Чаму Бог дапускае зло?

Бог міласэрны. Але чаму Ён дапускае смерць ці калецтва ні ў чым не павінных дзяцей, спасылае цяжкія хваробы і цярпенні на добрых і праведных людзей?


Адно з найбольш хвалюючых і найбольш складаных пытанняў, якія ставяць вернікі: як сумясціць праўду пра бясконца добрага і клапатлівага Бога з бязлітаснымі фактамі трагедый нявінных людзей? Чаму добры Бог не ратуе нас ад зла і смерці?

Магічныя ўяўленні пра Бога

Падобныя пытанні з’яў­ляюцца наступствам павярхоўных, часта эмацыйных, наіўных і нават магічных уяўленняў пра Бога як таго, хто павінен аўтаматычна блакаваць (знішчаць або не дапускаць) любыя праяўленні зла. Але калі пайсці за логікай такога меркавання і ўявіць сабе свет, у якім Бог не дапускаў бы магчымасць выбару (зла), то гэта аўтаматычна азначала б канец свабоды, пазбаўляла б нас галоўнага «атрыбуту» магчымасці чалавека — вольнай волі. Бо калі ўлічыць, што мы штохвілінна дапускаем памылкі (зло), то нас неабходна было б штохвілінна абмяжоўваць, караць, блакуючы кожную памылковую (нядобрую) думку, слова, дзеянне. У выніку чалавек не мог бы функцыянаваць у той прасторы свабоды, якую мы маем і якой жадаем. Богу неабходна было б ператва­рыць нас або ў біяробатаў, якія аўтаматычна (без жадання і выбару) робяць толькі дабро, або ў турэмны натоўп рабоў, якія блакуюцца (караюцца), як толькі ў іх узнікае імпульс (думка, жаданне) зрабіць нешта не сумяшчальнае з паняццем дабра.

У такім свеце людзі любілі б Бога і бліжняга не таму, што яны гэтага захацелі, а таму, што іх да гэтага змусілі (запраграмавалі), не даючы ўвогуле магчымасці выбіраць, хацець. Гэта свет без памылак і зла, без свабоды і магчымасці выбіраць. Без зла не таму, што яго ніхто не хоча, але таму, што прымусілі да дабра, не дазволілі самім хацець, выбіраць, жадаць. У такім свеце не было б вольнай волі, адказнасці і, галоўнае, — любові. Усе запраграмаваныя дзеянні чалавека ў такім свеце былі б усяго толькі адлюстраваннем волі «праграміста» — адзінага, хто ў такім свеце можа выбіраць, жадаць, кіраваць… Як вам такі свет? Здаецца, ні адзін нармальны чалавек не жадаў бы жыць у такім свеце ідэальных лялек-рабоў, бязвольных марыянетак, якіх прымушаюць паступаць правільна і якім не дадзена магчымасць самім выбіраць дабро, бо ўсім кіраваў бы прымус.

Саўдзельнічаць у Божай справе памнажэння дабра

Як жа зрабіць, каб свет быў сапраўды добрым? Што зрабіць, каб людзі выбіралі дабро не пад прымусам і не са страху, але каб свабодна і дабравольна самі яго жадалі і да яго імкнуліся? Для гэтага неабходна стварыць добры свет і добрых людзей, але пакінуць ім магчы­масць выбару зла. Яно — зло — зусім не абавязковае, але застаецца як магчымасць. Бог так і зрабіў: стварыў чалавека добрым (пар. Быц 1, 31), надзяліў яго здольнасцю розуму, каб пазнаваць дабро, надзяліў яго дарам свабоднай волі, каб чалавек мог выбраць пазнанае дабро і здзяйсняць яго. Пан Бог даў чалавеку магчымасць саўдзельнічаць у Божай справе памнажэння дабра, даў здольнасць дзяліцца найлепшым, выбі­раць, каму і колькі прынесці шчасця, каго і як любіць. І ўсё гэта без ніякага прымусу і цалкам дабравольна. І ва ўсіх гэтых дарах кемлівы розум і вольная воля чалавека могуць раскрыцца і ўзнесціся ад паўнаты дабра і шчасця — уступіць у асабісты дыялог са сваім Стварыцелем, маючы магчымасць абсалютна дабравольна, па-сапраўнаму шчыра і без прымусу адказаць Богу любоўю на Яго любоў і падзяліцца гэтым з навакольным светам.

Мы жывём не ў раі

Аднак, як ведаем, прастора свабоды, дадзеная Богам як перадумова для ўзнікнення дабра і любові, пакідае чалавеку небяспечную магчымасць адмаўляцца ад дабра, выбіраць шлях разбурэння (зла). Ведаем з Бібліі, што першыя людзі, спакушаныя злым духам, вырашылі выбраць свет альтэрнатыўны, адваротны раю (пар. Быц 3, 1–19). Замест панавання дабра яны выбралі зло, замест жыцця ў прысутнасці любячага Бога яны выбралі свет, у якім Бог быў бы незаўважны, адсунуты ў цень, а сам чалавек пачаў бы паводзіць сябе як «бог». Вось толькі для быцця «богам» чалавеку не хапіла ўсемагутнасці, усёведання, бязмежнай любові.

Святое Пісанне і вучэнне Касцёла называе бунт сатаны і грэх чалавека супраць Бога прычынаю зла (пар. Быц 3, 14–24; ККК, 1018; Gaudium et Spes, 18; св. Аўгустын Гіпон­скі, «De diversis quaestionibus ad Simplicianum», 1, 1.10).

Як гэта ні парадаксальна, але нам трэба ўсведамляць, што мы жывём не ў раі, не ў тым ідэальным свеце, створаным і задуманым Богам (ККК, 310). Мы жывём у свеце граху, з якога Хрыстус адкрыў нам магчымасць вырвацца і перайсці ў рай — зноў паяднацца з Богам. Таму хрысціянін не здзіўляецца жорсткасцям і катаклізмам гэтага свету, бо ведае, што гэта не райскі свет, гэта не тое, чаго хоча наш Бог.

...І што рабіць?

Бог не быў бы Богам — паўнатою любові і мудрасці, калі б не прыдумаў выхаду з гэтага лабірынту зла, у якім мы вымушаны блукаць з-за памылкі (граху) нашых продкаў. У гэты свет увайшоў Сын Божы — Езус Хрыстус, адкупіўшы нас з рабства граху і панавання зла, адкрыўшы для кожнага жадаючага шлях выбаўлення з гэтага няправільнага свету (пар. Мц 1, 21; Дз 4, 12; 1 Ян 4, 10–14). Больш за тое, Ён стварыў умовы для таго, каб мінімалізаваць нашыя пакуты, пакуль мы ідзём шляхам зямнога жыцця.

Бог узброіў нас шматлікімі дарамі: Ён дзеліцца з намі сваёю мудрасцю і парадамі, запісанымі ў Святым Пісанні; дае магчымасць перажываць асаблівую лучнасць з Ім і тымі, хто ідзе шляхам збаўлення ў супольнасці Яго Касцёла. Ён не перастае вызваляць кожнага жадаючага, ачы­шчаць, лячыць, умацоўваць праз святыя сакрамэнты. Акрамя гэтага, Ён дзейнічае мільёнамі спосабаў, каб перасцерагчы, натхніць, падказаць, падштурхнуць, нагадаць. Толькі надзвычай упарты ў зле чалавек можа трываць у замкнёнасці на Яго дзеянне. І ў той жа час найменшая кропля дабра разрывае путы грахоўнай няволі.

 

Пакуты нявіннага

Найбольш баліць людзям незаслужанае зло. Асабліва балюча, калі пакутуе чалавек, які не зрабіў нічога дрэннага, або церпіць ад зла той, хто чыніў дабро. Чаму Бог не ўмяшаецца, каб абараніць нявінных і добрых? Святое Пісанне і багаты шматвяковы досвед Касцёла называе некалькі прычынаў, па якіх Бог дапускае зло на нявінных.

Прыклад Хрыста і многіх святых паказвае, што пакуты нявіннага могуць стаць ахвяраю збаўлення (пар. Рым 3, 25; Мц 20, 28; ККК, 947). Калі ні ў чым не павінны чалавек пакутуе ад нейкага зла, але не дазваляе яму распаўсюдзіцца далей, той ён тым самым становіцца крыніцаю дабра, таму што зло на ім спынілася, не пайшло ад яго далей. Больш за тое, праз цярпенне чалавек можа стаць больш пакорным, загартавацца ў шматлікіх цнотах. І калі яму ўдалося пераплавіць зло ў інструмент загартоўкі ў добрым, тады яно зноў жа заканчваецца дабром. Існуе шмат прыкладаў таго, як пакуты ад нейкага зла (напрыклад, хваробы) можна ператварыць у ахвяру за кагосьці. Калі ёсць нехта нам дарагі, але па справядлівасці ён заслугоўвае пакарання, то мы, ахвяруючы за яго свае цярпенні, можам вымаліць яму збаўленне, духоўным чынам «заплаціць» яго доўг і «выкупіць» яго з няволі граху (ККК, 955, 958).

Прыняць Божую руку падтрымкі

Мудрае вучэнне Касцёла нагадвае нам таксама пра адвечную Божую праўду таго, што, які б добры і трывалы ні быў чалавек, у яго не хопіць сілаў, каб самому перанесці ўсе выпрабаванні гэтага жорсткага свету, а тым больш складаць нейкія ахвяры. Таму нам неабходна падтрымка Божай ласкі, моц дзеяння якой мае самыя розныя праяўленні (Рым 3, 21-26; ККК, 193.196). Але інтэнсіўнасць дзеяння гэтай ласкі залежыць ад адкрытасці і жадання прыняць Божую руку падтрымкі. Той, хто яднае свае пакуты з цярпеннямі Хрыста, а сваю ахвяру з Яго Ахвярай, становіцца сведкам самых неверагодных цудаў перамогі дабра над злом.

Найгоршае зло — не зямная смерць, а вечныя мукі ў пекле

Варта таксама ніколі не забываць Божую праўду пра тое, што факт зямной смерці чалавека — гэта не найбольшае зло. Найгоршае зло — гэта вечныя мукі ў пекле. А зямная смерць — гэта толькі заканчэнне чалавечага шляху ў гэтым няправільным і небяспечным свеце (Гбр 9, 27; 1 Тэс 4, 13–14). Важна толькі, каб на заканчэнне гэтай дарогі чалавек быў падрыхтаваны. Бо якой будзе вечнасць — райскай ці пякельнай, залежыць ад нашага выбару тут, на зямлі (Ян 5, 28-29). Таму натуральна, што мы баімся смерці і перажываем, калі да кагосьці яна прыходзіць нечакана. Баімся, бо не ведаем, наколькі чалавек быў падрыхтаваны, каб пераступіць парог вечнасці з чыстаю душою. Аднак мы ведаем, што Пан Бог і тут выходзіць нам насустрач. Уваскрослы Езус перамог смерць (Рым 5, 19-21). Ён дае нам магчымасць сваімі духоўнымі ахвярамі і малітвамі памагчы памерлым на шляху іх пасмяротнага ачышчэння (2 Мак 12, 45; ККК, 958). Але сапраўды шчаслівы той, хто праходзіць ачышчэнне ад граху не ў пасмяротных пакутах чыстца, але на гэтым свеце (ККК, 1502). І магчымасцю для такога ачышчэння можа стаць любое выпрабаванне гэтага свету, якое з Божаю дапамогаю мы здолеем перакаваць у дабро, пладаносячае цэлую вечнасць.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла