Даручэнне сябе Беззаганнай

Змест кнігі

Плён даручэння сябе Беззаганнай

Заслугі

Той, хто даручыць сябе Беззаганнай, адчуе, што ён ва ўсім стаў залежным ад Яе, ужо не належыць сам сабе, а стаў сапраўды ўласнасцю Марыі, Беззаганнай, Маці Божай, сапраўднай міласцівай Валадаркі неба і зямлі (VII, 1199).

Калі мы належым Ёй, то і ўсё нашае належыць Ёй, і Пан Езус прымае ўсё ад нас так, як ад Яе, як Яе справы. І ў такім выпадку Яна не можа пакінуць гэтыя дзеянні недасканалымі, а робіць іх вартымі сябе, а значыць беззаганнымі, без найменшай плямы граху. Таму нават калі душа, адданая Ёй, зусім не будзе думаць пра Беззаганную і наўпрост ахвяруе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса малітву, працу, цярпенні або што-небудзь іншае, яна прынясе Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса непараўнальна больш задавальнення, чым у тым выпадку, калі б яна не была так адданая Беззаганнай.

Паколькі Беззаганная поўнасцю належыць Езусу, а Езус з’яўляецца Богам  і ўласнасцю Спрадвечнага Айца, кожная нашая ахвяра, на-
ват наўпрост скіраваная да Спрадвечнага Айца, натуральным чынам ачышчаецца ў Беззаганнай, узносіцца да бязмежнай дасканаласці ў Езусе і становіцца прадметам упадабання Найсвяцейшай Тройцы (VII, 1214).

Смела скажу: калі мы цалкам даручым сябе Беззаганнай, калі будзем няспынна клапаціцца пра гэта, то нашыя ўчынкі — зробленыя, можа, не па злой волі, але дрэнныя — Яна выправіць і, больш за тое, скіруе на дабро. Сапраўды, Яна нават цуды ўчыніць, калі гэта будзе патрэбна, бо для Беззаганнай учыніць цуд — нескладаная справа. І тады наша праца і старанні ўжо будуць не нашыя, а Яе, яны будуць мець не нашую вартасць, а вартасць Беззаганнай. Мы будзем толькі Яе прыладамі — як лапата ў руках садоўніка.  Лапата капае, але гэта не яе дзейнасць, а садоўніка. Таму якое ж гэта суцяшэнне для нас ужо на гэтым свеце, а тым больш на тым!.. (Konf. OMK, 62).

Калі хтосьці мае ў сабе такі дух, то не важна, у Непакалянаве ён будзе ці дзесьці на яго задворках, законнік гэта будзе або нават чалавек свецкі, які стараецца жыць у гэтым духу, — цяжка нават дапусціць, цвяроза разважыўшы, каб такі чалавек трапіў у чысцец.

Калі б хтосьці з нас, напрыклад, быў на месцы Беззаганнай, хіба ён быў бы такі нядобры і паслаў бы на чыстцовыя мукі тых, хто даверыўся яму бязмежна, без аніякіх агаворак, ва ўсім? Сапраўды, гэта не ўкладваецца ў нашай галаве.

А цяпер задумайцеся, хіба не з’яўляецца Беззаганная лепшаю за ўсіх нас? Гэта дае маральную ўпэўненасць у тым, што Яна не можа дапусціць, каб чалавек, які жыве ў духу даручэння сябе Ёй, трапіў у чысцец (Konf. OMK, 54).

Вялікая Божая хвала

Нашыя ўчынкі, нават самыя пабожныя — не без граху, і калі мы хочам ахвяраваць іх Пану Езусу чыстымі і беззаганнымі, то непасрэдна мусім скіраваць іх толькі да Беззаганнай і аддаць Ёй ва ўласнасць, каб Яна аддала іх свайму Сыну як свае ўласныя. Тады яны будуць без граху, беззаганныя. І, атрымаўшы  невымерную вартасць праз Боства Езуса, будуць годна праслаўляць Бога Айца (III, 565).

Яна найлепшым чынам зможа выканаць усё на хвалу Бога Айца. У многіх справах мы толькі перашкаджаем Ёй. Усё залежыць ад таго, у якой ступені мы будзем Яе прыладамі. Нам нічога не застаецца, як толькі ўзгадніць сваю волю з Яе воляю. Няма большай вяршыні дасканаласці, чым дасканалае яднанне нашай волі з Яе воляю. Тады мы дзейнічаем згодна з бясконцым розумам, Божым. Таму гэта вышэй за ўсе розумы і геніі (Konf. OMK, 131).

Пасля ўявім сабе, як нам будуць удзячныя ўсе незлічоныя душы, якім мы адкрылі неба або хаця б у маленькай ступені дапамаглі здабыць святасць...

Як яны будуць дзякаваць нам на працягу ўсёй вечнасці!..

І мы таксама будзем удзячныя ім, бо, працуючы дзеля іх, падрыхтуем у небе карону і для сябе. Якой жа любоўю яны пасля будуць палаць да Той, якая пажадала выкарыстаць нас як прыладу для вызвалення іх з д’ябальскіх путаў! І мы не перастанем праслаўляць Яе дабрыню за тое, што нас, такіх нявартых, убогіх і няздольных, Яна пажадала выбраць сваімі рыцарамі, каб мы заваёўвалі для
Яе сэрцы. Які ж, урэшце, гімн праслаўлення, хвалы і падзякі ўзнясуць усе жыхары неба Сэрцу Пана Езуса за тое, што Ён пажадаў пакінуць нам такую ласкавую Маці, каб мы маглі звярнуцца да Яе і схавацца пад Яе матчыным плашчом перад заслужанымі ўдарамі Яго справядлівасці; за тое, што Ён, жадаючы не караць нас, а прабачаць, задумаў даць нам Пасрэдніцу, Заступніцу, найдаражэйшую Маці і даверыў Ёй распараджацца Божаю міласэрнасцю, пакідаючы сабе справядлівасць; за тое, што Ён стварыў Яе такою добраю і дзякуючы гэтаму Яна не можа пакінуць грэшніка, які звяртаецца да Яе, нават найгоршага, — і такою магутнаю, што дастаткова Яе жадання, каб адразу ж уміласцівіць Сэрца вечнага Бога. І так мы ўсе разам з Беззаганнаю будзем дзякаваць і праслаўляць на вякі міласэрнасць, дабрыню, мудрасць, магутнасць і справядлівасць Бога ва ўзнагародзе, якую Ён нам абяцаў. І тады мы, утвараючы сабою Яе асабістае войска, максімальна наблізімся (таму што будзем побач з Ёю) да канчатковай мэты МІ* — як мага большага праслаўлення Бога праз Беззаганную (VI, 880).

Св. Максімільян Марыя Кольбэ

Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла