Збіраючы плён Году веры

Вітаю вас, паважаная рэдакцыя! Хачу распавесці пра тое, як у маім жыцці прайшоў Год веры. Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на ліпень, калі адбыліся дзве важныя для мяне падзеі. Пасля цяжкай хваробы я памяняла месца жыхарства, бо не магла жыць самастойна. Праз два гады маё здароўе палепшылася, за што я вельмі ўдзячная Пану Богу. І вось 5–6 ліпеня, пасля гадавога перапынку, я зноў ездзіла ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай на 400-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза ў будслаўскай святыні. У гэтым годзе я асабліва адчувала патрэбу ў пілігрымцы — хацела аддзячыць сваёй Матулі за Яе апеку і за вяртанне мне здароўя. Ува мне ўвесь час жыла вера ў тое, што я папраўлюся і прыеду ў Будслаў, каб на каленях перад абразом Маці Божай аддаць хвалу і падзяку Пану Богу за спасланыя ласкі. Падчас будслаўскіх урачыстасцяў я не адчувала ніякіх цяжкасцяў, усю ноч не заплюшчвала вачэй, малілася ў святыні і дзякавала Маці Божай, якая дала мне магчымасць прыехаць да Яе.

25 ліпеня ў маім жыцці адбылася яшчэ адна цудоўная падзея: я пабывала ў Ельску на кансэкрацыі каталіцкай святыні імя св. Якуба. Гэтая святыня мне вельмі дарагая. Урачыстую св. Імшу цэлебраваў кс. біскуп Антоні Дзям’янка, прыехалі святары з суседніх парафій, прыбыло шмат вернікаў з Ельска,  Мазыра і Лельчыцаў. Св. Імша суправаджалася прыгожымі спевамі вернікаў і музыкай, якую выконваў арганіст Сяргей. Дзякуй Богу за тое, што вернікі Ельска атрымалі сваю каталіцкую святыню, у якой знаходзіцца жывы Бог. Гэта пакуль яшчэ не завершаная каплічка, але ў нядзелю і святы ксёндз Вінцэнты служыць тут св. Імшу.

Пішу я пра гэтую святыню яшчэ таму, што пражыла ў Ельску ўсё сваё свядомае жыццё — з 1965 да 2012 года. Больш за 40 гадоў давялося там працаваць, каб паставіць на ногі траіх дзяцей, якія рана засталіся без бацькі, і даць ім адукацыю. Муж працаваў ветурачом і памёр, калі яму было 50 гадоў, на другі год пасля аварыі на ЧАЭС. У 1980 г. я забрала да сябе маму, якая жыла ў Браслаўскім раёне. У 1990 г. яна адышла ў вечнасць, маючы 83 гады. Мая мамачка мела вельмі глыбокую веру і прышчапляла яе нам, дзецям вайны (я з 1939 года), вучыла нас катэхізісу, а мы з сястрою і братам, седзячы на печы і церпячы голад і холад напрыканцы вайны, уважліва слухалі яе. Да споведзі я пайшла ў 7 гадоў у пеліканскім касцёле, і ў гэты час ужо разумела і магла расказаць святару ўсё, чаму навучыла мяне мамачка, калі тата служыў на вайне з 1939 да 1945 года. Аднак, калі я прывезла сваю маму ў Ельск, яна вельмі засмуцілася, бо тут ніколі не было касцёла. Паблізу нашага дома стаяла праваслаўная царква Святой Тройцы, і мама некалькі разоў хадзіла з суседкамі ў нядзелю на літургію, але хутка сказала, што там не моляцца, у іх няма ні Ружанца, ні малітоўніка... Толькі стаяць групамі і размаўляюць пра рознае... Прабачце, так было раней, цяпер, кажуць, многае змянілася...

У мяне заўсёды быў мамін ружанец, але ў касцёл я не хадзіла да 1995 г., пакуль не даведалася, што ў Мазыры будуецца святыня. У наступную ж нядзелю пасля гэтай навіны я паехала шукаць касцёл, пыталася пра яго ў мясцовых жыхароў... Са слязьмі ў вачах я прыйшла ў святыню і адчувала сябе ў ёй нібы нованароджаная. Папрасіла ў ксяндза малітоўнік на польскай мове «Pokуj wam» і стала амаль кожную нядзелю ездзіць на цягніку ў мазырскі касцёл. Прыязджала на св. Імшу вельмі рана, бо цягнік прыходзіў у 6 гадзінаў, а з дому я выходзіла ў 4 гадзіны. Прыходзіла ў касцёл першая, але ён быў ужо адчынены, і там быў святар. Пасля споведзі ксёндз Юзаф Дзеконьскі заўсёды нагадваў мне: «Маліцеся за ельскіх католікаў». Я малілася, але ў той час амаль нікога з іх не ведала. Потым у Ельск зрэдку сталі прыязджаць на св. Імшу святары з Нароўлі — ксёндз Пётр, ксёндз Войцех. Аднойчы ксёндз Юзаф даў мне з касцёла абраз Божай Міласэрнасці і сказаў: «Завязіце ў Ельск, і няхай ён пілігрымуе па хатах вернікаў на працягу аднаго тыдня». Абраз быў вялікі, зашклёны, я хавала яго як магла, бо ў пакеце ён не змяшчаўся, але ж давезла. Была вясна 2002 года. Снег, слота... Па горадзе ішла 2 кіламетры, людзі пыталіся, што я нясу, і я адказвала ім праўду. Абраз пабываў у хатах усіх ельскіх вернікаў, якіх я ведала. Затым я вярнула яго кс. Юзафу.

Каталіцкае жыццё ў нас змянілася, калі ў нараўлянскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа прыехаў кс. Вінцэнты Сяўрук, у якога яшчэ была святыня Божай Міласэрнасці ў Грушаўцы. З першых дзён прыезду ў Нароўлю (а гэта было ў 2007 г., на пачатку ружанцовага месяца) ён стаў рэгулярна прыязджаць у Ельск на св. Імшу, якую цэлебраваў у дамах вернікаў. У гэты час большасць парафіянаў была ўжо немаладога ўзросту, але гэта былі людзі вельмі глыбокай веры. Многія прыходзілі на св. Імшу, а некаторыя прасілі, каб ксёндз прыехаў да іх, паспавядаў і ўдзяліў святую Камунію. Такіх выклікаў у нашага кс. Вінцэнта заўсёды хапала, і ён ніколі нікому не адмаўляў, прыязджаў нават у шпіталі і рэанімацыю.

Цэлых 6 гадоў кс. Вінцэнты ездзіў да ельскіх вернікаў, у якіх не было свайго касцёла. Аднак праз Маці Божую Ружанцовую, якой кс. Вінцэнты маліўся, едучы сюды ўпершыню, Бог злітаваўся над каталіцкім людам гэтага куточка Беларусі, і вось на голым месцы ў цэнтры горада ўзвысілася святыня. На ўрачыстасці кансэкрацыі вернікі заўважылі, якой радасцю свяціўся твар кс. Вінцэнта, бо ён столькі сілаў затраціў на пабудову касцёла! Католікі Ельска, а таксама навакольных парафій Мазыршчыны віншуюць паважанага кс. Вінцэнта Сеўрука з заснаваннем першай у Ельску каталіцкай парафіі св. Якуба і кансэкрацыяй касцёла! Няхай добры Бог праз заступніцтва Маці Божай і св. Якуба благаславіць гэтую святыню і дае ласку для яе духоўнага развіцця, а кс. Вінцэнту — моцнае здароўе, добрых вернікаў, моцы і вытрымкі ў выкананні ўсіх планаў і задумаў. Усе вернікі віншуюць кс. Вінцэнта таксама і з Днём нараджэння, які ён будзе святкаваць 28 лістапада. Шчыра і сардэчна жадаем Вам, кс. Вінцэнты, апекі Маці Божай і ласкі Пана Бога, каб яны вялі Вас па роўных святарскіх сцежках!

Я са слязьмі на вачах глядзела на тых нямногіх вернікаў, якія цяпер належаць да ельскай парафіі, бо за апошнія два гады адышлі ў вечнасць больш за дзесяць парафіянаў, якія былі прыкладам сапраўды глыбокай веры. 25 ліпеня яны радавілся ў небе разам з маёй мамачкай за такі дар Бога ў гэтым Годзе веры. Ці ж гэта не цуд, які ўчыніў міласэрны Бог? Не будзем сумаваць з-за таго, што сёння няшмат веруючых. Прыйдзе час, і людзі, як згубленыя авечкі, знойдуць свайго Бога і прыйдуць да свайго Пастыра.

Ванда Кандрат (Дзенісенка),
г. Жыткавічы Гомельскай вобласці.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла