ХАЙ ЖЫВЕ БОЖЫ ДОМ!

«Белым ветразем свеціць здалёку касцёл», — гэтыя словы з верша міжволі ўзгадваеш, калі, набліжаючыся да вёскі Параф’янава, што на Докшыччыне, бачыш у перспектыве цуд архітэктуры неабарока — касцёл Імя Марыі. Вядомы сваім пакутніцкім лёсам у часы палітычных пераменаў і катаклізмаў ХХ стагоддзя, ахвярнасцю святароў, якія ў розныя гады неслі тут душпастырскую паслугу, адданасцю вернікаў, якія ніколі не страчвалі надзеі на лепшае, ён быў зноў адчынены пасля 26-гадовага перапынку напрыканцы васьмідзясятых і па сённяшні дзень з’яўляецца цэнтрам культурна-рэлігійнага жыцця мясцовага — і не толькі мясцовага — насельніцтва.

Не абмінулі, аднак, пэўныя складанасці і новай гісторыі святыні і парафіі, на што меліся як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны: масавы зыход з вёскі ў горад моладзі, занядбанасць будынка касцёла, адсутнасць сродкаў на рамонт, частыя змены душпастыраў.

У 2011 годзе парафію Імя Марыі ў Параф’янаве ўзначаліў ксёндз Раман Мурзіч, нараджэнец Мосара, вучань ксяндза Юзафа Булькі. Як адзначаюць парафіяне, менавіта з яго прыходам пачаўся новы, насычаны энергічнымі дзеяннямі перыяд існавання касцёла. Пачаўся са справаў на першы погляд быццам празаічных, ды тым не менш вельмі важных і своечасовых.

Рамонт даху і ўнутраны рамонт будынка, які больш за чвэрць стагоддзя (з 1962 па 1989 г.) выкарыстоўваўся ў якасці склада тутэйшага завода па вытворчасці гарэлкі, асушка, ачыстка ад цвілі і шматлікіх падцёкаў сцен, добраўпарадкаванне тэрыторыі, усталяванне вонкавага асвятлення — усё гэта сталася магчымым дзякуючы зладжаным дзеянням пробашча і парафіянаў.

Асаблівую ж павагу параф’янаўцаў займеў новы душпастыр, калі пачаў разам са сваімі вернікамі даводзіць да ладу занядбаныя, зарослыя дрэвамі ды кустоўем мясцовыя могілкі. І не толькі католікаў, але і жыхароў раёна, пра што сведчаць і публікацыі ў мясцовай прэсе, і водгукі розных людзей з вёскі і ваколіцаў. Ініцыятыва пробашча ў спалучэнні з энтузіязмам вернікаў стала на той час не проста фактам гісторыі касцёла, а сведчаннем таго, чаго можна дасягнуць ва ўсялякай, нават самай няпростай, справе, калі ўзяцца за яе належным чынам, з жаданнем зрабіць як найлепш. І, што асабліва важна, — прыкладам паважлівага стаўлення да памяці продкаў. Бо калі, скажам, 3–4 чалавекі прыходзяць да кладоў, каб навесці там збольшага парадак напярэдадні нейкай урачыстасці, — гэта адно, а калі 50 чалавек увадначас завіхаюцца, працуюць бы мурашы, ды святар побач нароўні з усімі шчыруе — гэта іншае. І вось гэтае іншае парафіяне, мабыць, найбольш у сваім святары і цэняць. За што ён ім, паводле ягоных жа словаў, таксама вельмі ўдзячны.

А працы ўсім падчас тых помных працоўных «дэсантаў» хапіла, без перабольшання, з каптуром. Сёння ж, гледзячы на ўпарадкаваныя, акуратна прыбраныя клады, дзе спачываюць пакаленні прашчураў жыхароў Параф’янава, і цяжка даць веры, што зусім нядаўна панавалі тут гэтак звыклыя для многіх нашых айчынных могілак неўладкаванасць і запусценне.

«Але ж гэта не ўсё яшчэ, — кажа ксёндз Раман. — Вось, мяркуем стацыі Крыжовага шляху ад касцёла да могілак усталяваць. На саміх могілках прыстойныя дарожкі трэба паміж радамі захаванняў пакласці. А яшчэ стаянку для аўто абсталяваць: людзей, асабліва падчас урачыстасцяў, да прыкладу, у той жа дзень Усіх Святых, шмат прыязджае, а тэхніку няма дзе паставіць».  Дарэчы, апроч могілак у Параф’янаве па ініцыятыве ксяндза добраўпарадкаваныя яшчэ адны на тэрыторыі парафіі — у Кіякове.  Адначасова рамантуецца і парафіяльная капліца ў Фарынаве.

Парафія Імя Марыі ахоплівае сёння 30 вёсак і налічвае каля 1300 вернікаў. Вядома, як і ўсюды, тут праводзіцца належная катэхетычная праца, у тым ліку ва ўстановах выхавання і адукацыі — дзіцячых садках, якімі апякуюцца сёстры Марына і Аляксандра, і дзвюх сярэдніх школах. Актыўна развівае касцёл і харытатыўную дзейнасць, дапамагаючы неабходнымі побытавымі рэчамі насельнікам дома састарэлых у вёсцы Вялікія Сітцы і аплачваючы двум дзіцячым садкам кошт будматэрыялаў для рамонту памяшканняў.

12 верасня, у дзень Найсвяцейшага Імя Марыі, у парафіі, як правіла, традыцыйна рыхтуецца вялікая праграма адпустовай урачыстасці, што ўключае, апроч літургіі, выступленні спеўна-музычных (фальклорных і сучасных) гуртоў, ансамбляў, харавых калектываў, дэкламатараў, літаратараў, прадстаўнікоў іншых відаў і жанраў мастацкай творчасці.

Не застаецца касцёл убаку і ад мерапрыемстваў, што ладзяцца ў раёне па захаванні калектыўнай памяці, у прыватнасці, звязанай з падзеямі Другой сусветнай вайны. На пачатку ліпеня 2012 года парафіяне ўзялі ўдзел у асвячэнні ўсталяванага па ініцыятыве іх пробашча крыжа і ў літургіі на мемарыяльным комплексе «Ходараўка», на месцы якога ў 1944 годзе сустрэлі пакутніцкую смерць каля 600 мірных жыхароў з канцлагера «Лібараўшчына» і 200 італьянскіх ваеннапалонных.

А гэтым летам, якраз у Год веры, дзеці з параф’янаўскай парафіі Імя Марыі ўпершыню за ўсю гісторыю яе існавання мелі цудоўную магчымасць сведчыць сваю веру ў іншых краінах: група дзяўчат на чале з сястрой Марынай пабывала ўлетку ў Польшчы, а група з дванаццаці хлопцаў-міністрантаў — у Італіі, дзе ў свой час вучыўся ў вышэйшай духоўнай семінарыі ксёндз Раман Мурзіч.

У 2014 годзе парафія Імя Марыі будзе адзначаць 110-годдзе пабудовы касцёла. Дата значная і знамянальная. Адмыслова да яе плануецца, апроч шмат чаго іншага, выканаць новы, ідэнтычны таму, што маецца зараз, абраз для галоўнага алтара, а таксама прэзентаваць гімн парафіі, тэкст якога склала мясцовая паэтка, парафіянка Марыя Дзюбак.  Сярод іншых узнёслых радкоў ён мае і такія: «Хай жыве Божы дом!». Хай, сапраўды, жыве ў веры, ладзе і яднанні Божы дом Імя Марыі ў Параф’янаве, множачы і развіваючы ўсё тое лепшае, што дасягнута намаганнямі папярэднікаў, што перададуць сённяшнія парафіяне стакроць памножаным і ўзбагачаным новымі добрымі справамі сваім дзецям і ўнукам.

Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва парафіі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла