Святая Кацярына

Жыві сваім уласным жыццём

Св. Кацярына – заўсёды чыстая, светлая, добрасумленная жанчына, чыё жыццё прасякнута Божай мудрасцю. Яна была дачкой караля, і, як апавядае легенда, пераўзыходзіла ў прыгажосці жанчын свайго асяроддзя. Яе бацькі рана памерлі. Яна жыла ў палацы адна са сваімі слугамі і ўдасканальвалася ў розных майстэрствах і навуках. Адзін пустэльнік навярнуў яе ў навуку Хрыста і ахрысціў. Калі ў горад прыехаў імператар Максэнцый, які пераследаваў хрысціянаў, св. Кацярына адкрыта выступіла супраць яго. Імператар быў вельмі ўражаны прыгажосцю і мудрасцю маладой жанчыны. Ён загадаў, каб прыйшлі пяцьдзясят філосафаў, якія павінны былі аспрэчыць св. Кацярыну. Але гэта ў іх не атрымалася. Наадварот, многія з іх нават ахрысціліся. Імператар быў моцна раззлаваны, ён загадаў спаліць на вогнішчы філосафаў, якія прынялі хрост, а св. Кацярыну біць прутамі. Але анёлы клапаціліся пра святую і ацалілі яе раны. Ноччу імператрыца наведала палонную і ўбачыла яе ў яркім святле. Пасля размовы з ёю погляды імператрыцы таксама змяніліся і яна прыняла хрост. Калі імператар вярнуўся з паездкі, ён здзівіўся, што св. Кацярына выглядала такой жа квітнеючай, як і раней. Ён загадаў падрыхтаваць чатыры жалезныя колы, на якія былі прымацаваныя вострыя цвікі: імі св. Кацярына павінна была катавацца да смерці. Але на дапамогу прыйшоў анёл і знішчыў колавы механізм. Тады імператар, перапоўнены гневам, загадаў адсекчы святой галаву, але з яе цела замест крыві выцякала малако.

Касцёл успамінае св. Кацярыну 25 лістапада, напрыканцы літургічнага году. Гэта святая ўводзіць нас у перыяд Адвэнту, калі мы чакаем прыйсця Хрыста, які нарэшце робіць нашае жыццё цэльным і гарманічным.
 
Легенда пра св. Кацярыну перапоўнена сімволікай. Захапляе мудрасць жанчыны, якую не змаглі перамагчы пяцьдзясят мужчын. Св. Кацярына мела веды, якія вынікалі з яе адносінаў з Богам і з унутранай чысціні. Кола, з якім яе малююць, можа мець розныя значэнні. Па-першае, гэта вобраз сонечнага кола. Св. Кацярына — дачка сонца, яна асвятляецца ад яго святла. Яна прасветленая жанчына, містык. Але кола таксама можа быць і колам смерці. Анёл разламаў яго, і св. Кацярына больш не прывязаная да ўзлётаў і падзенняў лёсу, да кола, якое катуе яе да смерці. Яна сапраўды вольная. Сёння многія людзі катуюць сябе да смерці такімі самастойна зробленымі коламі свайго жыцця. Такімі коламі могуць быць планы, у якіх можна сябе заблытаць, альбо таксама лад жыцця, які зноў і зноў паўтараецца. Зноў і зноў я аднолькава рэагую. Я шукаю ў сабе віну. Я трапляю ў сітуацыі, якія прыносяць шкоду і паўтараюць раны з дзяцінства. Я адчуваю, што людзі не ўспрымаюць мяне ўсур’ёз, як раней бацька. Многія людзі пакутуюць ад такіх колаў лёсу. У іх складваецца ўражанне, што ўсё паўтараецца. У гэты момант св. Кацярына становіцца знакам надзеі на тое, што старыя колы будуць разбураныя. Нас больш не будзе катаваць кола нашага ладу жыцця. З’явіўся анёл — і разбурыў кола. Гэтак становіцца дасягальнай сапраўдная мудрасць. Малако, якое выцякала з абезгалоўленага цела святой, з’яўляецца знакам «сафіі», мудрасці.

Калі лад жыцця разбураны, нам адкрываецца сапраўднае разуменне сутнасці падзей, сутнасці чалавечага жыцця. Задача ў тым, каб зразумець, што, уласна кажучы, адбываецца ў нашым жыцці. Сэнс у тым, каб стаць здольным жыць сваім уласным жыццём, каб гэта было жыватворнай крыніцай для іншага. Май адвагу жыць сваім жыццём. Ты не залежыш ад кірунку кола твайго ладу жыцця, якое ўрэзваецца ў цябе сваімі вострымі цвікамі. Анёл будзе разломваць таксама і кола твайго жыцця, каб ты мог жыць сваім уласным жыццём. Ты не пракляты, каб паўтараць балючыя сітуацыі з твайго дзяцінства. Кола разбурана. Ты вольны. Цяпер жыві мудрасцю, якую табе падараваў Бог.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.

Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not.
Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла