Пакаленне* Яна Паўла ІІ

Калісьці пасля адной сяброўскай каталіцкай сустрэчы, дзе было даволі гарбаты і печыва, шмат дыскусій, трохі спрэчак, дастаткова смеху і не бракавала сур’ёзнасці, як заўжды бывае ў добрай кампаніі, мяне спыталі: «А, дарэчы, ты ў каго праходзіла фармацыю да таго, як прыехала ў Мінск?» Я адказала і ў сваю чаргу пачула паважлівае: «А-а-а… Зразумела!»

Якое ж вялікае значэнне мае тое, што за людзі ўплываюць на цябе ў час сталення, чый прыклад цябе натхняе, якія падзеі праходзяць перад вачыма! Як малюнкі ў калейдаскопе, чалавечая асоба складаецца, акрамя ўласных рысаў, меркаванняў, светапогляду, з абставінаў, у якіх яна фармуецца. А, магчыма, у пэўнай ступені гэтыя абставіны і ўплываюць на тое, якімі будуць тыя самыя ўласныя рысы і меркаванні.

Ёсць асобы, якія фармуюць нас непасрэдна, кожны дзень знаходзячыся побач, ёсць тыя, хто, аднойчы прайшоўшы праз жыццё, пакідае глыбокі след, часам нават не здагадваючыся пра гэта. Ёсць жа іншы род уплыву, калі асоба кожным момантам свайго жыцця змяняе да лепшага жыццё многіх сотняў людзей. Гэта шлях вялікіх святых — ахвярнікаў, на якіх служыць сам Бог, перадаючы праз іх сэрцы бязмерную любоў да ўсіх сваіх дзяцей.

Мне і вам неверагодна пашчасціла ўбачыць наяве святло такой асобы, ісці ў часе разам з ёю, адчуваючы на сабе яе светлы ўплыў. Нават больш — у гэты час адбывалася маё сталенне і сталенне ўсяго майго пакалення. Мы прайшлі самую істотную частку сваёй хрысціянскай духоўнай фармацыі ў святле пантыфікату Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Яго рука таксама трымала калейдаскоп, у якім складаліся малюнкі нашых душаў, і, мне здаецца, працягвае трымаць і надалей.

Мы — пакаленне Яна Паўла ІІ. Сённяшняя каталіцкая моладзь расла і развівалася на працягу 27 гадоў яго пантыфікату. Усе мы адчулі на сабе ўплыў яго моцнага духу, поўнага веры, любові, адданасці Богу і чалавеку. У кожнага, я ўпэўненая, ёсць той куточак душы, дзе захаваны яго след. Адзін мой знаёмы кожны раз са здзіўленнем узгадвае сваю сустрэчу са Святым Айцом у складзе беларускай дэлегацыі, узгадвае тое святло, якое распраменьвала яго аблічча, словы, якія ён прамаўляў, звяртаючыся да беларусаў на роднай мове. Сустрэча тая адбывалася больш за 15 гадоў таму... Іншы знаёмы, якога наогул цяжка аднесці да вельмі чуллівых людзей, распавядаў мне па сакрэце, як у вельмі складаны, пераломны для яго час, калі выпрабаванняў здавалася больш, чым можна вытрываць, ён сніў цікавы сон. Бачыў, нібы наяве, Святога Айца Яна Паўла ІІ — той паклаў рукі яму на галаву і разам з ім маліўся... Гэты сон стаў першым крокам на шляху шматлікіх зменаў у ягоным жыцці, на шляху да навяртання…

Таксама ўразілі мяне словы маёй сяброўкі Ліны з Літвы, калі яна даведалася, што за артыкул я пішу. «Ян Павел ІІ адыграў вельмі істотную ролю ў маім духоўным падарожжы. Розным чынам ён быў побач са мною. Яшчэ падчас яго пантыфікату я працавала ў моладзевым цэнтры Каўнаскай архідыяцэзіі, дзе было шмат відэа, кніг, дакументаў, якія датычылі яго асобы. Праз іх мы адчувалі яго любоў, веру, клопат пра нас — са слязьмі на вачах, з усмешкамі... Я перажыла глыбокі досвед яго смерці. Ведаючы, што шмат людзей у гэты час моліцца на плошчы святога Пятра ў Рыме, я думкамі далучалася да іх малітвы... Дзіўна, наколькі гэты чалавек быў значным для мяне, хоць я зусім не была з ім знаёмая, ну, можа, крышачку... Пазней я атрымала СМС ад бацькі пра тое, што папа Ян Павел ІІ ужо ў нябёсах, і тады адчула, як штосьці значнае адбываецца ў маім жыцці, адчула, як напаўняюся Божай любоўю і прагну стаць сапраўды добрым і верным Богу чалавекам. Упэўненая, што ў хвіліну сваёй смерці ён ужо быў у небе!

Толькі цяпер я больш і больш разумею, колькі ўсяго ён нам пакінуў! Ён даваў прыклад, будучы радыкальным, адкрытым, часам непрадказальным, як Дух Святы! Ён заўжды быў гатовы адказаць на заклік Айца ва ўсіх, нават самых складаных справах. Ён пакінуў для Касцёла і для мяне асабіста вялікія скарбы. Ён — прыклад для кожнага чалавека, незалежна ад яго веравызнання, нацыянальнасці, адукацыі і іншых рэчаў. Я ўжо малюся аб яго заступніцтве ў небе. Ён — Ян Павел ІІ Вялікі!»

Мы — пакаленне Яна Паўла ІІ. Гэта гонар і адказнасць. Магчыма, калі-небудзь анёл-перапісчык ля брамаў Неба, прагортваючы чыюсьці кнігу жыцця, запытаецца: «Дарэчы, у каго праходзілі фармацыю?» І, пачуўшы адказ, заківае: «А-а-а... Ян Павел ІІ! Зразумела...»

Юлія Шэдзько

*Каталіцкую моладзь, якая вырасла і выхавалася ў Касцёле за час пантыфікату Вялікага Папы, пасля яго адыходу ў вечнасць пачалі называць «пакаленнем Яна Паўла ІІ».

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла