Навэнна да Хрыста, Валадара Сусвету

Чытаецца на працягу 9 дзён перад святам Хрыста, Валадара Сусвету. 

Гэтая простая навэнна — шчодры падарунак нашага Пана Езуса Хрыста, які даў незвычайнае абяцанне, звязанае з прапанаваным набажэнствам: «Абяцаю вам, што кожны раз, калі вы будзеце чытаць гэтую навэнну, Я навярну дзесяць грэшнікаў, прывяду дзесяць душаў да адной праўдзівай веры, вызвалю дзесяць душаў з чыстца (а многія з іх будуць душамі святароў), а таксама буду менш суровы да вашай краіны ў час суду».


На працягу 9 дзён навэнны чытаюцца наступныя малітвы:

  • Ойча наш...
  • Вітай, Марыя...
  • Хвала Айцу...
  • Малітва да Хрыста, Валадара ўсіх народаў
  • Літанія да Езуса Хрыста, Валадара Сусвету (па жаданні)

Малітва да Хрыста, Валадара ўсіх народаў

О Пане, Божа наш, Ты — адзіны Валадар усіх народаў, Найсвяцейшы і Усемагутны. Просім Цябе, о Боскі Валадар, дай нам міласэрнасць, супакой, справядлівасць і ўсялякае дабро.

Ахоўвай нас, Пане наш і Валадар, ахоўвай нашыя сем’і і родны край. Просім Цябе, найвярнейшы Божа, сцеражы нас, барані перад ворагамі і злітуйся над намі ў час Твайго справядлівага суду.

Усемагутны Валадар, прабач нам грахі, якія мы ўчынілі супраць Цябе. Езу, Ты — Валадар міласэрнасці. Мы заслугоўваем Твайго справядлівага суду. Змілуйся над намі і прабач нам, Пане. Давяраем Тваёй вялікай міласэрнасці.

О Валадар, поўны асляпляльнага бляску, кланяемся Табе і молімся, каб настала Тваё панаванне і каб Тваё Валадарства было прызнанае тут, на зямлі. Амэн.

***

Езус сказаў: «Я жадаю, каб гэтую навэнну маліліся 9 дзён перад святам Хрыста, Валадара Сусвету, але заахвочваю душы маліцца яе таксама на працягу ўсяго года. Мае абяцанні застаюцца нязменнымі, нягледзячы на час, які вы выбераце для чытання гэтай навэнны».

Літанія да Езуса Хрыста, Валадара Сусвету
(для прыватнага чытання)

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, 
Духу Святы, Божа,  
Святая Тройца, Адзіны Божа, — змілуйся над намі.

Хрыстэ Валадар, Бог ад Бога, Святло ад Святла, — прыйдзі Валадарства Тваё.
Хрыстэ Валадар, вобраз нябачнага Бога,
Хрыстэ Валадар, які стварыў свет,
Хрыстэ Валадар, народжаны Паннаю,
Хрыстэ Валадар, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек,
Хрыстэ Валадар, праслаўлены пастушкамі і Трыма Каралямі,
Хрыстэ Валадар, найвышэйшы Заканадаўца,
Хрыстэ Валадар, Крыніца і Узор усялякай святасці,
Хрыстэ Валадар, нашая Дарога і Праўда, і Жыццё,
Хрыстэ Валадар, якому дадзена ўсялякая ўлада ў небе і на зямлі, — прыйдзі Валадарства Тваё.

Хрыстэ Валадар, Спрадвечны Святар,  — пануй над душамі.
Хрыстэ, Валадар розуму,
Хрыстэ, Валадар волі,
Хрыстэ, Валадар цярпення, цернем укаранаваны,
Хрыстэ, Валадар пакоры, на здзек у пурпур прыбраны,
Хрыстэ Валадар, Абраннік паннаў,
Хрыстэ Валадар, які ў Марыі Магдалене ўшанаваў пакаяннае жыццё,
Хрыстэ Валадар, Валадарства якога не з гэтага свету,
Хрыстэ Валадар, які праз каралеўскі дар сваёй любові даеш нам святую
Эўхарыстыю, —  пануй над душамі.

Хрыстэ Валадар, Узор усемагутнасці Айца і любові Духа Святога,  — пануй над сем’ямі.
Хрыстэ Валадар, які надаў сужэнству сакрамэнтальную годнасць,
Хрыстэ Валадар, які ўчыніў першы цуд на ўрачыстасці ў Кане Галілейскай,
Хрыстэ Валадар, найдаражэйшы Сябар дзяцей,
Хрыстэ Валадар, які сваім ціхім жыццём у Назарэце даў прыклад бацькам і дзецям,
Хрыстэ Валадар, які працаю сваіх рук узвысіў і асвяціў працу,
Хрыстэ Валадар, які ўваскрасіў з памерлых і аддаў сем’ям хлопца з Наін, дачку Яіра і свайго сябра Лазара.
Хрыстэ Валадар, які прабачыў грэшнай жанчыне,
Хрыстэ Валадар, праз Тваю любоў да Марыі і Юзафа — пануй над сем’ямі.

Хрыстэ, Валадар валадароў і Пан над панамі,  — пануй над народамі.
Хрыстэ, несмяротны Валадар вякоў,
Хрыстэ, Валадар вечнай хвалы,
Хрыстэ Валадар, Князь супакою,
Хрыстэ Валадар, які на сваіх плячах носіш знак Валадарання,
Хрыстэ Валадар, Валадарству якога не будзе канца,
Хрыстэ Валадар, які пануеш над херубімамі,    — пануй над народамі.

Хрыстэ Валадар, праз любоў, якую ва ўсе часы Ты праяўляў да народаў, што былі Табе верныя, — пануй над сваімі непрыяцелямі.
Хрыстэ Валадар, які «скідваеш магутных з трона і ўзвышаеш пакорных»,
Хрыстэ Валадар, які знішчаеш каралёў у дзень гневу свайго,
Хрыстэ Валадар, які смерцю на крыжы перамог пекла,
Хрыстэ Валадар, які сваім уваскрасеннем перамог смерць,
Хрыстэ Валадар, у дзень Тваёй магутнасці, у хвале Тваіх святых,
Хрыстэ Валадар, праз напоўненую любоўю малітву, якую Ты прамаўляў на крыжы: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць», — пануй над сваімі непрыяцелямі.

С.: Яго Валадарства будзе пашырацца.
Н.: І супакой панаваць будзе бясконца.

С.: Молімся: Усемагутны, вечны Божа, які жадаў усё аднавіць праз свайго наймілейшага Сына, Валадара Сусвету, учыні ў сваёй дабрыні, каб усе народы, падзеленыя грахом, падпарадкаваліся Тваёй прыемнай уладзе. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.


Ілюстрацыя: Monkpress

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней