Святы Ян Павел ІІ пра значэнне культу Сэрца Езуса

Сэрца Збаўцы заахвочвае звярнуцца да любові Айца, які з’яўляецца крыніцаю са­праўднай любові: «У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя» (1 Ян 4, 10). Ад Айца, багатага на міласэрнасць і спачуванне, Езус пастаянна атрымлівае любоў, якою адорвае людзей (пар. Эф 2, 4; Як 5, 11). У Яго Сэрцы аб’яўляецца асаблівая велікадушнасць Бога да грэшніка. Бог не змяншае сваёй любові з-за нашага граху, а пашырае яе ў жэсце міласэрнасці, які становіцца ініцыятываю адкуплення.


У кульце Сэрца Езуса атрымала рэальную форму прарочае слова, прыгаданае св. Янам: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі» (Ян 19, 37; пар. Зах 12, 10). Гэта кантэмпляцыйны позірк, які стараецца пранікнуць у глыбіню пачуццяў Хрыста, са­праўднага Бога і сапраўднага Чалавека. У гэтым кульце веруючы чалавек больш моцна і глыбока прымае таямніцу ўцелаўлення, праз якую Слова стала салідарнае з людзьмі, каб даць сведчанне, што Айцец шукае іх. Гэты пошук бярэ пачатак з нутра Бога, які любіць чалавека «спрадвечна ў Слове і прагне яго ўзвялічыць у Хрысце да годнасці выбранага дзіцяці» (Tertio millenio adveniente, 7). У той жа час культ Сэрца Езуса пранікае ў таямніцу адкуплення, каб адкрыць у ёй вымярэнне любові, якое схіліла Яго прынесці збаўчую ахвяру.

У Сэрцы Хрыста ёсць жы­вое дзеянне Духа Святога, якога Езус лічыў інспіратарам сваёй місіі (Лк 4, 18; пар.
Іс 61, 1) і прыйсце якога прадказаў падчас Апошняй Вячэры. Гэта Дух дапамагае ўбачыць усё багацце, схаванае ў прабітым боку Хрыста, з якога «выцек» Касцёл (пар. Sacrosanctum Concilium, 5). «З прабітага Сэрца Збаўцы, — як пісаў Павел VI, — нарадзіўся Касцёл і адтуль чэрпае спажыву, бо Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў са­мога сябе, каб яго асвяціць, ачысціўшы праз абмыццё вадою» (Эф 5, 25–26) (ліст Diserti interpretes). Таксама і любоў за справаю Духа Свя­тога, пранікаючы ў Сэр­ца Езуса, разліваецца ў сэр­цах людзей (пар. Рым 5, 5) і схіляе іх адараваць яго «бяздонныя багацці» (пар. Эф 3, 8) і ўзносіць сыноўнія даверлівыя малітвы да Айца (пар. Рым 8, 15–16) праз Уваскрослага, які «заўсёды жыве, каб заступацца за нас» (Гбр 7, 25).


Пераклад з польскай мовы Іны Бігель
Фота:
Itto Ogami

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла