Ці лёгка радавацца?

Вось дзень, які Пан учыніў, 
будзем радавацца ў ім і весяліцца!
                                 (Пс 117, 24)

Гэтае пытанне можа падацца дзіўным, і ўсё ж... Ці лёгка? Калі сапраўды над гэтым задумацца, то можна прыйсці да высновы, што непакоіцца, злаваць або раздражняцца нашмат лягчэй і больш звыкла, чым радавацца. І ў гэтым зусім не цяжка пераканацца. Напрыклад, падлічыце (зразумела, прыблізна), колькі хвілін за апошнія суткі Вы правялі ў радасці. Пры гэтым трэба ўлічваць, што радасць — не проста адсутнасць неспакою, няёмкасці, сумневаў і гневу, не проста задавальненне ад добрай ежы альбо гутаркі. Радасць — гэта нешта большае. Дык колькі хвілін атрымалася? А за апошні тыдзень, а за год? Набягае не так ужо і шмат, а калі параўноўваць гэта з тым часам, які праведзены ў страху, сумневах і смутку, то становіцца проста шкада змарнаванага часу.

КОЖНЫ ЧАЛАВЕК ШТОХВІЛІННА ПЕРАЖЫВАЕ НЕЙКІЯ ПАЧУЦЦІ

Часцей за ўсё, мы не надаем ім асаблівай увагі, калі яны не моцна нас непакояць. Зрэшты, нават калі пачуцці моцныя, мы схільныя, хутчэй, знаходзіцца «ўнутры» іх і не ўсведамляем таго, што з намі адбываецца. Так, напрыклад, калі мы ходзім з кута ў кут, не знаходзячы сабе месца, і не можам ні на чым засяродзіцца, адказаць на пытанне «Што ты цяпер адчуваеш?» можа аказацца вельмі складанаю задачаю. У такія хвіліны мы не заўсёды разумеем, што гэта страх перад будучыняю.

Менавіта такія злітыя з нашым «Я» пачуцці, застаючыся незаўважанымі і не названымі, часта ўпотай кіруюць нашымі ўчынкамі. І тады мы ўвесь вечар адказваем на пытанні блізкіх незадаволеным тонам, нават не ўсведамляючы, што ўжо з самай раніцы адчуваем раздражненне. Часам мы цягам тыдняў ходзім з абыякавым тварам, адпалохваючы тых, хто знаходзіцца побач, не да канца разумеючы, што нашыя перажыванні называюцца смуткам. Мы крычым на дзіця за тое, што яно спазнілася са школы, не ўсведамляючы, што гэта крычыць наш страх. Раздражнёна чапляемся да мужа ўвечары, не разумеючы, што гэтак выяўляецца прыкрасць з-за таго, што мы проста занудзіліся адно без аднаго за цэлы дзень. І ўрэшце, заяўляем жонцы, што мы наогул нічога не адчуваем, таму што ў нас «няма часу на такія глупствы, нам трэба зарабляць грошы», не здагадваючыся пра тое, што менавіта цяпер у нашай душы гучыць цэлы аркестр пачуццяў, пачынаючы ад абурэння і заканчваючы крыўдаю.

Так і мінае дзень: здаецца, і пачуццяў не памятаем, і для радасці месца не было.

Радасць, сапраўды, — эмоцыя далікатная, яна можа праявіцца толькі ў тыя моманты, калі мы вольныя ад іншых перажыванняў.

ГАЛОЎНЫ ВОРАГ РАДАСЦІ — ГЭТА СТРАХ, АСАБЛІВА СТРАХ НЕЎСВЯДОМЛЕНЫ

У страху ёсць шмат абліччаў і шмат праяваў, аднак галоўнаю перашкодаю для радасці з’яўляецца страх перад жыццём.

Баяцца жыцця — значыць баяцца будучыні: «што нечакана можа адбыцца?» Баяцца жыцця — значыць баяцца людзей: чужых, таму што яны могуць пакрыўдзіць або прынізіць; знаёмых, таму што яны могуць выкарыстаць цябе; сяброў, таму што могуць здрадзіць; блізкіх, бо могуць кінуць, разлюбіць або таксама здрадзіць. Баяцца жыцця — значыць баяцца сябе: а што, калі я апынуся горшым, чым думаю, а што, калі я горшы за іншых, а раптам мне не ўдасца выклікаць у кагосьці пачуцця любові, а калі ў мяне штосьці не атрымаецца? І ўсё гэта разам азначае баяцца Бога, які клапоціцца пра нашае жыццё: а раптам Пан Бог на самай справе жорсткі, патрабавальны, можа, Ён нават пагардлівы, бо не любіць няўдаліцаў і дурняў, надоўга запамінае нашыя памылкі, карае нават за дробныя правіны і строга наглядае за парадкам. Калі Бог такі, то жыць, сапраўды, страшна. Ці, можа, Ён абыякавы, няўважлівы, часта забываецца пра нас і пакідае на волю лёсу. І ў такім выпадку жыць таксама страшна.

Але ўвесь наш жыццёвы досвед гаворыць: не. Наш Бог іншы. І колькі б гадзінаў за папярэднія суткі або месяцаў за мінулы год мы ні пражылі ў страху, гэта нічога не змяніла, і мы ўсё яшчэ жывём. Жывём, бо мы баімся, а Пан Бог клапоціцца пра нас. Як шкада, што мы патрацілі ўвесь гэты час на страх, а не на радасць.

ЯШЧЭ АДЗІН ВОРАГ РАДАСЦІ — ГНЕЎ

Ён закрадваецца ў наш дзень тоненькім струменьчыкам і займае месца радасці. Ён прыходзіць у выглядзе лёгкай прыкрасці, калі штосьці адбываецца не так, як нам хочацца (і неадкладна). Ён падціскае вусны ад пагарды да тых, хто не падобны да нас. Ён бурчыць ад раздражнення, калі хтосьці думае не так, як мы, ці, больш за тое, пярэчыць нам. Ён наварочваецца на вочы слязьмі крыўды, калі блізкія не адгадваюць нашых жаданняў і не чытаюць нашых думак. Ён узрываецца ад абурэння і шаленства, калі не баіцца атрымаць здачы, а гэта значыць, што ўзнікае часцей за ўсё ў адносінах да дзяцей і тых, хто слабейшы. А яшчэ менавіта ён заўсёды гатовы стаць на абарону нашай пыхі і эгаізму. І ўсё гэта гнеў. Адкуль жа ўзяцца радасці?

РАДАСЦІ МОЖА ПЕРАШКАДЖАЦЬ НУДА

Дзіўнае перажыванне, якое пры сваім узмацненні паказвае: тое, чаго я хачу, я сам сабе забараняю, а ўсё астатняе мне не патрэбна. А калі коратка — нельга мець жаданняў. За гэтым стаіць спроба пражыць жыццё... не жывучы. Не мець уласных індывідуальных, ні на чые не падобных жаданняў азначае не карыстацца сваёю свабоднаю воляю, а гэта значыць — не жыць. Нуда пазбаўляе нас жыцця, крадзе каштоўны час у радасці.


САМАЯ ГАЛОЎНАЯ ПЕРАШКОДА — ГЭТА ЭМАЦЫЙНЫЯ ЗВЫЧКІ

Яны нашмат мацнейшыя за ўсялякія так званыя шкодныя звычкі, таму што фармуюцца ўжо ў час развіцця дзіцяці ва ўлонні маці. Сёння ні для кога не сакрэт, што эмоцыі, якія маці перажывае ў перыяд цяжарнасці, адбіваюцца на дзіцяці. І тады матчын гарманальны фон стварае своеасаблівую пачуццёвую атмасферу вакол дзіцяці. Пасля нараджэння маленькі чалавек трапляе ў «атмасферу сям’і», а ў жыцці гэта значыць, што ён трапляе ў эмацыйныя звычкі бацькоў. У некаторых сем’ях гэта бесперапынны страх: за дзіця, адзін за аднаго, страх перад светам і г. д. У іншых — крыўды, абвінавачванні і пачуццё віны. У кагосьці — гнеў і падазронасць. У кагосьці — няёмкасць і сумневы. Дарослыя, проста не задумваючыся, жывуць так, як прызвычаіліся, і транслююць свае пачуцці ў кожным слове і жэсце. А дзіця вучыцца адчуваць, вучыцца жыць і радавацца, або не радавацца, а...

Якія пачуцці былі звыклымі для вашай сям’і, калі вы былі дзіцем? Якія эмоцыі часта «выпраменьваў» тата?

А мама? Якія пачуцці звыклыя для вашай цяперашняй сям’і? А якія эмоцыі ўжо ўвайшлі ў звычку ў вашага дзіцяці? А цяпер галоўнае пытанне: як часта і як доўга вы радуецеся ўсе разам? Шкада, што ў жыцці так мала людзей, у якіх асноўнай эмацыйнай звычкай з’яўляецца радасць...

Аднак звычкі, як мы ведаем, — справа нажыўная.


УСЁ, ШТО МЫ РОБІМ У ЖЫЦЦІ, З'ЯЎЛЯЕЦЦА ПРАКТЫКАВАННЕМ

Практыкуючыся, мы набываем майстэрства. Так, заўсёды непакоячыся пра штосьці, мы ўсё больш набліжаемся да таго, каб стаць майстрамі неспакою. Але ў той першы дзень, калі мы паспрабавалі не трывожыцца, мы зрабілі першы крок да таго, каб стаць майстрамі спакою. Гэта значыць, што пакуль мы стараемся практыкавацца ў любові да бліжняга чалавека, мы ўсё больш набліжаемся да майстэрства, але ў той дзень, калі мы вельмі стаміліся, забыліся ці паленаваліся папрактыкавацца, мы не проста прапусцілі «трэніроўку», а зноў наблізіліся да майстэрства нелюбові.

Таксама і з радасцю. Не ўдзяліўшы ёй сёння часу, мы зноў практыкаваліся ў майстэрстве страху, гневу або нуды...

Такім чынам, ці лёгка радавацца?

...Але радасць вартая гэтых намаганняў.

Радасць у Госпадзе — гэта сіла ваша (Нм 8, 10)

Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria», № 5 (157) 2008 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла