Што азначае паняцце «Імша грыгарыянская» і «канцэлебраваная Імша»?

Аднойчы да мяне звярнулася парафіянка з пытаннем адносна блізкага памерлага чалавека. Жанчына распавядала, як чула калісьці ад сваёй бабулі, што найбольш эфектыўным сродкам дапамогі для душы ў вызваленні ад пасмяротных караў з’яўляецца Імша-грыгарыянка. «Ці існуе такая Імша?» — пыталася заклапочаная жанчына. Як жа яна ўсцешылася, даведаўшыся, што такая Імша не толькі існуе, але і цэлебруецца ў яе роднай парафіі.


Грыгарыянская святая Імша знешне не адрозніваецца ад звычайнай. Аднак яна мае тры галоўныя (абавязковыя) адметнасці:

  1. гэта Імша толькі за памерлага;
  2. толькі за адну (!) асобу;
  3. яна павінна цэлебравацца без перапынку трыццаць дзён запар.

Практычна выглядае так, што святар на працягу 30-ці дзён цэлебруе па адной св. Імшы ў адной і той жа інтэнцыі (за адну і тую ж памерлую асобу). Толькі па вельмі сур’ёзнай прычыне (непераадольная фізічная, душпастырская ці інш. перашкода) святар можа перарваць паслядоўнасць цэлебрацыі чарговай грыгарыянскай Імшы, але, як толькі мінае перашкода, адразу павінен працягнуць яе справаванне.

Назва Імшы — «грыгарыянская» — паходзіць ад імя святога Грыгорыя Вялікага (540–604). Ён быў першым Папам, выбраным з манахаў (бэнэдыктынаў). У чацвёртым томе сваёй кнігі «Дыялогі» гэты святы напісаў цікавую гісторыю пра аднаго з братоў-бэнэдыктынаў. Гэты манах памёр, не паспеўшы ачысціцца ад граху (утаіў ад братоў тры манеты). Імкнучыся неяк дапамагчы памерламу, святы Грыгорый параіў адправіць за яго 30 св. Імшаў (штодзённа адну Эўхарыстыю за збаўленне душы гэтага брата). Якое ж было здзіўленне святара, калі аднойчы ў сне яму з’явіўся памерлы брат, які дзякаваў за тое, што ён нарэшце вызвалены ад мучэнняў. І гэта здарылася акурат пасля трыццатай Імшы за яго душу...

З часоў св. Грыгорыя звычай 30-дзённай Эўхарыстыі за памерлую асобу распаўсю­дзіў­ся ў Касцёле па ўсім свеце. Цікава, што пад уплывам розных прыватных аб’яўленняў і пабожнасці часам узнікалі спробы цэлебраваць іншыя св. Імшы па прыкладзе «грыгарыянкі» (напрыклад, 44 Ім­шы за жывых), але ўсе гэтыя ініцыятывы або не прымаліся, або былі забароненыя Касцёлам як неадпаведныя Бібліі і каталіцкаму веравучэнню.

Часам можна пачуць кры­тычныя заўвагі адносна вялікай колькасці Імшаў: маўляў, ці колькасць малітвы збаўляе і да т.п.Аднак гісторыя рэальных чалавечых жыццяў, веры і практыкі Касцёла адназначна пацвярджае важнасць і дзейснасць грыгарыянскай св. Імшы. Многія дакументы Апостальскай Сталіцы і Саборы ўхвалялі гэты звычай, праўда, засцерагаючы ад магічнага падыходу да яго (пар. Трыдэнцкі Сабор, дакументы 21-й і 22-й сесій; Sacra Congregatione Indulgentiarum, Decretum, De Gregoriano Tricenaсo de Altan 5. Gregorii In Monte Coelioetde Altribus Gregorianisadinstar, 15.03.1884, AAS 16(1884), с. 508–509; Sacra Congregatione Indulgentiarum, De Gregoriano Missarum Tricenario, 24.08.1888, AAS 21 (1888), с. 254–256; Sacra Congregatio Concilii, Declaratio de continuitatae celebrationis missarum tricenarii gregoriani, 24.02.1967, AAS 59 (1967), с. 229–230).

Нават звычайнае разуменне таго, што для дарагой нам асобы заўсёды хочацца аддаць найкаштоўнейшае, наводзіць на думку, што чым больш нешта дарыш дарагой асобе, тым больш пацвярджаеш сваю любоў да яе. А ці можа быць нешта большае за Ахвяру Хрыста, за Любоў Бога, за Эўхарыстыю? Хто больш любіць Бога: той, хто рэдка, ці той, хто часта імкнецца ўдзельнічаць у св. Імшы з любові да Яго? Здаецца, адказ відавочны.

Таму нармальна, што св. Імша цэлебруецца не адзін раз, і мы прымаем св. Камунію не раз у жыцці, а столькі, колькі можам, бо як любім, так верым і так молімся, і штодзённа імкнемся пацвердзіць сваю любоў канкрэтным дзеяннем.

Крытычнасць адносна неабходнасці грыгарыянскай св. Імшы часам пераклікаецца з крытыкай яшчэ адной, але зусім адваротнай літургічнай з’явы, таксама звязанай з колькасцю, — гэта канцэлебраваная Эўхарыстыя.

Так называецца св. Імша, падчас якой каля алтара адначасова справуюць літургію некалькі святароў («concelebratio» (лац.) — «сумесная цэлебрацыя», «сумеснае дзеянне»). Калі на «грыгарыянцы» служыць адзін святар і шмат Імшаў, то тут наадварот: шмат святароў служаць на адной Імшы. Некаторыя вернікі не разумеюць, навошта на адной і той жа Імшы адначасова некалькі святароў справуюць Найсвяцейшую Ахвяру з рознымі інтэнцыямі. Тады ў іх можа ўзнікнуць пытанне: падчас канцэлебрацыі мы прысутнічаем на адной св. Імшы ці на некалькіх?

Адказ на пастаўленае пытанне нам даюць шматлікія дакументы Апостальскай Сталіцы (напр., «Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала» або Канстытуцыя аб літургіі «Sacrosanctum concilium» Другога Ватыканскага Сабору, 1963 г.). У іх падкрэсліваецца, што ўсе святары падчас сумесна справаванай Эўхрыстыі здзяйсняюць Адзіную Ахвяру Езуса Хрыста, і пры гэтым кожны святар цэлебруе паводле індывідуальнай інтэнцыі.

Цікава, што ў рыма-каталіцкім абрадзе Касцёла яшчэ не так даўно канцэлебраваная св. Імша была рэдкасцю. Святары сумесна справавалі Эўхарыстыю толькі са спецыяльнай нагоды, хаця канцэлебраваная літургія была шырока распаўсюджана ў старажытным Касцёле ад яго пачатку, пра што ўскосна сведчыць нават Апостал Павел (пар. 1 Кар 10, 16), пазней, з V ст., яна пачала станавіцца рэдкасцю. Вяртанне да шырокага выкарыстання гэтай практыкі ініцыяваў Другі Ватыканскі Сабор (пар. Sacrosanctum concilium, 57).

Касцёл на найвышэйшым узроўні заахвочвае да менавіта такога спосабу перажывання св. Імшы, каб выразней падкрэсліць адзінства святарства і адзінства ўсіх святых Імшаў, калі мы ўдзельнічаем у адной і той жа Адзінай Ахвяры Езуса Хрыста, у якую ўключаем свае інтэнцыі.

Спецыяльны дэкрэт Кангрэгацыі рытаў ад 1965 г. (AAS 57, 411), ініцыюючы вяртанне да шырокага выкарыстання канцэлебраванай літургіі, таксама падкрэ­сліў, што ў справаванні св. Імшы многімі святарамі разам пад кіраўніцтвам галоўнага святара-цэлебранта мацней адлюстроўваецца адзінства складанай Ахвяры, падчас якой кожны святар увасабляе Найвышэйшага Святара — Езу­са Хрыста («in persona Summi Sacerdotis»).

Канцэлебраваная літургія дапамагае ўсвядоміць, што няма Імшы нейкага спецыяльнага ксяндза, а ёсць толькі адна святая Імша Езуса Хрыста, і кожны святар моцаю прынятага сакрамэнту кожны раз увасабляе тую самую Ахвяру Божага Сына, давяраючы Божай міласэрнасці нашу чалавечую інтэнцыю (просьбу, падзяку, перапрашэнне).

Нягледзячы на розныя літургічныя звычаі, іх колькаснае і знешняе адрозненне, кожная св. Імша ўвасабляе адну і тую ж Таямніцу. На кожнай Эўхарыстыі праз літургічныя дзеянні святар сакра­мэнтальным чынам увасабляе Хрыста — Найвышэйшага Святара, які складае Сябе самога ў Ахвяру Богу Айцу дзеля збаўлення ўсяго свету. У гэтую Ахвяру Езуса святар уключае нашыя інтэнцыі, праз якія мы і нашыя блізкія маем магчымасць карыстацца пладамі Хрыстовага адкуплення.


 Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Фота Валянціны Аўсянікавай

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла