Сredo: «Чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця вечнага ў будучым свеце. Амэн».

Мікеланджэла на фрэсках Сікстынскай капліцы дасканала намаляваў сцэну Апошняга Суда. І мноства іншых знакамітых мастакоў паводле свайго ўяўлення адлюстравалі на карцінах і сценах святыняў выяву Апошняга Суда, пра які мы чытаем у Евангеллі (гл. Мц 25, 31–46). Нам невядомы дзень канца свету, калі наш Пан прыйдзе разам са святымі і анёламі ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых. Але які ж радасны будзе гэты дзень для тых, каго Езус назаве сваімі сябрамі і братамі, і які страшны будзе для тых, хто свядома адкінуў ласку міласэрнасці, памёр у грахах супраць Святога Духа. Будзем маліцца, каб як найменш было «казлоў, якіх Пан аддзеліць ад авечак». Не забываймася таксама пра малітву за тых, хто яшчэ знаходзіцца ў чыстцы.

Дзень Апошняга Суда, які стане днём «уваскрашэння памерлых», як кажа нам Сімвал веры, стане і днём падсумавання гісторыі чалавецтва. Гэта будзе час сінтэзу дабра і зла. Адны атрымаюць уваскрасенне збаўлення, іншыя — уваскрасенне загубы. З зямнога праху ўваскрэснуць усе людзі, якія жылі на зямлі, пачынаючы ад Адама і Евы (гл. 1 Кар 15). Усе людзі, чые душы прабываюць у небе і ў пекле, ізноў атрымаюць цела. Збаўленыя атрымаюць праслаўленыя целы, якія стануць абагаўлёнымі святынямі Святой Тройцы. Загубленыя ж атрымаюць целы, сапсаваныя грахом, гідкія, як і іх няправедныя душы. Напэўна, іх целы стануць святынямі нячыстага духа і такімі застануцца на ўсю вечнасць (гл. Мк 9, 43).

Гэта сапраўды ўражвае! Калі мы думаем пра трагедыю загубленых людзей, няхай у нас абудзіцца патрэба кожны дзень маліцца аб навяртанні грэшнікаў і за ўсіх канаючых, бо дзякуючы малітве і пакуце мы можам выпрасіць ласку навяртання для грэшнікаў. Дзякуючы ласцы Божай мы можам і дапамагчы канаючым у апошнія хвіліны іх жыцця. Так адбылося з добрым злачынцам, які, адыходзячы з гэтага свету, адкрыўся на прабачэнне міласэрнага Бога. Мноства людзей кожны дзень трагічна гіне або раптоўна памірае, пакідае свет. І менавіта таму праўда веры аб уваскрашэнні памерлых пабуджае чалавечыя сэрцы маліцца за паміраючых, каб Бог прывёў да навяртання і перамяніў зацвярдзелыя сэрцы тых, хто жыве ў нязгодзе з Ім і з іншымі людзьмі. Я не сумняваюся ў тым, што за паміраючых ва ўсіх кутках свету можна ахвяроўваць Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пан Езус абяцаў святой сястры Фаўстыне, што, молячыся такім чынам пры канаючых, можна выпрасіць для іх збаўленне. Для Божай ласкі не мае значэння адлегласць, таму мы часта молімся за тых, хто памірае ў гэтае імгненне, дзе б гэтыя людзі ні знаходзіліся.

«Уваскрашэнне памерлых» — гэта таксама дар Божы, якім стануць новая зямля і новае неба (гл. 2 П 3, 13), «каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі» (Эф 1, 10). Гэта таямніца, якая для збаўленых стане вялікаю нечаканасцю, вечным цудоўным здзіўленнем, якім адорыць нас Бог — Любоў. Вернікі слушна моляцца аб шчаслівай хвіліне смерці, бо ад гэтага залежыць, ці далучыць нас Збаўца да тых, хто атрымае вечнае шчасце. Малітва «Вітай, Марыя» падтрымлівае ў нас гэтую надзею, асабліва словамі «маліся за нас, грэшных… у хвіліну смерці нашай». Таму ўсё нашае жыццё, і найперш гадзіна смерці — гэты асаблівы момант нашага адыходу з жыцця — будзе мець вырашальнае значэнне для таго, ці мы будзем адораныя праслаўленым целам, калі Бог уваскрасіць нас у свой час, і для таго, якая вечнасць чакае нас — з Ім ці без Яго?

Зразумела, што мы прагнем і далей будзем прагнуць, супрацоўнічаючы з Богам, каб цэлая вечнасць стала для нас вечнасцю прабывання ў праслаўленым целе ў прысутнасці Бога, анёлаў і збаўленых людзей. Таму няхай слова «амэн», якім мы завяршаем вызнанне веры, будзе выразам нашай надзеі, бо яно азначае: «так я веру, няхай так станецца». Прамаўляйма ж гэтае «амэн» з усім усведамленнем яго сэнсу, не аўтаматычна, а з моцным перакананнем, што Бог у сваёй вернасці хоча, каб усе Ягоныя абяцанні споўніліся ў жыцці кожнага верніка. 


Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла