Сыходзіць з Хрыста

Прамова Святога Айца Францішка да ўдзельнікаў Міжнароднага катэхетычнага кангрэса па катэхэзе (27 верасня 2013 г.)

Скарочаная версія надрукаваная ў AM №11, 2013.

Дарагія катэхеты, добры вечар.

Я цешуся, што гэтая сустрэча для вас адбываецца ў Год веры: катэхеза — гэта падмурак навучання веры, і нам патрэбныя добрыя катэхеты. Дзякуй за гэтае служэнне Касцёлу і ў Касцёле. Хоць часама гэта можа быць цяжка і патрабуе шмат працы і вялікіх высілкаў, хоць пажаданых вынікаў часам не бачна, навучаць веры — гэта прыгожа. Напэўна, вера — найлепшая спадчына, якую мы здольныя пакінуць. Настаўляць у веры, каб яна ўзрастала, дапамагаць дзецям, падлеткам, моладзі і дарослым усё больш пазнаваць і любіць Пана — гэта адна з найпрыгажэйшых прыгодаў у навучанні, і на гэтым будуецца Касцёл. Быць катэхетамі. Не працаваць катэхетамі — гэта не тое. Нехта працуе катэхетам, бо яму падабаецца навучаць... Але калі ты не можаць быць катэхетам, гэта нічога не варта! Ты не будзеш прыносіць плёну. Катэхет — гэта пакліканне: «быць катэхетам» — гэта пакліканне, а не працаваць катэхетам. Увага! Я сказаў не «працаваць» катэхетам, а быць ім, таму што «быць» уключае ўсё жыццё. Да сустрэчы з Хрыстом вядуць словы і жыццёвае сведчанне. Узгадайце, што казаў нам Бэнэдыкт XVI: «Касцёл не пашыраецца з дапамогаю празелітызму. Ён пашыраецца праз прывабнасць». А прываблівае — сведчанне. Быць катэхетам — значыць даваць сведчанне веры, быць паслядоўным ва ўласным жыцці. А гэта не лёгка. Гэта не лёгка! Дапамагайма, кіруйма да сустрэчы з Езусам словамі і жыццём, сведчаннем. Мне падабаюцца словы, з якімі святы Францішак з Асізі звярнуўся да сваіх братоў: «Заўжды абвяшчайце Евангелле, і, калі будзе патрэбна, нават з дапамогаю словаў». Словы прамаўляюцца... але найперш ідзе сведчанне: няхай людзі бачаць у вашым жыцці Евангелле, змогуць прачытаць Евангелле. Быць катэхетам — азначае любіць, усё мацней любіць Хрыста, любіць яго святы народ. Гэтую любоў не купіць у крамах, не купіць нават тут, у Рыме. Гэтая любоў сыходзіць ад Хрыста! Гэта дар Хрыста! І калі яна сыходзіць ад Хрыста, вынікае з Хрыста, мы павінны сыходзіць з Хрыста, з той любові, якую Ён дае нам.

Што азначае сыходзіць з Хрыста для катэхета, для вас і таксама для мяне, бо і я з’яўляюся катэхетам? Што гэта значыць?

Я назаву тры рэчы: першую, другую і трэцюю, як робяць старыя езуіты... Раз, два, тры.

Першае. Перадусім, сыходзіць з Хрыста — значыць быць з Ім у сяброўстве, мець з Езусам блізкія адносіны: Хрыстус асабліва робіць націск на гэтым, звяртаючыся да вучняў падчас Апошняй Вячэры, калі рыхтуецца ажыццявіць найвышэйшы дар любові, ахвяру крыжа. Езус выкарыстоўвае вобраз вінаграднай лазы і галінаў, кажучы: «Заставайцеся ў Маёй любові, заставайцеся са Мною ў еднасці, як галіны, злучаныя з вінаграднаю лазою». Калі мы з’яднаемся з Ім, здолеем прынесці плён — гэта і ёсць блізкія адносіны з Хрыстом. Заставайцеся ў Езусе! Гэта значыць — заставайцеся ў еднасці з Ім, у Ім, разам з Ім, размаўляючы з Ім: заставайцеся ў Езусе.

Дзеля вучня першая справа — быць з Настаўнікам, слухаць Яго, вучыцца ў Яго. Гэта заўжды вартае таго, гэта шлях, які працягваецца ўсё жыццё. Я ўзгадваю, як шмат разоў бачыў, яшчэ калі працаваў у іншай дыяцэзіі, як катэхэты выходзілі з катэхетычнай семінарыі пасля вучобы: «Цяпер я атрымаў пасаду катэхета!». Гэта пустое, у цябе нічога няма, ты зрабіў маленькі крок. Хто табе дапаможа? Вось тое, што заўжды будзе мець вартасць! Не пасада, а дзеянне: быць з Ім, і гэта доўжыцца ўсё жыццё. Гаворка ідзе пра тое, каб прабываць у Божай прысутнасці, дазволіць, каб Ён глядзеў на цябе. І я пытаюся ў іх: як вы прабываеце ў прысутнасці Божай? Калі заходзіце ў касцёл, глядзіце на табэрнакулюм, што вы робіце? Без словаў... Але я гавару і гавару, думаю, разважаю, адчуваю... Вельмі добра! Але ці дазваляеш ты Пану глядзець на цябе? Як гэта робіцца? Ты глядзіш на табэрнакулюм і дазваляеш глядзець на сябе... Вось так проста. Гэта нуднавата, я засынаю... Дык засынай, засынай! Ён будзе ў любым выпадку глядзець на цябе, усё адно будзе глядзець на цябе. Але ў цябе будзе ўпэўненасць, што Ён глядзіць на цябе. І гэта нашмат важней, чым пасада катэхета: гэта частка таго, каб менавіта быць катэхетам. Гэта сагравае сэрца, падтрымлівае агонь сяброўства з Панам, дае адчуванне, што Ён сапраўды глядзіць на цябе, знаходзіцца з табою побач і любіць цябе. Неяк падчас адной з візітацый тут у Рыме на святой Імшы да мяне падышоў мужчына, досыць малады, і сказаў: «Ойча, я цешуся, што сустрэў Вас, але сам ні ўва што не веру. У мяне няма дару веры». Ён разумеў, што гэта дар. «У мяне няма дару веры. Што Вы мне скажаце?». «Не падай духам. Ён любіць цябе. Дазволь Яму глядзець на цябе. І толькі». Кажу тое самае і вам: дазвольце Пану глядзець на вас. Я разумею, што для вас гэта будзе не так проста: цяжка знайсці шмат часу, каб правесці яго ў спакоі, асабліва калі ў вас ёсць муж або жонка і дзеці. Але, дзякуй Богу, не абавязкова, каб усе рабілі гэта аднолькава; у Касцёле існуе мноства пакліканняў і мноства формаў духоўнасці. Важна знайсці зручны для вас спосаб прабываць з Богам, а гэта можна зрабіць, гэта магчыма ў любым жыццёвым становішчы. Цяпер кожны можа спытаць сябе: як я ажыццяўляю гэтае прабыванне з Езусам? Вось пытанне, якое я пакідаю для вас: як я ажыццяўляю гэтае прабыванне з Хрыстом, трыванне разам з Ім? Ці бываюць імгненні, калі я станаўлюся ў Ягонай прысутнасці, у цішыні, і дазваляю Яму глядзець на мяне? Ці дазваляю я, каб Яго агонь запаліў маё сэрца? Калі ў нашых сэрцах няма Божага цяпла, Яго любові, Яго пяшчоты, як мы, бедныя грэшнікі, можам запаліць сэрцы іншых людзей? Падумайце пра гэта.

Другі пункт — два — заключаецца ў наступным: сыходзіць з Хрыста азначае наследаваць Яго ў тым, каб адыходзіць ад сябе, ідучы насустрач іншаму. Гэта прыгожы і крыху парадаксальны досвед. Чаму? Таму што чалавек, які ставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця, сам перастае быць гэтым цэнтрам. Чым больш ты яднаешся з Езусам і Ён становіцца цэнтрам твайго жыцця, тым больш Ён прымушае цябе адыходзіць ад сябе, дэцэнтралізуе і адкрывае цябе для іншых людзей. У гэтым заключаны сапраўдны дынамізм любові, гэта дзеянне самога Бога. Бог — гэта цэнтр, але Ён заўжды прыносіць у дар сябе, адносіны, жыццё, якое перадае... Гэтаксама чынім і мы, калі застаемся ў еднасці з Хрыстом: Ён прымушае нас далучыцца да гэтай дынамікі любові. Там, дзе ёсць сапраўднае жыццё ў Хрысце, ёсць адкрытасць на іншага чалавека, ёсць адыход ад сябе, каб ісці насустрач іншаму у імя Хрыста. Гэта задача катэхета: няспынна адыходзіць ад сябе, каб даць сведчанне пра Езуса, гаварыць пра Езуса, прапаведаваць Езуса. Гэта важна, таму што так робіць Пан: Ён сам прыспешвае нас ісці далей.

Сэрца катэхета заўжды жыве ў гэтым рытме «сісталы-дыясталы» — еднасць з Хрыстом і сустрэча з іншым чалавекам. Дзве рэчы: я яднаюся з Езусам і выходжу насустрач іншым. Калі аднаго з гэтых дзеянняў бракуе, сэрца ўжо не б’ецца, не жыве. Атрымаўшы дар керыгмы, трэба ў сваю чаргу прапанаваць яго ў дар. Гэткае слоўца: дар. Катэхет усведамляе, што атрымаў дар, дар веры, і дае яго ў дар іншым. І гэта прыгожа. На ўласную карысць не пакідаецца працэнтаў! Усё, што атрымліваеш, усё аддаеш. Гаворка не ідзе пра камерцыю. Гэта не купля-продаж, гэта чысты дар: дар атрыманы і перададзены. І катэхет знаходзіцца ў гэтай кропцы абмену дароў. Прырода керыгмы наступная: гэта дар, які стварае місію, заўжды прымушае чалавека адыходзіць ад сябе. Святы Павел сказаў: «Любоў Хрыста прыспешвае нас», але гэтае «прыспешвае» можна перакласці таксама як «ахапіла нас». Так і ёсць: любоў прыцягвае і пасылае цябе, ахоплівае цябе і аддае цябе іншым. У гэтым рытме б’ецца сэрца хрысціяніна, асабліва — сэрца катэхета. Запытаймася ў сябе ўсе: ці б’ецца маё сэрца катэхета такім чынам: еднасць з Езусам і сустрэча з іншым чалавекам? У гэтым рытме «сісталы-дыясталы»? Ці жывіцца яно адносінамі з Богам, але дзеля таго, каб перадаць Яго іншым, а не пакінуць сабе? Я скажу вам адну рэч: не разумею, як катэхет можа заставацца нерухомым, без гэтага дзеяння. Я гэтага не разумею.

І трэці момант — тры —  заўсёды ў гэтым шэрагу: сыходзіць з Хрыста азначае не баяцца ісці разам з Ім на ўскрайкі. Я ўзгадваю гісторыю Ёны, вельмі цікавага персанажа, асабліва ў нашыя часы зменлівасці і няўпэўненасці. Ёна — пабожны чалавек, ён жыве сваім ціхім і ўпарадкаваным жыццём і таму мае вельмі ясныя прынцыпы, паводле якіх строга судзіць усіх і ўсё. Яму ўсё зразумела: вось у гэтым праўда. Ён нягнуткі. І таму, калі Пан звяртаецца да яго і наказвае ісці прапаведаваць у Нінэвію, вялікі язычніцкі горад, Ёна ўпарціцца. Ісці туды! Калі я маю ўсю праўду тут... Ён упіраецца. Нінэвія не ўваходзіць у яго планы, не стасуецца з прынцыпамі, яна знаходзіцца на ўскрайку свету. І Ёна ўцякае, накіроўваецца ў Іспанію, збягае, садзіцца на карабель, які плыве туды. Перачытайце кнігу Ёны. Гэта кароткая, але вельмі павучальная прыпавесць, асабліва для нас — тых, хто з’яўляецца часткаю Касцёла.

Чаму яна вучыць нас?  Яна вучыць не баяцца выходзіць за ўласныя планы і прынцыпы, каб ісці за Богам, бо Ён заўсёды крочыць наперадзе. Ведаеце што? Бог не баіцца! Вы разумееце гэта? Не баіцца! Ён заўсёды выходзіць па-за нашыя схемы! Бог не баіцца ўскрайкаў. І калі вы пойдзеце на ўскрайкі, сустрэнеце Яго там. Бог заўсёды верны, Ён крэатыўны. Вось жа, не можа быць некрэатыўнага катэхета. Крэатыўнасць — пазваночнік катэхета. Бог крэатыўны, Ён не закрываецца ў сабе і таму ніколі не бывае нягнуткім. Бог не бывае непахісным. Ён прытуляе нас, ідзе насустрач, разумее. Каб быць вернымі, крэатыўнымі, трэба быць здольнымі да зменаў. Трэба ўмець змяняцца. А дзеля чаго мне змяняцца? Каб адпавядаць умовам, у якіх я мушу абвяшчаць Евангелле. Каб заставацца з Богам, трэба ўмець выйсці, не баяцца выйсці. Калі катэхет апанаваны страхам, ён баязлівец; калі катэхет нерухомы, ён у рэшце рэшт становіцца музейнаю статуяй: а ў нас столькі ўжо такіх! Мноства такіх! Калі ласка, не трэба музейных статуй! Калі катэхет становіцца нягнуткім, ён становіцца высахлым, бясплодным. Хтосьці хоча такім стаць? Не? Упэўненыя? Добра! Тое, што я зараз вам скажу, я казаў шмат разоў, але ў мяне з сэрца рвуцца гэтыя словы. Калі мы, хрысціяне, замыкаемся ў сваёй супольнасці, у нашым руху, нашай парафіі, нашым асяродку, мы закрываемся і з намі здараецца тое самае, што з любым зачыненым памяшканнем. Калі пакой зачынены, у ім пачынае смярдзець цвіллю. А калі чалавека замкнуць у гэткім пакоі, ён захварэе. Калі хрысціянін выходзіць на вуліцу, на ўскрайкі, з ім можа здарыцца няшчасны выпадак, як з кожным, хто ідзе па вуліцы. Мы ўсе бачылі аварыі на вуліцах. Але скажу вам адну рэч: мне больш даспадобы Касцёл, дзе могуць здарацца аварыі, чым хворы Касцёл. Касцёл, катэхет, які асмельваецца на рызыкоўнае падарожжа, а не той, хто вучыцца, усё ведае, але заўжды застаецца закрытым: бо тады ён хворы. І часамы хворы на галаву...

Але, увага! Хрыстус не кажа: ідзіце і бярыце ўсё ў свае рукі. Гэтага Ён не кажа! Езус кажа: «Ідзіце, Я з вамі». У гэтым нашая прыгажосць і нашая сіла: калі мы ідзём, калі выходзім, каб несці Евангелле з любоўю, у сапраўдным апостальскім духу, у духу parrhesia — адвагі гаварыць праўду, тады Ён ідзе з намі, наперадзе нас, па-іспанску гэта гучыць «nos primerea» — вядзе рэй. Пан заўжды вядзе рэй. Цяпер вы ўжо разумееце, што значыць гэтае слова. І гэтак кажа Біблія, не я. Біблія кажа, Бог кажа ў Бібліі: «Я як міндальная кветка». Чаму? Таму што міндаль першы зацвітае ўвесну. Бог заўсёды першы! Ён першы! Гэта вырашальны, пераломны момант для нас: Бог заўжды наперадзе нас. Калі мы думаем, што ідзём далёка, на самыя далёкія ўскрайкі, і таму крыху баімся, а насамрэч Ён ужо там: Езус чакае нас у сэрцы таго нашага брата, у яго параненым целе, у яго прыгнечаным жыцці, у яго няверуючай душы. Адзін з ускрайкаў, які найбольш мне баліць і з якім я сутыкаўся ў сваёй папярэдняй дыяцэзіі, ведаеце, які? Той, у якім дзеці не ўмеюць рабіць знак крыжа. У Буэнас-Айрэсе мноства дзяцей, якія гэтага не ўмеюць. Вось ускрайкі! Трэба ісці туды. Езус ужо там і чакае цябе, каб дапамагчы гэтаму дзіцяці рабіць знак крыжа. Ён заўжды нас апярэджвае.

Дарагія катэхеты, вось гэтыя тры пункты. Заўжды сыходзіць з Хрыста! Я дзякую вам за вашую працу, але перш за ўсё за тое, што вы належыце да Касцёла, да Божага люду ў вандроўцы, бо вы вандруеце з Божым людам. Заставаймася ў Хрысце, спрабуйма ўсё больш і больш яднацца з Ім: будзем ісці за Ім, наследаваць Яго ў дзеянні любові, у тым, як Ён ідзе насустрач чалавеку. І хадзем, расчынім дзверы, знойдзем адвагу пракладаць новыя шляхі, каб абвяшчаць Евангелле.

Няхай Бог вас благаслаўляе і Дзева Марыя вам спадарожнічае. Марыя — нашая Маці. Марыя заўжды вядзе нас да Езуса. Памолімся адно за аднаго аб Яе заступніцтве. Вялікі дзякуй.         

Пераклад Юліі Шэдзько.


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла