Сведчанні памерлай дачкі

Гэтыя лісты ў рэдакцыю даслаў кс.Яраслаў Вішнеўскі, які цяпер працуе ва Узбекістане. Нейкі час ён перапісваўся з 15-гадовай Уршуляй  Яромін з Чарнэй Беластоцкай (Польшча). Дзяўчына хварэла на анкалогію. Марыла паправіцца і стаць доктарам, каб лячыць дзяцей. Аднак Божы план быў іншым...  Аб тым, што Уршуля памерла, кс. Яраславу напісаў яе бацька, які даслаў і некалькі  лістоў сваёй дачкі.

Ліст ад бацькі

Дарагі ксёндз Яраслаў, наша Уля адышла да Пана ў сераду ў 10.45. Адыходзіла ў хвале Божай падчас малітвы. Пры ёй было чатыры ксяндзы, бацькі, родная сястра, Езус і Марыя, а таксама яе патронка св. Вераніка. На апошніх словах літаніі да ўсіх святых аддала дух. Цярпела... вельмі!

Родныя, як і шмат іншых людзей, прасілі Бога аб аздараўленні Улі. Мора малітваў, у цэнтры якіх была мая дачушка, было такім неабсяжным, такім цудоўным! Я не ведаў, што мы маем дачку, гэтак моцную Богам і любоўю, дзякуючы якой мноства людскіх душаў атрымае ацаленне, бо малітва ніколі не бывае дарэмнай. Хвароба яшчэ больш пераканала яе ў тым, што яна павінна быць урачом, таму што Бог аздараўляе праз дактароў, а яна так хацела дапамагчы ўсім хворым дзецям!

Калі Дабрачынны фонд хацеў выканаць яе мары, памятаю, як яна спытала ў мяне, ці можна папрасіць, каб купілі ёй тое, што яна магла б аддаць іншым дзецям. Як ёй моцна балела ўсё ў роціку! З-за гэтага яна не магла нічога есці. Аднойчы я ў трывозе сказаў пры ёй, што гэта цягнецца вельмі доўга. Яна адказала: «Татусь, няхай лепей мне баліць, чым той малой Юлі». Я ўпэўнены, што цяпер магу прасіць у яе заступніцтва перад нашым Панам Езусам Хрыстом.

Высылаю сведчанне Улі, напісанае ёю ў сакавіку гэтага года. Да гэтага часу ніхто яго не бачыў, аднак Уля згадзілася на публікацыю.

Прашу аб малітве за мяне, маю сям’ю, каб на хвалу Пана Бога давалі сведчанне веры. Мы са свайго боку молімся за ксяндза і місіі!

З найлепшымі пажаданнямі — Кшыштаф Яромін.

Зразумець цярпенне...

...Часам задумваемся, чаму мы церпім. Езус ужо адмучыўся за нашыя грахі, Ён аддаў за гэта сваё жыццё. Здаецца, мы павінны мець супакой. Аднак жа — не.

Цярпенне робіць чалавека высакародным. Вельмі прыгожыя словы. На жаль, не праўдзівыя. Боль не можа прыносіць дабро. Хто гэта ўвогуле выдумаў? Боль паходзіць ад сатаны, таму не можа несці дабро. Гэта Бог заўсёды хоча нашага дабра, а сатана, злы падманшчык, заўсёды змагаецца. Кожную хвіліну Пан Бог вядзе барацьбу з д’яблам за нашыя душы. Калі мы супрацьстаім злу, тады перажываем цярпенне. І калі мы гэта так сабе ўявім, то можам упасці ў спакусу ганарліва думаць, што можам дзеля Езуса пацярпець.

На кожнае такое пытанне мы, простыя людзі, не можам даць адказу. Толькі Пан Бог, Найвышэйшы і Найдасканалейшы, ведае ўсё. Галоўнае, не наракаць, калі штосьці баліць. Даверым гэта Пану Богу, і Ён нас вызваліць у самы лепшы для нас момант. Не трэба таксама думаць, што, маўляў, падчас цярпення я памалюся і боль адыдзе. Часам хопіць адной малітвы, часам патрэбна вельмі шмат малітваў, а часам нашыя малітвы ўвогуле не даюць таго, чаго мы чакалі. Аднак, калі будзем прасіць Пана, каб гэты боль ад нас прыняў, то Ён з гэтага цярпення выцягне шмат дабра.

Цяпер, калі я хварэю на лейкемію і прашу Бога аб цудзе аздараўлення, мяне час ад часу наведваюць думкі, што такая воля Пана Бога. Потым разважаю, а ці сапраўды такая воля Бога і, калі пачынаю гразнуць у сваёй блытанай свядомасці, нагадваю сабе, што з’яўляюся толькі слабым чалавекам і нічога не ведаю, а Бог вельмі мудры і разумее мае думкі нават тады, калі я іх не разумею. Малюся аб тым, каб Пан аздаравіў мяне цудоўна, хутка і цалкам, таму што я гэтага хацела б. Аднак малюся таксама і аб тым, каб быў у гэтым найлепшы вынік, каб паўстала з гэтага найлепшае сведчанне і, калі Бог вырашыць забраць мяне да сябе, каб увесь час моцна падтрымліваў маю сям’ю, каб умелі пра гэта сведчыць.

Ніхто не гаворыць, што павінны маліцца аб спаўненні волі Пана, толькі аб тым, каб быць да яе гатовымі. Мы можам маліцца за тое, чаго хочам, можам выказваць гэтыя прагненні, аднак трэба быць гатовымі, што гэта можа не споўніцца, бо Пан Бог мае свой план. Нават Езус у садзе Аліўным расказаў Богу Айцу пра тое, чаго б хацеў, і ў той жа час прасіў, каб сталася так, як Пан для Яго запланаваў.

Сэнсу цярпення не разумеем... Калісьці ад некага пачула, што анёлы зайздросцяць нам, бо мы можам пакутаваць у імя Хрыста. З таго часу, як хварэю, пра гэта думаю і мне становіцца лягчэй, а таксама ганаруся, бо гэта азначае, што не пазбягаю нападкаў шатана.

Калі церпіш, трэба згадаць, што любіш Бога, а калі любіш Яго, жыццё мае сэнс і ўсё мае вартасць, нават цярпенне.

Уля

Ацаніць...

Ці бачыла сёння любоў? Яе, сапраўды, можна заўважыць! Толькі трэба ўважліва прыгледзецца. Я хварэю на лейкоз лімфабластомы. Гэта толькі пачатак хваробы і лячэння, таму можна было б сказаць: «Навошта пісаць сведчанне, калі толькі-толькі пачынаеш цярпець?». Аказалася, што можна.

Хвароба пакуль што не дае аб сабе знаку, але лячэнне неабходна і яно вельмі цяжкае. Заснавана яно на хіміятэрапіі і мностве іншых сродкаў (таблеткі, уколы). На дварэ пачатак лютага, да таго ж мой імунітэт аслаб і я знаходжуся ў неабходнай ізаляцыі. Ляжу ў сваім пакоі адна і не магу выходзіць за яго межы. Калі хтосьці да мяне прыходзіць, павінен, па-першае, быць 100% здаровы, па-другое, гэта — найбліжэйшыя (мама, тата), акрамя іх — урачы і медсёстры. Безумоўна, усе ў масках і фартухах. Маю вялікае акно. За ім бачу тэрыторыю шпіталя, малы фрагменцік. Ёсць невялікая тэраса, але цяпер холадна, таму сяджу замкнёная. Гэта быў такі ўступ.

Аднаго вечара ляжала ў ложку і разважала. Глядзела на здымак свайго сабакі, які чакае мяне дома. Падумала, як шмат радасці прыносіць ён штодня ў маё жыццё, як ён цешыцца, калі мяне бачыць. Гэта толькі сабака, і я зразумела, што ён мае вялікае значэнне для мяне. Тады падумала таксама і пра іншыя рэчы, пра людзей, бо, калі дагэтуль недаацэньвала звычайную жывёліну, то як жа шмат у жыцці прайшло міма!

Мае бацькі. Вярталася штодня са школы, хвілінку размаўляла з імі, а потым ішла ў свой пакой. Увечары звычайна сядзелі разам каля тэлевізара. Чаго бракавала? Любові! Павінны былі разам сесці, памаліцца, пагаварыць, прызнацца, як любім адзін аднаго. Цяпер, калі тут ляжу, усё б аддала, каб сядзець з імі ўвечары і ўдзень. Мы павінны гэта цаніць!!!

Мая старэйшая сястра. Я ніколі не дзякавала ёй, сапраўды, ніколі, за тое, што яна спявала і гуляла са мною, размаўляла і смяялася. Мы не дзякуем за штодзённыя справы, ані Богу, ані людзям, але ж праз удзячнасць наша жыццё набывае сэнс.

Прыяцелі, знаёмыя. Праводзіш з імі час, а ці цэніш тыя хвіліны? Ці дзякуеш за іх Пану? Гучыць па-старасвецку проста: «Калі нешта губляеш, тады пачынаеш цаніць». Напэўна, твая бабуля таксама так гаворыць, але я нікому не жадаю ў гэтым пераканацца. А я пераканалася, увесь час пераконваюся падчас гэтай хваробы. Разважаю, што магла б цяпер прагульвацца па вуліцы і дзякаваць Богу за неба, за паветра, якім дыхаю. Аднак сёння магу дзякаваць за шпітальную духату, але і за яе шчыра дзякую, бо гэта, сапраўды, шмат.

Сёння, выходзячы з дому, ці заўважылі вы, колькі дароў і ласкаў паслаў ужо Пан Бог? Упэўнена, што не. А я пачынаю разумець, што тое дрэва, да якога можаш дакрануцца па дарозе дамоў альбо па дарозе ў школу, ці на працу, — гэта неверагодны дар. Тое, што можаш глытаць, есці — таксама вялікі дар. Калісьці бывае ўжо запозна шкадаваць, што ты не змог гэтым нацешыцца.

Шукай любові!!! Яна ёсць усюды! На 100%! Дастаткова паглядзець у вочы сваёй матулі, каб знайсці любоў. У бабуліным бісквіце ёсць любоў! У дзядулі ёсць любоў! У сабакі!

Паразважай, як шмат яшчэ мусіш ацаніць. Як шмат табе Бог ужо даў і як шмат яшчэ хоча даць. Ты гэта толькі ўрэшце ацані! А найважнейшае тое, што кожны чалавек на тваёй жыццёвай дарозе — гэта ласка. Той, хто дапаможа табе і той, каму дапаможаш ты. Той, хто моліцца за цябе і той, за каго молішся ты. А тыя людзі, якія паступаюць адносна цябе не зусім добра, яны цябе асвячаюць. Мусіш за іх маліцца і мусіш за іх дзякаваць, бо гэта яны скіроўваюць цябе да святасці.

Не напісала сведчання аб неверагодным цудзе аздараўлення ад лейкеміі. Але Пан аздаравіў зрок майго сэрца, і цяпер я магу дзякаваць за кожную дробязь майго жыцця. За тое, што магу сесці, магу ўстаць, бо і гэта не заўсёды магчыма. Веру, што Бог можа мяне аздаравіць хутчэй, чым прадугледжвае гэта лячэнне. Аднак, калі Ён захоча, лячэнне будзе праходзіць паволі альбо выздараўлення не будзе. Гэта хвароба не з’яўляецца невылечнай, аднак таксама ведаю, што б Пан Бог ні зрабіў з маім жыццём, гэта будзе сведчаннем веры і любові. Я пераканана, вылечуся альбо памру, маё жыццё будзе доказам таго, што мы павінны навучыцца глядзець перад сабою з любоўю на ўсіх і ўсё, чым Пан Бог нас адорвае, і цаніць кожную хвіліну, якая вядзе нас да збаўлення.

Калі ж я памру, то стану сведчаннем для маёй сям’і, якая павінна будзе паказаць, што яна гэта цэніць, цэніць маё цярпенне і пасвячэнне.

Уля, 15 гадоў.

P.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, кс. Яраслаў Вішнеўскі даслаў невялікі ліст, у якім піша: «Тыдзень таму па маёй просьбе Кшыштаф Яромін узяў апеку над дзяўчынкай з Ташкента Ангелінай Матаковай, якая вучыцца ў ліцэі ў польскім Падляссі. Яна мае столькі ж гадоў, як і Уля, і знешне вельмі падобная. Ангеліна паходзіць з беднай каталіцкай сям’і, і ёй вельмі патрэбная такая апека. Пан Бог забраў Уршулю, а падараваў Ангеліну. Провід!».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла