У архікатэдры тады працаваў ксёндз Аляксандр Барыла, які павінен быў цэлебраваць св. Імшу ў прамым эфіры, аднак напярэдадні тут працавалі сувязісты і раскамуціравалі лініі. Я аб гэтым не ведаў. Раніцаю зрабіць што-небудзь было ўжо немагчыма. І вось да эфіра за­стаецца 10 хвілін, а мы з ксян­дзом Аляксандрам паляцелі на яго машыне ў Дом радыё. Я дамовіўся, каб святар там змог адслужыць святую Імшу. З намі быў хлопец міністрант, ён і адказваў ад імя парафіянаў на словы ксяндза. Дзякуй Пану Богу, што радыёслухачы ў тую нядзелю не засталіся без Божага слова.

— Дзякуй і Вам, Аляксандр Міхайлавіч, за размову, а таксама за гэта вельмі важнае служэнне на патрэбу людзям і на хвалу Пану Богу.

Размаўляла Галіна Калевіч.

Фота аўтара.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла