Урачыстасць Хрыста Валадара

(урыўкі з кнігі Хосэмарыя Эскрывы «Гэта Хрыстус праходзіць побач»)

Над чым Ён валадарыць?

«Ён — Валадар і горача прагне валадарыць у нашых сэрцах, у сэрцах Божых дзяцей. Але не будзем уяўляць Яго ўладу такою, якою ёсць улада людзей; Хрыстус не дамінуе, не жадае навязваць сваю волю, бо Ён “не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць” (Мц 20, 28).

Яго Валадарства — гэта спакой, радасць, справядлівасць. Хрыстус, наш Валадар, чакае ад нас не пустых развагаў, а ўчынкаў, бо “не кожны, хто кажа Мне: «Пане, Пане», увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах” (Мц 7, 21)» (93).

Дзе Валадар?

«Ці ж не прагне Езус перадусім валадарыць у сэрцы, у тваім сэрцы? Таму Ён становіцца Дзіцяткам, бо хто ж не любіць такое малое стварэнне? Дзе Кароль? Дзе Хрыстус, якога Дух Святы імкнецца сфармаваць у нашых душах? Ён не можа прабываць там, дзе пыха, якая аддзяляе нас ад Бога, не можа быць там, дзе нас ізалюе недахоп любові. Там няма Хрыста; там чалавек застаецца ў адзіноце» (31).

«Хрыстус павінен валадарыць, перадусім, у нашай душы. Але што мы скажам у адказ, калі Ён спытаецца: “А як ты дазваляеш Мне валадарыць у табе?”. Я адказаў бы, што для таго, каб Ён валадарыў ува мне, мне патрэбна Яго шчодрая ласка: толькі так нават апошні стук сэрца, нават апошні ўздых, нават вельмі беглы позірк, нават самае звычайнае слова, нават найбольш простае адчуванне стануць гасаннаю Хрысту, майму Валадару» (181).

Толькі праз служэнне мы можам ведаць і любіць Хрыста

«Калі мы дазволім, каб Хрыстус валадарыў у нашай душы, мы станем не тымі, хто пануе, а слугамі ўсіх людзей. Служэнне. Як жа мне падабаецца гэтае слова! Служыць майму Валадару і, дзеля Яго, усім, хто адкуплены Яго крывёю. Калі б толькі мы, хрысціяне, умелі служыць! Даверым жа Пану сваё рашэнне навучыцца ажыццяўляць гэтае заданне служэння, бо толькі служачы мы зможам пазнаваць і любіць Хрыста, а таксама дапамагаць іншым людзям пазнаваць Яго, каб яны больш Яго любілі» (182).

Якое нашае заданне ў гэтым Валадарстве?

«Да гэтага пакліканыя мы, хрысціяне, у гэтым заключаецца наша апостальскае заданне і тое гарачае прагненне, якое павінна палаць у нашай душы: старацца, каб Валадарства Хрыста стала рэальнасцю, каб больш не было нянавісці і жорсткасці, каб мы неслі на зямлю моцнадзейны і заспакаяльны бальзам любові. Папросім жа сёння нашага Валадара, каб Ён учыніў нас пакорнымі і руплівымі паплечнікамі ў рэалізацыі Боскага плану злучэння таго, што разбітае; ратавання таго, што згубленае; упарадкавання таго, у што чалавек унёс неўпарадкаванасць; давядзення да мэты тых, хто збіўся з дарогі; аднаўлення згоды паміж усімі стварэннямі» (183).

«Сёння мы адзначаем урачыстасць Хрыста Валадара. І я не выйду за межы сваёй святарскай кампетэнцыі, калі скажу, што калі б нехта разумеў Валадарства Хрыстовае як палітычную праграму, то гэта азначала б, што ў яго няма глыбокага ўсведамлення звышнатуральнай мэты веры і ён гатовы абцяжарыць сумленні тым, што не з’яўляецца ношаю Езуса, “бо ярмо Яго прыемнае, і цяжар Яго лёгкі” (пар. Мц 11, 30). Будзем жа сапраўды любіць усіх людзей; будзем жа любіць Хрыста больш за ўсё; і тады мы непазбежна палюбім законную свабоду іншых людзей у спакойным і разважлівым суіснаванні» (184). 

Пераклад з іспанскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле «Es Cristo que pasa. Homilias»,

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней