З паэтычнай пошты

Марыя Дзюбак

                            Светлай памяці
                            мужа майго Алега прысвячаю

        * * *

Не змог ты болей быць маёй апорай,
Тваім збавеннем не змагла быць я...
І сярод мноства падаючых зорак
Адна — твая, адна — твая...


І прыйдзе дзень. Для ўсіх ён будзе новы.
А мой гадзіннік роспачна маўчыць.
Парвалася часоў жывая повязь.
Палынны боль. Нічога не змяніць.


Нічога не змяніць і не паправіць.
Сцяжынкай нашай разам не прайсці.
І толькі гэта зоркавая памяць,
Як светлы промень у маім жыцці.


        * * *

Сярод аблокаў я цябе шукаю,
Сярод вятроў і зораў, і бяроз.
І рэха зноў няўлоўнае гукаю.
Так холадна. Дачасны той мароз.


Дачасна. Непазбежна. Незваротна.
Раптоўна перайсці тую мяжу...
Шумяць, шумяць пажоўклыя чароты.
Чароты, я вам боль свой раскажу.


Я раскажу балотам журавінным,
Што ў сэрцы восень, пэўна, назаўжды.
Спынілася я ў часе несупынным.
Пустынна. Адзінокія сляды.


        * * *

Паміж небам і зямлёю,
Паміж мною і табою —
Вечнасці бясконцасць.
Ты ў душы маёй, са мною.
Значыць, вечна нам з табою
Свеціць сонца.


        * * *

Цябе ў зямлі няма. Сярод анёлаў
Ты стаў таемным небажыхаром.
Ты стаў святлом безабаронна кволым.
І неба — дом твой вечны. Вечны дом...


А я вось з ягад еду, як калісьці,
Тапчу яшчэ ўсё грэшную зямлю,
Сумую з гэтым першым жаўталісцем
І за цябе Усявышняга малю.


Мне вострым болем кожная сцяжына,
А ад ажынаў — цёмна ўваччу.
У нейкі міг я грэшны свет пакіну
І да цябе ў нябёсы палячу.


        * * *

Ты прыходзіш у сны,
Недасяжны, пяшчотны, —
Маё шчасце вясны
І мой дзень незваротны.


Будзіш ранне маё
Самым лёгкім павевам.
А гады, як жніўё,
З сваім нудным напевам.


А бяда, як вада,
Што з нябёсаў ліецца.
Пашкадуй ты, бяда,
Утрапёнае сэрца.


Ды пайдзі-адыдзі
На сухі лес далёкі.
Болей нас не судзі.
Няхай судзяць аблокі,


Няхай неба прысуд
Нам свой вынесе строгі.
Іду зноў на той груд
І не бачу дарогі.


        * * *

Ёсць светлая вечнасць.
Ёсць вечная памяць.
Зямных дзён расквечанасць.
Воля і слабасць.


Ёсць лад і гармонія.
Беды і шчасце.
Ёсць духам нязломныя,
Што ім напасці.


Змагацца і выстаяць.
Верыць і помніць.
Відаць, гэта ісціна,
Промень духоўны.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла