Веру ў еднасць святых...

Лістапад — той месяц, у які мы найбольш задумваемся над жыццём пасля смерці, успамінаем блізкіх і дарагіх нам людзей, якія ўжо адышлі з гэтага свету. Нашая памяць пра іх становіцца больш жывою, а смутак — глыбейшым.


У гэты перыяд Касцёл нагадвае нам догмат пра еднасць, або супольнасць, святых. «Веру ў еднасць святых», — прамаўляем мы падчас малітвы. Касцёл вучыць, што ў гэтую супольнасць святых уваходзяць тры катэгорыі людзей. Па-першае — мы самі, усе людзі, якія жывуць яшчэ ў гэтым свеце, вядуць барацьбу з рознымі спакусамі і таму ўтвараюць Касцёл, які змагаецца. Па-другое — нашыя браты і сёстры, якія ўжо прабываюць з Богам у небе, цешацца жыццём, што не мае канца, і вечнаю радасцю, — гэта Касцёл, які трыумфуе. Па-трэцяе — душы чыстцовыя, або Касцёл, які церпіць.

Калі мы звычайна не маем сумненняў адносна таго, што азначае нябесная ўзнагарода, то часта не вельмі разумеем, хто трапляе ў чысцец і за што. Мы ведаем, што адразу пасля смерці чалавечая душа ідзе на асаблівы суд, або на асабістую сустрэчу з Богам, пасля якой ужо даведваецца, ці годная яна ўвайсці да хвалы неба. Зразумела, калі хтосьці памрэ ў цяжкім граху, то павінен ісці на вечнае асуджэнне. Пан Бог міласэрны, але і справядлівы. Ён не дазваляе насміхацца з сябе. Між тым вельмі часта чалавек памірае ў стане асвячальнай ласкі, але мае на сумленні розныя паўсядзённыя грахі. Бывае, чалавек паспавядаўся і шкадуе за грахі, аднак яшчэ не прыняў кары за іх. Такая душа не можа ісці ў неба, бо нішто грэшнае не атрымлівае вечнай узнагароды.

Таму Бог у сваёй вялікай міласэрнасці дае такой душы шанец пасля смерці ачысціцца ад сваіх грахоў пакаяннем. Гэтае пакаянне душа церпіць у чыстцы, або «краіне ачышчэння».

І выказванні Папаў Рымскіх, і прыватныя аб’яўленні сведчаць пра тое, наколькі цяжкае гэта пакаянне. Чалавечая душа, пазбаўленая цела, выразна пазнае, што яе адзіным шчасцем і адзінаю мэтаю з’яўляецца Бог, таму яна вельмі сумуе па Ім. Суцяшэннем для душаў чыстцовых з’яўляецца толькі ўпэўненасць у сваім збаўленні. Яны ведаюць, што з чыстца ёсць адно выйсце — у неба, што іх пакаранне калісьці скончыцца. У такіх сітуацыях ім дапамагае «еднасць святых», гэта значыць прыналежнасць да адной супольнасці з намі і са святымі. Пан Бог дазваляе, каб пакаранне душаў чыстцовых было скарочанае праз хадайніцтва святых і нашы малітвы. За душы чыстцовыя заступаецца Найсвяцейшая Панна Марыя, асабліва за тыя, якія на зямлі любілі Яе шкаплер. Але мы таксама можам дапамагаць гэтым душам.

Перш за ўсё мы прыносім ім палёгку сваёй малітваю. Ёсць вельмі шмат малітваў за памерлых, аднак найлепшаю дапамогаю для іх будзе Ружанец, праз які можна выпрасіць у Бога столькі ласкаў! Можна таксама палегчыць цярпенні душаў чыстцовых праз добрыя ўчынкі: міласціну, духоўную дапамогу бліжнім, пілігрымкі і г. д. Бясцэннаю скарбніцаю дапамогі душам чыстцовым з’яўляюцца адпусты. Касцёл дазваляе нам шмат разоў на працягу дня атрымліваць частковыя адпусты і раз на дзень (пры выкананні спецыяльных умоваў) — поўны адпуст. Кожны частковы адпуст, ахвяраваны за душу чыстцовую, — нібы шклянка вады, пададзеная чалавеку, які памірае ад прагі, а поўны адпуст цалкам вызваляе душу з чыстца. Як жа ўдзячныя нам гэтыя бедныя душы за ўсю нашую дапамогу!

У сваю чаргу «еднасць святых» дазваляе ім маліцца за нас, і гэтая малітва вельмі дзейсная. Яны прабываюць у стане асвячальнай ласкі і пры гэтым церпяць з любові да Пана, таму Бог вельмі любіць гэтыя душы і, безумоўна, выслухае іх просьбы за жывых. Варта здабыць сабе сяброўства і апеку душаў чыстцовых.

Ёсць яшчэ адзін спосаб асаблівай дапамогі душам, якія церпяць у чыстцы, — гэта ахвяра святой Імшы. Што можа параўнацца з ахвяраю, у якой сам Сын Божы прыносіць сябе Айцу? Які багаты плён Найсвяцейшай Ахвяры можа быць падараваны душам у чыстцы! Наколькі міласэрны Хрыстус Пан, які ўстанавіў святую Імшу і дазваляе нам сёння таксама карыстацца плёнам ахвяры крыжа. Калі б мы на адну шалю паклалі ўсе малітвы святых і малітвы людзей, якія жывуць на зямлі, а на другую — святую Імшу, то ўсе малітвы былі б нічым у параўнанні з ахвяраю Пана Езуса.

Малітва за душы чыстцовыя — гэта наш абавязак, бо яна з’яўляецца ўчынкам міласэрнасці. Давайце памятаць пра тое, як шмат магчымасцяў мы маем для дапамогі нашым братам і сёстрам, якія чакаюць свайго пераходу з чыстца ў неба. Гэтых магчымасцяў нашмат больш, чым я змог пералічыць, але найкаштоўнейшым дарам для душаў чыстцовых з’яўляецца святая Імша.

Давайце ўжо цяпер памятаць у сваіх малітвах пра душы, якія церпяць у чыстцы, бо не паспеем азірнуцца, як самі можам апынуцца сярод іх. З якой надзеяй мы тады будзем чакаць дапамогі, што скараціла б нашыя цярпенні і смутак па небу! Калі мы будзем міласэрнымі да душаў чыстцовых, то калісьці Пан Бог натхніць людзей, якія пасля нашай смерці таксама будуць маліцца за нас.


Кс. Адам Мартына
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.piotrskarga.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней