Мой першы досвед у катэхетычнай працы

У гэтым годзе я скончыла навучанне ў «Цэнтры па падрыхтоўцы катэхетаў» у Мінску і распачала сваю працу як катэхетка. Напачатку было шмат думак і перажыванняў: ці здолею я правільна перадаваць дзецям праўды нашай веры, як іх зацікавіць, заахвоціць пазнаваць Бога, як знайсці падыход да кожнага асобнага дзіцяці? Не раз гэта абмяркоўвалася на занятках у каледжы, і там усё здавалася зразумелым, але, як падумаеш, што вось-вось распачнеш рэальную працу з дзецьмі, адразу адчуваеш сябе амаль бездапаможнай.

На шчасце, усё гэта непакоіла мяне толькі да першай сустрэчы з дзецьмі, да першай супольнай святой Эўхарыстыі і малітвы аб Божым благаслаўленні на новы навучальны год, калі вернікі аддаюць у апеку Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі ўсіх дзяцей. Бог даў мне радасць, сілы, натхненне, жаданне працаваць і столькі новых ідэй, што толькі паспявай іх ажыццяўляць! Я адчула, што праз гэта Хрыстус канкрэтна паказаў мне, што катэхеза — гэта Божая справа і без сваёй падтрымкі і дапамогі Ён нікога не скіруе да працы.

Праца з дзецьмі вучыць проста і адкрыта прымаць веру. Так, на адной з катэхезаў, калі дзеці ўпершыню знаёміліся з якасцямі, уласцівымі Пану Богу, адна дзяўчынка адразу падняла руку і сказала: «Бог — усемагутны!». Усе іншыя дзеці павярнуліся да яе і запыталі: «А адкуль ведаеш?». «Дык мы ж пра гэта на Імшы спявалі!» — радасна запэўніла дзяўчынка.

З усіх парадаў, якія я чула ад ужо дасведчаных катэхетаў, мне з першых дзён дапамагаюць вось гэтыя дзве: па-першае, дзяцей трэба проста любіць. На гэта звярнула маю ўвагу адна з законных сясцёр. Часам бывае так, што словы, якія гаворацца падчас катэхезы, забываюцца, але дзецям найперш запомняццца менавіта нашыя адносіны да іх. Дзяцей немагчыма падмануць, яны адчуваюць адразу, наколькі шчырая нашая любоў. Таму найперш неабходна адкрываць сваё сэрца на адзіную Крыніцу Любові, каб потым перадаваць яе дзецям.

Другую параду я пачула ад святара, які гаварыў, што з людзьмі, да якіх Бог пасылае нас, і з дзецьмі ў прыватнасці, трэба проста быць, уважліва выслухоўваць, размаўляць, цікавіцца, чым яны жывуць, што іх хвалюе, цешыць, захапляе, якія ў іх мары, турботы і цяжкасці. Трэба пакінуць усе свае амбіцыі, што датычаць дасягнення неверагодных вынікаў, бо мы не можам ведаць, які плён прынясе нашая праца. Пра гэта ведае толькі Бог...

А яшчэ за гэты кароткі час я, калі можна так сказаць, сваімі вачыма ўбачыла, што вера — гэта ласка, якую дае толькі Бог. Гэта можна зразумець, калі выкладаеш катэхезу дзецям. Ты рыхтуеш аднолькавую катэхезу для дзесяці дзяцей, распавядаючы аб праўдах веры, і ўсе дзеці чуюць адны і тыя ж словы. Аднак кагосьці найперш зацікавяць прыклады і аповеды, хтосьці застанецца абыякавым, а ў некага запалаюць вочы, і ў гэтых вачах будзе не проста цікаўнасць, якая, дарэчы, у дзяцей можа знікаць з цягам часу, а нешта большае. Гэтае святло ў вачах нязменнае, яно не знікае, і на кожнай сустрэчы такім дзецям ёсць чым падзяліцца, расказваючы аб сваёй веры і любові да Пана Бога. І бачна, што яны пачынаюць жыць верай. У такія моманты мяне захапляе таямніца Божага дзеяння ў чалавечых сэрцах, і яшчэ больш ува мне павялічваецца адказнасць і ўсведамленне таго, што з кожным з гэтых дзяцей, у якіх вера ужо ўзрасла ці толькі зарадзілася, якія, магчыма, яшчэ не адкрыліся на Божую ласку, трэба проста быць побач, падтрымліваць іх малітвай і ўсім тым, чым цябе ўзбагачае Бог.

Iрына

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла