Усе мы чулі пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме. Вядома, што дзякуючы спаўненню абяцанняў Марыі адбылося падзенне камунізму, што адною з просьбаў Марыі было ўвядзенне набажэнства ўшанавання Яе Беззаганнага Сэрца. Але ці памятаем мы, што яно прызначана і на цяперашні час? Менавіта пра гэта гаворыцца ў лістах сястры-візіянеркі Люцыі. 


І. Ліст да маці 

У 1925 г. Люцыя, стаўшы манашкаю, мела візію Езуса і Марыі, якія растлумачылі ёй сутнасць набажэнства першых суботаў і даручылі перадаць усім звязанае з ім абяцанне. Найсвяцейшая Маці сказала: «Перадай, што абяцаю прыйсці на дапамогу з усімі ласкамі да тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме святую Камунію, памоліцца адзін Ружанец і на працягу пятнаццаці хвілін разважання над 15-цю ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога». Сястра Люцыя пачала распаўсюджваць новае набажэнства. У 1927 г. яна піша сваёй маці:

«Мне было б вельмі прыемна, калі б мая мама прыносіла Маці Божай суцяшэнне, практыкуючы набажэнства, якое, як ведаю, падабаецца Богу, і аб якім прасіла наша дарагая нябесная Маці. Як толькі я пра яго пачула, то захацела сама яго праводзіць і кожнага заахвоціць гэта рабіць. Больш за тое, маю надзею, што мая мама адгукнецца на мой заклік і скажа мне, што ўчыніла гэта, а таксама заахвоціць да гэтага набажэнства ўсіх, хто туды (у Фаціму) прыходзіць. Ты не можаш ахвяраваць мне большай радасці, як толькі выкон­ваць тое, што напісана на гэтым святым абразку. Прыступіць да споведзі можна ў іншы дзень. Мне здаецца, што найбольшыя складанасці будуць з 15-хвілінным разважаннем.

Але гэта вельмі проста. Ці ж не зможа хтосьці падумаць пра ружанцовыя таямніцы? Пра анёльскае звеставанне і пакору нашай дарагой Маці, якая, адчуваючы вялікую адказнасць, называе сябе Cлугою? Пра муку Езуса, які з любові да нас столькі выцерпеў? І пра нашу Найсвяцейшую Маці, якая стаіць на Кальварыі каля Езуса? Хто ж не зможа правесці на гэтых святых разважаннях пятнаццаць хвілін, ды яшчэ з самаю чулаю Маці?

Да пабачэння, дарагая мама! Суцяшай такім чынам нашу нябесную Маці і старайся знайсці шмат іншых людзей для Яе суцяшэння». 

Напэўна, маці Люцыі адгукнулася на яе заклік і распачала апостальства. Аднак можна толькі здагадвацца, што вынік яе працы быў мізэрны, таму Люцыя шукала іншых апосталаў. 

ІІ. Ліст да хроснай

Крыху пазней візіянерка напіша сваёй хроснай маці:

«Не ведаю, ці знаёмая ты з набажэнствам пяці суботаў — перапрашэннем Беззаганнага Сэрца Марыі? Гэта новае набажэнства, таму я падумала, што паведамлю табе пра яго і пра тое, аб чым прасіла наша любімая нябесная Маці. Распавяду табе пра гэта набажэнства, бо Езус пажадаў, каб яго практыкавалі. Думаю, што з гэтае прычыны мая хросная будзе шчаслівая не толькі, калі даведаецца пра тое, што можа суцешыць Езуса практыкаваннем набажэнства, але і заахвочваннем да яго іншых.

Гэта набажэнства складаецца з наступных элементаў: на працягу пяці месяцаў, у першыя суботы, трэба прымаць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, маліцца на ружанцы, праводзіць разам з Найсвяцейшай Маці пятнаццаць хвілін у разважанні над ружанцовымі таямніцамі і прыступіць да споведзі. Гэта апошняе можна зрабіць на некалькі дзён раней, а калі падчас споведзі забудземся назваць інтэнцыю, то гэта можна зрабіць падчас наступнай споведзі з агаворкаю, што ў першую суботу святая Камунія была прынятая ў стане ласкі ў інтэнцыі перапрашэння за абразу Найсвяцейшай Панны Марыі і за тых, хто засмучае Яе Беззаганнае Сэрца.

Думаю, мая любая хросная маці, што мы будзем шчаслівыя, калі зможам даць нашай найдаражэйшай нябеснай Маці гэта сведчанне любові, якога, як ведаем, Яна ад нас чакае. Што датычыць мяне, то павінна прызнацца, што я ніколі не была такою шчасліваю, як у першую суботу месяца. Ці ж няпраўда, што найбольшае нашае шчасце — быць цалкам з Езусам і Марыяй, любіць Іх, і абавязкова бескарысліва? Гэты яскравы прыклад мы бачым у жыцці святых... Яны былі шчаслівыя, бо любілі, а мы, мая дарагая хросная маці, павінны старацца любіць, як яны, не толькі для таго, каб радавацца таварыству Езуса». <…> 

На жаль, усе намаганні да­лучыць як мага большую коль­касць людзей да распаўсю­джвання набажэнства былі маленькаю «кропляю ў моры». Сястра Люцыя спрабуе атрымаць падтрымку ў касцёльнай іерархіі.

ІІІ. Ліст да спаведніка

У маі 1935 года візіянерка піша свайму спаведніку ліст, у якім вяртаецца да сваёй сустрэчы з біскупам Фацімскай дыяцэзіі:

«Я напісала Яго Эксцэленцыі, нагадваючы яму пра абяцанне распачаць у гэтым годзе пашырэнне набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі. Няхай Бог узнагародзіць гэтую хвіліну для распаўсюджвання Яго Божай волі. Спадзяюся, што шаноўны айцец будзе адным з галоўных рупліўцаў у гэтым вінаградніку Панскім».

Гэты кароткі ліст мае для нас важнае значэнне. Словы сястры Люцыі сведчаць пра тое, што ёсць нейкая «хвіліна, вызначаная добрым Панам». <…> 

IV. Ліст да духоўнага кіраўніка

Гэты ліст ад чэрвеня 1930 г. сястра Люцыя напісала свайму духоўнаму кіраўніку:

«Калі я не памыляюся, Пан Бог абяцаў спыніць пераслед у Расіі, калі Святы Айцец зробіць урачысты і публічны акт пера­прашэння і прысвячэння Расіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Марыі і тое самае прапануе зрабіць біскупам каталіцкага свету. У адказ на заканчэнне гэтага пераследу Яго Святасць павінен абяцаць, што зацвердзіць і параіць практыкаваць згаданае набажэнства».

Урывак з ліста сведчыць пра сувязь паміж прысвячэннем Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі і набажэнствам першых суботаў. Сястра Люцыя запэўнівае, што калегіяльнае пасвячэнне Расіі Святым Айцом дасць плён у спыненні пераследу веры камуністычнай сістэмай. «<…> Калегіяльнае прысвячэнне было праведзена ў 1984 годзе. Праз пяць гадоў адбылося падзенне камунізму». 

Увядзенне набажэнства першых суботаў месяца мае на мэце выпрасіць «ласкі душам, якія мелі няшчасце абразіць Беззаганнае Сэрца Марыі». Што гэта значыць? Відавочна, што пасля падзення камунізму ворагам збаўлення застаецца іншая праблема, якая ахоплівае сэрцы многіх людзей, — занядбанне традыцыйнай рэлігіі.

Многае сведчыць пра тое, што набажэнства першых суботаў было прызначана Богам для нашага часу. 28 кастрычніка 1934 г. сястра Люцыя напісала: «Не адбываецца столькі ўсяго, каб было пра што гаварыць. Здаецца, што Пан натхняў мяне. Ён мае свае падставы для таго, каб усё адбывалася так, а не інакш». Гэтыя словы заклікаюць нас больш уважліва прыгля­дзецца да вынікаў намаганняў сястры Люцыі, якія насамрэч былі не вельмі вялікімі. Магчыма, тады яшчэ не надышоў час для развіцця гэтай формы пабожнасці? Магчыма, яна павінна была дачакацца моманту, калі прысвячэнне Папам Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі спыніць пераслед? Магчыма, росквіт набажэнства першых суботаў адбудзецца тады, калі закончыцца пераслед Касцёла ў Расіі, і Яго Святасць «зацвердзіць і прапануе практыкаваць ужо згаданае набажэнства»? Гэта азначала б, што менавіта наша пакаленне жыве ў час, які павінен пазначацца набажэнствам першых суботаў, прапанаваным самім Святым Айцом. <…> Чаму набажэнства першых суботаў усё яшчэ актуальнае? Адказ відавочны — гэта набажэнства яшчэ не дало свайго незвычайнага плёну. Таму ад нас залежыць спаўненне чарговых прароцтваў з Фацімы...


Вінцэнт Лашэўскі
Падрыхтавала Іна Бігель.
Паводле: sekretariatfatimski.pl.

 

Цэтлікі: Фаціма

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней