Божая воля і нашая воля

«Чалавек абараняе свае жаданні, калі ім нешта пагражае. Ён можа бараніцца свядома, адмаўляючыся падпарадкоўвацца Божай волі, або гэта можа быць несвядомы працэс, які часта прымае форму ахоўнага механізму рацыяналізацыі».

Урывак з кнігі «Разважанні аб веры» ксяндза Тадэвуша Дайчэра


Ці паглыбіцца калі-небудзь нашая вера ажно да поўнай адданасці Хрысту, будзе залежаць ад нашага жадання ва ўсім выконваць Ягоную волю і звязаная з гэтым згода на ўкрыжаванне нашае ўласнае волі.
Даверыцца Хрысту – азначае падпарадкаваць сваю волю Ягонай волі. Унутранае жыццё ідзе ў пастаянным напружанні паміж воляю Божаю і воляю чалавека. Гэтае напружанне вынікае з той рэальнасці, што мы пастаянна круцімся вакол уласнае волі, вакол таго, што для нас выгадна, хоць і ведаем, што нашыя планы і імкненні, нашыя жаданні не супадаюць з тым, чаго хоча Бог. Чалавек абараняе свае жаданні, калі ім нешта пагражае. Ён можа бараніцца свядома, адмаўляючыся падпарадкоўвацца Божай волі, або гэта можа быць несвядомы працэс, які часта прымае форму ахоўнага механізму рацыяналізацыі. Механізм гэты паказвае, як шмат у нашых жаданнях і ўчынках шукання ўласнай волі.

У чым жа заключаецца ахоўны механізм рацыяналізацыі? Ён хаваецца ў падмене матывацыі: мы несвядома прыпісваем нашым учынкам тыя матывы, якія нам падабаюцца, адначасова адкідваючы сапраўдныя (фактычныя) матывы, якія нам не падабаюцца. Такім чынам, можна сказаць, што мы, каб рэалізаваць уласныя жаданні і намеры, да ўсяго, што робім, выпрацоўваем пэўную самаапраўдальную тэорыю, якая нас супакойвае. Класічным прыкладам такой ахоўнай сістэмы рацыяналізацыі з’яўляецца сітуацыя, калі маці бароніць свайго сына ад свае нявесткі. Калі дзейнічае ахоўны механізм рацыяналізацыі, маці будзе цалкам перакананая, што кіруецца выключна любоўю да сына, што мае на гэта права, бо яна яго маці і хоча яму дабра. Эгаістычная любоў да сына тады звычайна тоіцца пад несвядомым ахоўным механізмам і выпрацаванай суб’ектыўнай тэорыяй, якая апраўдвае такую пазіцыю. Пераканаць маці, якая так сябе паводзіць, у тым, што гэта яна любіць самую сябе ў сваім сыне, што яна разбівае сужэнства, што павінна не перашкаджаць, а, хутчэй, стаць на бок нявесткі, а не сына, становіцца амаль немагчымым.

Ахоўны механізм рацыяналізацыі з’яўляецца такою моцнаю і непрыступнаю крэпасцю перадусім таму, што гэты механізм несвядомы. Як жа часта кожны з нас прыдумвае нейкую тэорыю, якая апраўдвае нашыя неналежныя паводзіны. Мы гаворым сабе: павінен жа я адпачыць, не магу цяпер гэтым заняцца, я ж маю права на гэта, мяне ж пакрыўдзілі, я ж павінен бараніцца і г.д. Ты нават можаш цалкам аддавацца ўяўнай любові, апостальству, высакародным інтарэсам, а каля вытокаў усяго гэтага можа ляжаць схаваны і неўсвядомлены эгаізм.

Гэта з-за эгаізму нашае ўнутранае жыццё ідзе ў няспынным напружанні паміж нашаю воляю і воляю Бога. Калі жыць вераю азначае адданасць Хрысту і Яго волі, то ў гэтым кантэксце трэба падкрэсліць, што шуканне ўласнай волі – найгоршае, што можа быць. Гэта шуканне з’яўляецца крыніцаю зла і граху, нашага няшчасця і зняволення. Адданасць Хрысту і Яго волі азначае, што тады, калі Яго воля супярэчыць нашай, мы згаджаемся, каб Ён зруйнаваў нашыя планы, каб перакрэсліў іх. Падзеі з жыцця святых часта паказваюць нам такое Божае зрыванне чалавечых планаў дзеля таго, каб воля чалавека магла паяднацца з воляю Бога.


Вось адзін з прыкладаў: святая Тэрэза Авільская едзе ў Севілью, каб там заснаваць новую законную ўстанову. Гэта былі цяжкія часы рэформы. Тэрэза ў той час засноўвала новую, рэфармаваную галіну кармэлітак. Для заснавання ўстановы ў новай мясцовасці ёй, як настаяцельніцы, трэба было паехаць туды разам з сёстрамі. Звычайна сёстры ехалі ў шчыльна крытым возе, бо кармэліткі рэфармаваныя, гэтак званыя босыя, з’яўляюцца кляўзуровымі законніцамі і не могуць паказвацца на людзях. Укрытыя ў захінутай павозцы, сёстры адчувалі сябе ў бяспецы і спадзяваліся, што даедуць, нікім не заўважаныя, бо не хацелі стаць прадметам сенсацыі ці пасмешышча.

Гэта быў дзень Спаслання Духа Святога. Сёстры выехалі з дому вельмі рана. Тэрэза прыкмеціла касцёл, які знаходзіўся ў далёкім прыгарадзе Кардобы, там яны вырашылі затрымацца на адпачынак. Ксёндз Юліян з Авіля павінен быў цэлебраваць для сясцёр святую Імшу так, каб ніхто іх не ўбачыў, а пазней сёстры планавалі ехаць далей. Неўзабаве, аднак, высветлілася, што для таго, каб даехаць да гэтага касцёла, трэба пераехаць праз мост. Гэты мост быў зачынены, бо было вельмі рана, а вартаўнікі сказалі, што ключ знаходзіцца ў бургамістра. Аказалася, што бургамістр у гэты час яшчэ спіць, і ніхто не адважыцца яго будзіць. Трэба было чакаць. Тым часам узышло сонца і пачалася спякота. Вакол возу пачалі збірацца людзі. Некаторыя, найбольш цікаўныя, спрабавалі нават зазірнуць у сярэдзіну павозкі. Урэшце, пасля амаль дзвюх гадзінаў чакання, прынеслі ключ і адчынілі браму на мост. Але аказалася, што воз зашырокі і не можа пераехаць праз мост.

Прайшло яшчэ некалькі гадзін. Святая Тэрэза вельмі моцна прагнула быць у гэтую ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў касцёле на святой Імшы і адначасова вельмі моцна хацела, каб сясцёр ніхто не бачыў. Калі нарэшце ўсе часткі возу, якія перашкаджалі, былі адпілаваныя і сёстры даехалі да касцёла за горадам, іх зноў спаткала чарговая нечаканасць. Аказалася, што акурат у гэтым касцёле свята Спаслання Духа Святога з’яўляецца патранальным і, як звычайна бывае ў такія дні, перад касцёлам і ўнутры яго сабралася вельмі шмат людзей. Гэтага ўжо было занадта. Святая Тэрэза заявіла, што сёння яна гатова нават адмовіцца ад удзелу ў святой Імшы. Іншыя сёстры ўжо таксама хацелі адмовіцца ад удзелу ў ёй. Толькі пазней св. Тэрэза прызнае, што гэта была б тады яе вялікая віна. На шчасце, кс. Юліян сказаў, каб сёстры, не зважаючы на натоўп, ішлі на святую Імшу. Сёстры выйшлі са свайго бяспечнага прытулку і пачалі прабірацца праз перапоўнены касцёл. Святая Тэрэза, якая звычайна вельмі маляўніча расказвала, скажа пазней, што калі людзі ўбачылі сясцёр, захінутых покрывам, у белых самаробных строях, яны зрэагавалі так, як рэагуюць удзельнікі карыды на з’яўленне быкоў на арэне. Тэрэза прызнала, што для яе гэта была адна з самых вялікіх непрыемнасцяў у жыцці. І менавіта гэтаю адною з самых цяжкіх непрыемнасцяў адарыў яе Дух Святы ў сваё свята.

Аднак на гэтым цяжкасці яшчэ не закончыліся. Пасля святой Імшы сёстры зноў былі вымушаны прайсці праз натоўп, які крычаў і тузаў іх у розныя бакі. А калі нарэшце сёстры выбраліся, аказалася, што далей з-за вялікай спякоты немагчыма ехаць. Коні не хацелі цягнуць воз, а ў павозцы было так горача і душна, што рэшту дня сёстры правялі пад мостам, схаваўшыся ў яго ценю (Księga fundacji, rozdz. 24, 12-14). Так з іх планаў нічога не выйшла.

Святы Дух можа сысці на чалавека з такою ласкаю, якая разбурыць усе яго планы. Такія Яго вялікія ласкі прыніжэння. У тым, што перажыла Тэрэза ў дзень Спаслання Духа Святога, была вялікая любоў да яе. Яна так дасканала збудавала свае планы, а Бог гэтыя планы дасканала парушыў, бо яны не адпавядалі Ягонай волі. Ва ўсім гэтым важным з’яўляецца адна вельмі істотная рэч – Дух Святы сышоў на Тэрэзу і іншых сясцёр, бо яны прынялі Яго дзеянне: паддаўшыся Божай волі, мацней прытуліліся да Хрыста. Святы Дух – вялікі Будаўнічы нашай веры, скарыў сясцёр і зрабіў больш убогімі, каб яны былі здольныя прыняць моц Таго, Каго ў Літургіі Касцёла называюць “Айцом убогіх”.

 

Урывак з кнігі «Разважанні аб веры» ксяндза Тадэвуша Дайчэра 

Пераклад з польскай мовы Міколы Новікава

Надрукавана ў «Ave Maria»№ 6–7 (146–147) 2007

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла