Пазнаць свае межы. «Ролевыя межы»

Мы працягваем размову пра межы, уласцівыя чалавеку. Мы расцем, і змяняюцца нашыя ўзроставыя межы. А паколькі мы існуем у грамадстве, у соцыуме, мы выконваем там пэўныя ролі: дзяцей, бацькоў, начальнікаў і падначаленых. Гэта абумоўлівае нашыя ролевыя межы.


Асабліва складана з межамі паміж мужам і жонкаю. «Стануць яны адным целам» (Быц 2, 24), — кажа Пан Бог. Як гэта зразумець? Двое — як адно цела і адначасова маюць межы. Што гэта за межы? Бог кожнаму прызначыў сваё месца на зямлі. Муж і жонка злучаюцца, становяцца адным целам, але не раствараюцца адно ў адным, не змешваюцца, інакш нічога добрага з такога сужэнскага жыцця не выйдзе.

Жанчыны, выконваючы ролю жонкі і маці, часта перажываюць дзве крайнасці: або «я і жонка, і муж, і маці, і бацька, я — усё, і без мяне гэты свет рухне», або «я такая адзінокая і бездапаможная, што нічога не магу, і мне абсалютна неабходны мужчына, каб надаць жыццю сэнс». У мужчын часцей сустракаецца іншая крайнасць: бегчы ад адказнасці столькі, колькі атрымліваецца, станавіцца «старэйшым дзіцем» у сям’і.

Грамадскія межы, напрыклад, на працы — гэта таксама важна. Кожны мае свае абавязкі, якія мусіць выконваць. Але здараецца, што нехта просіць нас аб паслузе: адзін раз, другі, трэці. І мы заўважаем, што за наш кошт чалавек расце і развіваецца, а мы самі стаім на месцы. Здараецца і наадварот: адзін супрацоўнік упэўнены ў тым, што ён найлепш ведае, што і як трэба рабіць, і бясконца раздае ўсім парады. Гэта неабходна выпраўляць — вызна­чыць межы.

Чаму іх складана вызна­чаць? Мы баімся пакрыўдзіць іншага чалавека, нам хочацца падабацца іншым, здавацца моцнымі. Мы і самі можам не ведаць, чаго канкрэтна хочам, баімся, што, вызначыўшы межы, страцім дарагіх і важных людзей або працу. Вельмі моцны механізм, які перашкаджае вызначаць межы, — гэта пачуццё віны, а таксама ахвярнасць, якую мы няправільна разумеем.

Аднак сфармаваць межы ва ўсіх жыццёвых сферах неабходна, таму што без іх чалавек не можа нармальна функцыянаваць. І, больш за тое, ад гэтых несфармаваных межаў пакутуюць і яго блізкія. Не маючы ўласных межаў, чалавек парушае чужыя. З ім неспакойна, бо невядома, чаго ад яго чакаць. Ён перакладае адказнасць на іншых. Побач з такім чалавекам заўжды бывае адчуванне, што яго «зашмат».

У касцёльным асяродку сумна часам назіраць за людзьмі, пераважна за жанчынамі, якія, не вызначыўшы межаў, з галавою патанаюць у розных касцёльных справах: з раніцы да вечара праводзяць час у касцёле, удзельнічаюць ва ўсіх малітоўных групах, дапамага­юць бамжам, алкаголікам, нар­ка­ма­нам — усім, акрамя ўлас­най сям’і і блізкіх. Муж застаецца без жонкі, а дзеці — без маці. Гэта няправільна.

Калі чалавек не захоўвае ўласныя межы — гэта самападман. А калі парушае чужыя — гэта пыха. Не здзіўляйцеся. Пыха — гэта заўжды падман, спроба засяродзіць на сабе ўва­гу. Пыха змушае чалавека перакладаць на іншых адказ­насць, маніпуляваць, прымушаць, ціснуць. А пакора — гэта заўжды праўда пра сябе, веданне і правільная ацэнка ўласных здольнасцяў і магчымасцяў.

Захоўваць і фармаваць свае межы — гэта тое самае, што пазбаўляцца залежнасцяў і сузалежнасцяў. Гэта будзе тэмаю нашай наступнай гутаркі.

А цяпер я прапаную вам, дарагія чытачы, практычнае заданне на тэму вызначэння ўласных межаў. Лепш за ўсё выканаць яго ў касцёле падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад табэрнакулюмам або падчас выстаўлення Сакрамэнту. Няхай гэта будзе шчырая размова з Езусам Хрыстом, і закраніце ў ёй наступныя пытанні.

1. «Бог усталёўвае мір на маіх межах» (пар. Пс 147, 14) — у мяне ёсць межы, свая тэрыторыя, і Бог хоча прыйсці, каб усталяваць там мір, супакой. Якія пачуцці гэта выклікае ў мяне?

2. Ці існуюць у маім жыцці межы? Або я чалавек без межаў? Ці адчуваю я, што мне абавязкова трэба да некага прыляпіцца, далучыцца? Калі так, значыць мне трэба падумаць пра стварэнне ўласнай тэрыторыі. Чалавек без межаў амаль ніколі не бывае сабою.

3. Калі ў жыцці ёсць межы, то якія яны? Гнуткія, як провад, або непахісныя, як крэпасць? Ці можа іншы чалавек прайсці праз іх, або гэта такія сцены, што на іх можна толькі пагля­дзець здалёк і бегчы як мага хутчэй? Ці пускаю я на сваю тэрыторыю блізкіх?

4. Дзе ў маёй душы самыя патаемныя, «святыя» месцы, якія належаць толькі мне, як кляштарная клаўзура? Якія яны: цёмныя ці светлыя? Гэтыя патаемныя месцы — тэрыторыя маёй сустрэчы з Богам. Светлыя я захоўваю для сябе, а цёмныя трэба вывесці на святло, каб можна было аздаравіць іх.

Напрыканцы адарацыі скажыце Пану Езусу тое, што захочацца сказаць у гэты момант: папрасіце аб аздараўленні, дапамозе, падтрымцы або проста падзякуйце Яму.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла