Апосталка душаў чыстцовых

Марыя Сімма нарадзілася 5 лютага 1915 года ў Сонтагу ў Альпах Форарльберга (Аўстрыя), памерла ў сакавіку 2004 года. Яна вядомая як пасрэдніца паміж душамі чыстцовымі і светам жывых. З дзяцінства Марыя была вельмі рэлігійнай і прагнула ўступіць у кляштар, аднак з-за слабога здароўя яе тройчы адтуль адпраўлялі. Прабыванне ў кляштары падрыхтавала яе да паклікання апосталкі душаў чыстцовых. Яе духоўнае жыццё характарызуецца вялікай любоўю да Маці Божай, прагненнем служэння душам, пакутуючым у чыстцы, і дапамогай місіям. Яна дала абяцанне чыстасці Найсвяцейшай Маці і цалкам прысвяціла сябе Багародзіцы, а таксама душам чыстцовым. У дадатак паабяцала стаць ахвярай любові і перапрашэння.

У 1968 годзе выйшла яе невялікая кніга «Мой досвед з душамі чыстцовымі» (на нямецкай мове, а потым на іншых мовах). Аўтар перакладу на польскую мову (2005 г.) — айцец езуіт Станіслаў Скуджык. Сёння мы друкуем урыўкі з гэтай кнігі.

Як аб’яўляюцца душы чыстцовыя?

Душы аб’яўляюцца рознымі спосабамі і ў розных постацях. Адны стукаюць, другія паказваюцца нечакана. Некаторыя з’яўляюцца ў чалавечым абліччы, ясна і выразна, так, як выглядалі пры жыцці, другія застаюцца нібы ў імгле, няясна. Душы з цяжкага чыстца выклікаюць жахлівае ўражанне. Чым больш яны праходзяць ачышчэнне праз цярпенне, тым больш становяцца мілымі і светлымі. Часта гавораць, як яны грашылі і толькі праз Божую міласэрнасць не трапілі ў пекла. Часам павучаюць і перасцерагаюць. Часта Марыя адчувае прысутнасць некаторых душаў і тое, што яна павінна за іх маліцца і цярпець. <...>

Выгляд чыстца

Марыя Сімма сведчыла, што чысцец знаходзіцца ў многіх месцах і душы прыходзяць не з чыстца, але з чыстцам. Марыя бачыла чысцец па-рознаму: раз так, другі раз па-іншаму. Увогуле душаў у чыстцы вельмі шмат, там пануе бесперапынны рух тых, хто прыходзіць і адыходзіць. Аднаго разу яна бачыла шмат невядомых душаў. Тыя, хто грашыў супраць веры, мелі цёмнае полымя ў сэрцы, чырвонае полымя мелі тыя, хто грашыў нячыстасцю.

 Божая Любоў і Справядлівасць у чыстцы былі паказаны Сімме з цудоўнай яснасцю. Кожная душа атрымлівае кары паводле сваіх правінаў і пачуццяў, з якімі яна грашыла. Нават шасцігадовыя дзеці могуць доўгі час пакутаваць у чыстцы. Інтэнсіўнасць цярпення розная. Некаторыя душы церпяць гэтак, як бывае ў жыцці, поўным суму, чакаючы, каб убачыць Бога. Год цяжкага чыстца горшы за 10 гадоў лёгкага. Час трывання таксама вельмі розны. Ёсць душы, якія павінны пакутаваць аж да суднага дня. Некаторыя душы церпяць усяго паўгадзіны альбо і менш, так, нібы прайшліся па чыстцы.

Сатана таксама можа мучыць душы, асабліва тыя, якія сталі прычынаю згубы іншых душаў. Душы ў чыстцы пераносяць свае пакуты з неверагоднай цярплівасцю і дзякуюць Божай міласэрнасці за тое, што пазбеглі пекла. Яны ведаюць, што заслужылі гэтыя кары, і вельмі шкадуюць за ўчыненыя грахі. Моляцца да Марыі, Маці Міласэрнасці. Сімма бачыла шмат душаў, якія чакаюць дапамогі ад Найсвяцейшай Маці. Тыя, хто пры жыцці пагарджаў чыстцам і грахамі, пасля смерці будуць горка пакутаваць.

Дзеці трапляюць у чысцец?

Так, і нават тыя, хто яшчэ не хадзіў у школу. Калі дзіця ведае, што рабіла нешта дрэннае, яно нясе пакаранне. Вядома ж, такія дзеці маюць лёгкі чысцец і працягваецца ён нядоўга, бо яны не маюць яго поўнага разумення. Але ніколі не гаварыце, што дзіця не разумее таго ці іншага. Дзіця разумее больш, чым мы думаем, і мае сумленне больш чуйнае, чым дарослы чалавек.

Што адбываецца з дзецьмі, якія паміраюць да хросту? Такія дзеці атрымліваюць сваё шчасце і, хаця не маюць ласкі сузірання Бога тварам у твар, але не ведаюць пра гэта і думаюць, што атрымалі самае найлепшае.

Што адбываецца з самазабойцамі?  Ці  ўсе гэтыя душы загубленыя? Часцей за ўсё яны знаходзяцца ў стане несвядомасці, калі пазбаўляюць сябе жыцця. Большую кару нясуць тыя, хто давёў іх да самагубства.

Ці могуць трапіць у чысцец іншаверцы?  Так, ёсць нават тыя, хто пры жыцці не верыў у чысцец, яны нават не церпяць так цяжка, як католікі, бо не мелі такіх магчымасцяў для збаўлення. Вядома ж, потым яны не будуць мець і такога самага шчасця. 

Ці могуць душы, церпячыя ў чыстцы, дапамагчы сабе?  Не, не могуць, затое могуць вельмі моцна дапамагаць нам, калі мы папросім іх аб гэтым.

Якія грахі найбольш караюцца ў чыстцы?

Грахі супраць любові: паклёпы, знеслаўленне, непрымірымасць, сваркі з-за прагавітасці і зайздрасці вельмі караюцца ў вечнасці. Асцерагаймася асуджаць  людзей альбо высмейваць каго-небудзь, бо гэта вельмі шкодзіць нашай душы.

Як часта адзінокія людзі скардзяцца на тое, што мала атрымліваюць дапамогі. Суседзям не прыйдзе ў галаву дапамагчы, напрыклад, нямогламу  старому чалавеку адкінуць глыбокі снег каля яго дому, але ж менавіта такія сведчанні любові да бліжняга маюць высокую ўзнагароду ў небе.

Некаторыя прыклады

«Што хочаш зрабіць з гэтым вядром?» — спытала я жанчыну, якая несла вядро. Тая з прасветленым тварам адказала: «Гэта мой ключ да неба. Пры жыцці замала малілася, рэдка хадзіла ў касцёл, але калісьці памыла і вычысціла задарма пакой адной убогай бабулі. Гэта стала маім ратункам...».

Неяк убачыла ксяндза з чорнаю праваю рукою. Ён патлумачыў мне: «Я павінен быў больш благаслаўляць. Скажы ўсім святарам, якіх толькі сустрэнеш, каб больш благаслаўлялі, бо праз гэта будуць мець шмат благаслаўленняў на зямлі і аслабяць вялікую моц сатаны».

Аднаго разу прыйшоў да мяне лекар і паскардзіўся, што павінен шмат пакутаваць, таму што ўколамі скарачаў жыццё хворым, каб яны не цярпелі так моцна. Тыя цярпенні для душаў чыстцовых мелі б бясконцую вартасць, калі б перажываліся з пакорай і цярплівасцю. Вялікае цярпенне можна лагодзіць, але нельга скарачаць жыццё штучнымі сродкамі.

Неяк прыйшла адна жанчына і прызналася, што 30 гадоў павінна была цярпець у чыстцы за тое, што не дазволіла сваёй дачцы ўступіць у кляштар. Бацькі, якія супраціўляюцца таму, каб іх  дзеці  адказалі на Божае пакліканне да святарскага альбо манаскага жыцця, бяруць на сябе вялікую адказнасць. Ведаю ад душаў, церпячых у чыстцы, што шмат маладых людзей было б святарамі, калі б не супраціўленне бацькоў. За гэта яны будуць адказваць перад Богам. 

Падрыхтавала Галіна Горская.
Паводле кнігі Maria Simma «Moje przeїycia z duszami czyњжcowymi».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла