Ці дазваляе Касцёл выкарыстанне гомеапатычных лекаў?

У адных крыніцах гомеапатычныя лекі характарызуюцца як сродкі з элементамі магіі, злой сілы, а ў іншых — як лекі, што сапраўды прыносяць карысць і не звязаны з магіяй і практыкамі ўсходніх рэлігій.


Гамеапатыя як нетрадыцыйны метад лячэння выклікае даволі шырокі крытычны рэзананс і сярод вернікаў, і сярод медыкаў. Шырокая рэкламная кампанія і звычайная папулярнасць новых і даволі недарагіх «лекаў» выклікае попыт сярод шырокіх масаў насельніцтва і адпаведна — прыносіць вялікі прыбытак вытворцам. Зацікаўленасць бізнесоўцаў у вялікім заробку з продажы гомеапатычных прэпаратаў нараджае моцны прэсінг з боку рынку, што становіцца дадатковай перашкодай у няпростай дыскусіі аб навуковым статусе і медыцынскай бяспецы гамеапатыі.

Як у свеце навукі, так і ў Касцёле няма адназначнай ацэнкі гамеапатыі. Гэта звязана з невыразнасцю і разнастайнасцю як самога вучэння, так і яго методык. Гамеапатам часта называюць звычайнага эксперыментатара з лекавымі прэпаратамі на натуральных асновах (эксперыменты з раслінамі, мінераламі, электрамагнітным выпраменьваннем і г.д.). І ў той жа час гамеапатам называюць «лекара», які прадае дыстыляваную ваду ў ампулках, «зараджаных» духоўнай энергіяй, нейкімі духоўнымі «патэнцыямі» (сіламі). З-за такога хаосу з азначэннем гамеапатыі паўстаюць цяжкасці з яе ацэнкай.

У хрысціянскім асяроддзі прыхільнікі гамеапатыі падкрэсліваюць тую яе плынь, якая не звяртаецца да патаемных сілаў, а шукае нетрадыцыйныя метады звычайнага лячэння (лячыць падобнае падобным, праз самаўнушэнне пацыента — эфект плацэба, або проста як эксперыментаванне з новымі прэпаратамі). А хрысціянскія непрыхільнікі гамеапатыі ў сваю чаргу падкрэсліваюць тую яе плынь, якая прапаноўвае лячэнне чалавечага духу (у гамеапатыі — «астральнага цела», «аўры», «энергетыкі») лекамі, насычанымі («патэнцыялізаванымі», «дынамізаванымі») спецыяльнымі духоўнымі сіламі («астральнай» або «духоўнай энергіяй»).

Аналізуючы гісторыю ўзнікнення і сутнасць вучэння гамеапатыі, трэба адназначна сказаць, што яна супярэчыць хрысціянскай веры і маралі. У аснове гэтага вучэння знаходзіцца блізкае да індуізму, пантэізму і магіі ўяўленне аб свеце і чалавеку.

Для гамепатыі ў сціслым значэнні матэрыяльны (біялагічны, фізічны) свет не мае асаблівага значэння. Яна разглядае ўсё з перспектывы энергіі, духу, таму кожнае хворае цела для гамеапата — гэта ў першую чаргу энергетычнае захворванне — духоўны дысбаланс. Яго прапануецца лячыць з дапамогаю духу, які прымаецца праз адпаведную мікстуру з нейкім «духам» або сіламі, паводле прадпісання гамеапата. І вось тут узнікаюць найбольш вострыя пытанні і крытыка.

Магічны падыход у гамеапатыі — гэта абсалютна ненавуковы метад, які проста прапаноўваюць прыняць на веру. Таму гэта не медыцына, а нейкі магічны забабон, вера ў існаванне нейкіх духаў і магчымасць маніпулявання (кіравання) духоўнымі сіламі.

З такім жа поспехам можна выдаваць за лячэнне што заўгодна. Адсутнасць навуковай тэорыі і магчымасці навуковай праверкі магічнага веравучэння гамеапатыі і яе «лекаў» не можа быць прызнаная медыцынай.

У хрысціянскім асяроддзі магічнае вучэнне гамеапатыі выклікае вельмі сур’ёзную асцярогу, бо адкрывае шырокае поле для акультных практыкаў (уздзеяння злых духаў). Згадаем, што ў Бібліі Пан Бог выразна папярэджвае людзей, каб не ўваходзілі ў кантакт з патаемнымі сіламі (варажба, магічныя дзеянні, чары, выкліканне духаў, астралогія і г.д.). Усё гэта адкрывае поле для зняволення чалавека дэманамі, замыкае яго на Божую ласку і з’яўляецца прамым парушэннем першай Божай запаведзі (пар. Лев 9, 31; Дрг 18, 10–12; 2 Тэс 2, 9–10), бо замест Бога чалавек прызнае за збаўленчую і магутную нейкую іншую (дэманічную) духоўную сілу і паддаецца (пакланяецца) ёй. Як пацвярджэнне гэтай асцярогі існуюць шматлікія сведчанні экзарцыстаў, якія канстатуюць, што ўжыванне гомеапатычных лекаў у многіх выпадках стала пачаткам дэманічнага зняволення або прывязвання нейкага дэмана да канкрэтнага чалавека і нават цэлых сем’яў. У якасці ратунку яны раяць цалкам пазбавіцца ад гэтых «лекаў» і прыступіць да сакрамэнту пакаяння (споведзі), каб разарваць усялякую сувязь з сіламі цемры.

Трэба таксама памятаць, што некаторыя прэпараты, якія называюць гомеапатычнымі, не маюць нічога агульнага з сапраўднай (магічнай) гамеапатыяй. Яны адносяцца да катэгорыі або эксперыментальных лекаў, або фітатэрапіі (эксперыменты з расліннымі прэпаратамі).

Разам з гомеапатычнымі лекамі часта прадаюцца звычайныя «падманкі» — у лепшым выпадку вітамінізаваная вада або парашкі, якія выклікаюць у пацыента ўражанне, што ён лечыцца, і спрыяюць паляпшэнню яго псіхічнага самаадчування (эфект плацэба). Блытаніна самых разнастайных методык і прэпаратаў нетрадыцыйных (ненавуковых) спосабаў лячэння пад агульнай шыльдай «гамеапатыя» прыводзіць да непаразуменняў, псіхалагічнай, маральнай і рэлігійнай напружанасці. У такім выпадку варта прыслухацца да старажытнай мудрасці Касцёла: яна раіць у сітуацыі маральнай няўпэўненасці і высокай верагоднасці пагрозы трымацца як мага далей ад эксперыментаў са сваім духоўным і фізічным здароўем.


 Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла