Страх у жыцці хрысціяніна

 «А Ён сказаў ім: „Чаго вы спалохаліся, 
малаверныя?“»

(Мц 8, 26).


Усе мы, так ці інакш, нечага баімся. Бываюць такія моманты, калі чалавека ахопліваюць жудасныя страхі, і ў кожнага яны свае. Страх вельмі часта вядзе да стрэсу, а стрэс — да цяжкіх захворванняў. Праўда, ёсць страхі, якія служаць на карысць людзям. Вось некаторыя прыклады. Боязь можа затрымаць дзіця, якое хоча перабегчы рухлівую вуліцу. Боязь за сваю пячонку можа ўстрымаць аматара чаркі ад чарговай выпіўкі. Боязь агрэсіўнага сабакі не дазваляе забаўляцца з ім.

У хрысціянскім жыцці страх сам па сабе не з’яў­ляецца грахом, але можа вясці да граху. Чалавек, які жыве ў страху за сябе, за іншых, робіцца замкнутым, раздражнёным, злосным, не здольным да дабра. Страх можа вельмі дэструктыўна дзейнічаць на нас, нават тырана можа абудзіць у чалавеку.

Кожны ўсход сонца можа несці з сабой шмат прычынаў для таго, каб пачаць хвалявацца. Масмедыя таксама вельмі спрыяюць гэтаму. Чалавек можа не ведаць, што робіцца ў яго суседа, але тое, што ў свеце ўсё кепска, ведае з самага рання. 

А што робіцца навокал! Наркотыкі, алкагалізм, распад сем’яў... Прапусціўшы праз сябе ўсю гэтую інфармацыю, міжволі адчуваеш сябе ў лодцы падчас буры на моры. У акіяне такога негатыву чалавек пачынае тануць, яго ахопліваюць збянтэжанасць, страх, паніка. Страх вельмі любіць людзей, якія лёгка яму паддаюцца, бо тады ён збірае найлепшы плён. Узгадаем трагедыю на Нямізе ў Мінску 31 мая 1999 года. Загінула шмат дзяцей, моладзі, якія сабраліся на святочным мерапрыемстве. Быў сонечны дзень, і раптам неба зацягнулі чорныя хмары і пачаўся лівень. Людзі ў паніцы кінуліся ў бліжэйшы падземны пераход. Нехта паваліўся — пачалася даўка. Моцны дождж ішоў менш за 15 хвілін і забіў людзей не ён, а тыя паніка і страх, якім яны паддаліся. 

Кожны чалавек у той ці іншай ступені мае ў душы нейкую трывогу, якая пера­шкаджае спакойна спаць, працаваць. Многія людзі сёння баяцца нават саміх сябе, баяцца цішыні. Яны стараюцца нечым заняць сябе, каб не думаць пра зло і негатыў. Аднак празмерны страх, які нярэдка займае значную частку сэрца, не жадае саступіць яе шчасцю і спакою. Чалавек, які жыве ў пастаянным неспакоі, страху і трывозе, не можа быць шчаслівым, бо шчасце і радасць — гэта стабільнасць, упэўненасць, несумяшчальныя з пачуццём небяспекі. А калі немагчыма ў такім стане быць шчаслівым, то як можна быць міласэрным? Дабро і міласэрнасць па­трабуюць рашучасці і адвагі, а страх гэтага не дае. Страх не спрыяе напісанню вершаў і сімфоній, ён не вывеў ні адну сям’ю з беднасці, не ўратаваў ад разводу. Страх не аздаравіў ніводнаго хворага і не спрыяў добрым адносінам паміж людзьмі і народамі. Наадварот, ён імкнецца загнаць таго, хто яму паддаецца, у вузкі калідор, не дазваляючы выйсці адтуль, пакуль цалкам не знішчыць. Ён — атрута. Але на кожны яд існуе сваё супрацьяддзе, ёсць яно і для хваробы страху. Гэта — мужнасць і наша вера.

Езус аднойчы папракнуў сваіх вучняў, якіх апанаваў страх, малою вераю. Нагадаю гэты фрагмент з Евангелля: «Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні. І вось пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў. Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: „Пане, ратуй, мы гінем!“ А Ён сказаў ім: „Чаго вы спалохаліся, малаверныя?“ Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша» (Мц 8, 23–27).

Як мы разумеем гэтыя словы? Я думаю, што гэта вобраз сучаснасці, гэта наш з вамі вобраз. Вучні ведалі, што сядаюць у лодку з Езусам, а калі так, то можна таксама і прамокнуць з Ім. Яны ведалі, хто Ён такі. Яны былі сведкамі таго, як іх Настаўнік памножыў хлеб у пустыні, як аздаравіў цешчу Пятра, уваскрасіў сына ўдавы. Але страх ад неспадзяванай буры апанаваў вучняў, ён падзейнічаў на іх, як амнезія, і яны пра ўсё забыліся. Таму Езус дакарае іх тым, што дазволілі страху ўвайсці ў свае сэрцы. Гэты дакор Езус скіроўвае і да нас, сучасных людзей, поўных неспакою, перажыванняў за будучыню, за дзяцей, за кар’еру, за фінансы, ваенныя канфлікты ў свеце і гэтак далей. І гэты дакор Езуса вельмі слушны, бо мы, хрысціяне, падобна вучням, увайшлі ў човен з Езусам. Касцёл — гэта вялікая лодка. Мы дабравольна, праз хрост, увайшлі ў гэтую лодку, каб плысці разам з Хрыстом да мэты нашага збаўлення. Але д’ябал увесь час нам пера­шкаджае. Нашае жыццёвае мора бушуе ад штормаў і ўраганаў, часта збудаваных з неспакою і страху, таму мы паволі губляем веру, якая з’яўляецца гарантыяй збаўлення. Вось некаторыя антыхрысціянскія прыклады:

— Маці вядзе сваю 17-гадовую дачку на аборт, бо баіцца асуджэння.
— Муж вымушае жонку забіць ва ўлонні трэцяе дзіця, бо баіцца адказнасці, не хоча лішніх праблемаў.
— Дзіця свядома ідзе на падман сваіх бацькоў, бо баіцца, што, як даведаюцца праўду, не купяць яму айфон.
— Жонка на памінках свайго мужа, які ўсё жыццё піў, ставіць на стол гарэлку, бо баіцца людскога асу­джэння.

Вельмі небяспечна, калі мы пачынаем служыць сваім страхам. Праз гэта чарсцвее душа і губляецца радасць жыцця. Таму Езус называе спалоханых вучняў баязліўцамі і малавернымі. Давайце ўспомнім той сюжэт з Евангелля, калі апостал Пётр пайшоў насустрач Езусу па моры і што з ім здарылася, калі ён упусціў страх у сваё сэрца. Ён пачаў тануць. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як страх чалавека абарочваецца супраць яго самога. Але мы павінны памятаць, што маем вялікую абарону ад усіх пастак злога духа. Гэта сакрамэнт святой споведзі і святой Камуніі, разважанне над Божым словам, супольныя малітвы ў парафіі. Страх пакідае чалавека тады, калі яго ўвага сканцэнтравана не на тым, чаго ён баіцца, а на Хрысце — Валадару і Пераможцу, у якога мы шчыра верым.

Узгадайма, што апошнім часам нас найбольш хвалюе? З чым не можам справіцца? Можа, нехта моцна трывожыцца за сваіх дзяцей, за іх будучыню? Некага, магчыма, непакояць складаныя адносіны з блізкімі? Можа, баішся адзіноты альбо асу­джэння людзей? Пакутуеш ад таго, што блізкі чалавек співаецца? Баішся хваробы, смерці? А цяпер паспрабуй сканцэнтравацца і даць волю ўсім сваім хваляванням! Няхай яны зашумяць, як ураган, у тваёй душы, паспрабуй ад­чуць тое, што перажываеш, калі застаешся сам-насам з імі. Уяві таксама, што ты разам з вучнямі Хрыста ў лодцы сярод усхваляванага мора тваіх жыццёвых бураў. Глядзі на Езуса! Ён спакойны і табе кажа: «Не бойся!». Не бойся, калі Езус побач. Не змушай Яго да таго, каб сталася так, як ты хочаш, але даверся Яму і адпусці сітуацыю, якой баішся. Урэшце скарыся і прызнай, што сваімі намаганнямі ты нічога не зробіш, а Бог можа ўсё. Дык дазволь Яму цяпер дзейнічаць у тваім жыцці.

Цяжка? А можа, прабле­ма ў тым, што не хапае мужнасці даверыцца Езусу? Твой страх настолькі вялікі, што няма месца для веры? А прычынай гэтаму можа быць няправільнае ўяўленне пра Бога. Задумайся, як ты сабе ўяўляеш Хрыста? Можа, так: слабы маленькі Езус з абразка, маленькі Божанька? Ці можа Ён дадаць мужнасці? Ці можа Ён учыніць нешта вялікае? Ці можа Ён мець уладу над хваробай, над крызісамі ў працы, дома, у школе? Хутчэй за ўсё, Ён не здольны прадухіліць катастрофы, сусветны крызіс, войны. Яго роля — нібы роля талісмана на шыі, абразка ў сумцы альбо на кніжнай паліцы. Безумоўна, такое ўспрыманне Бога не дадае адвагі. На жаль, гэта праблема многіх сучасных хрысціянаў. Узяць хаця б тое, як некаторыя вернікі паводзяць сябе ў касцёле, дзе прысутнічае жывы, рэальны Бог. Размовы і нават гамонка, як на рынку. Не кленчаць у касцёле нават перад табэрнакулюмам! А як апранаюцца! Многія больш вераць не Бібліі, а таму, што напісана ў газеце ці паказана па тэлевізары. Усё гэта гаворыць пра наш недавер да Пана Бога і нават непавагу да Усемагутнага. 

Давайце ўспомнім, што сказана пра гэта ў Бібліі. Калі Бог спаткаўся з Майсеем каля палаючага куста, той у прысутнасці Бога закрыў свой твар:

«І сказаў Бог: Не набліжайся сюды, здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта зямля святая. І сказаў яшчэ: Я — Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба. І схаваў Майсей твар свой, таму што баяўся паглядзець на Бога» (Зых 3, 5–6).

Нават анёлы Божыя, якія знаходзяцца ў прысутнасці Божай, закрываюць свае твары і ногі, усведамляючы сваю маласць у параўнанні з веліччу Божай...

Калі б вучні Хрыста разумелі, што з імі не звычайны цясляр з Назарэта, але Усемагутны Уладар, Сын Божы, то не паддаліся б паніцы і страху. Так і мы, калі ўрэшце паверым у тое, што для Бога няма нічога немагчымага, паверым і ў моц малітвы псальміста: «Пан — маё святло і маё збаўленне: каго ж мне баяцца? Пан — ахова жыцця майго: каго мне палохацца?»(Пс 27 (26), 1). У словах Хрыста да вучняў: «Гэта Я, не бойцеся», — увасоблена вялікая моц. Уявіце, што вы прачынаецеся пасля цяжкай аперацыі, а нехта гладзіць вас па руцэ і кажа: «Гэта я, не хвалюйся». Езус таксама ўвесь час гаворыць кожнаму з нас: «Не бойся!». Ён спакойны, і ты будзь у супакоі. Няхай бура шалее вакол цябе, але Езус хутка суцішыць яе — вер, давярай Яму. Вядома ж, гэта не азначае, што не будзе бураў у тваім жыцці і ўсе хмары рассеюцца. Не! Але не забываймася, што Уваскрослы Езус заўсёды побач, бо сам сказаў: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». 


Кс. Дзяніс Шастаковіч MSF

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней