Літанія да святой Рыты з Касіі

Рыта нарадзілася каля 1380 г. недалёка ад Касіі (Італія). Яна была адзіным і любімым дзіцем для бацькоў, вызначалася цнотаю міласэрнасці. Бог такім чынам пакіраваў лёсам Рыты, што яна стала ўзорам пабожнага жыцця для многіх людзей. Рыта з’яўляецца прыкладам для дзяўчынак, бо яшчэ ў дзяцінстве палюбіла малітву, практыкавала самавырачэнне, адмаўляла сабе ва ўсім, нават у ежы, каб больш падтрымліваць бедных.


Яна марыла пайсці ў кляштар. Аднак, будучы паслухмянаю волі бацькоў, у 14 гадоў Рыта выйшла замуж, каб, зноў жа, быць прыкладам для замужніх жанчын і маці. У мужа Рыты быў жахлівы характар, яго баялася ўся ваколіца, але жонка сваёю пяшчотаю і дабрынёю змяніла сэрца мужа, з якім пражыла 18 гадоў. Мужа Рыты забілі тады, калі ён паспеў ужо паяднацца з Богам. Абодва яе сыны хацелі помсціць за смерць бацькі, але дзякуючы малітвам пабожнай маці яны прабачылі забойцу. Яны абодва памерлі падчас эпідэміі.

Пасля смерці мужа і двух сваіх сыноў Рыта ўступіла ў кляштар аўгустынаў св. Марыі Магдалены ў Касіі. Тут, адасобіўшыся ад свету, яна вяла жыццё, напоўненае пакаяннем і духоўнай любоўю да Укрыжаванага Збаўцы. Штодня паглыблялася ў разважанне над Мукай Хрыстовай. Яна мела шмат містычных аб’яўленняў. Легенда гаворыць, што аднойчы сястра Рыта вельмі шчыра малілася, каб Езус дапусціў яе да ўдзелу ў сваёй Муцы. І вось раптам ад цярнёвай кароны аддзяліўся канец і ўваткнуўся ёй у галаву, утварыўшы вялікую чырвоную рану. Для большага яе прыніжэння Бог дапусціў, каб ад раны зыходзіў невыносны смурод.

Апошнія 15 гадоў жыцця жанчына правяла ў адзіноце, несучы на чале знак церня Мукі Пана. Рана загаілася толькі адзін раз, калі яна вырашыла накіравацца ў Рым, каб удзельнічаць у юбілейным адпусце. Пазней ужо невылечна хворая Рыта папрасіла знаёмую, якая захацела хоць чым-небудзь дапамагчы ёй, прынесці для яе ружу. Нягледзячы на тое, што гэта быў марозны зімовы дзень, у садзе заквітнела незвычайнай прыгажосці ружа. Святая жанчына з радасцю ўзяла гэтую кветку як сімвал любові свайго Нябеснага Абранніка.

Рыта памерла 22 мая 1457 года. Адразу пасля смерці святой праз яе заступніцтва пачало адбывацца шмат цудаў, якія садзейнічалі распаўсюджванню яе культу. Праз дзесяць гадоў пасля смерці не кранутае распадам цела святой паклалі ў прыгожы шкляны саркафаг. Беатыфікацыя Рыты адбылася ў 1628 г., а ў 1900 г. папа Леў ХІІІ абвясціў яе святою. Цяпер яе цела спачывае ў санктуарыі ў Касіі, куды прыходзіць мноства пілігрымаў.

Спазнаўшы шмат цярпенняў і цяжкасцяў на працягу жыцця, св. Рыта змагла пераадолець усе перашкоды ў духу пакоры і любові. Усюды яна несла супакой, была «лекам» для тых, паміж кім панавалі сваркі і звады. Вернікі бачаць у св. Рыце асаблівую апякунку ў цяжкіх жыццёвых справах. Яна ўшаноўваецца ва ўсім свеце, асабліва ў Італіі, дзе ў дзень яе ўспаміну — 22 мая — у памяць пра расквітнелую ружу асвячаюцца «ружы святой Рыты». Вялікаю пашанаю святая карыстаецца ў Паўднёвай Амерыцы і Філіпінах, дзе пабудавана не толькі шмат касцёлаў у яе гонар, але нават мясцовасці названыя яе іменем. Святая Рыта дапамагае ў безнадзейных сітуацыях, у тым ліку падчас экзаменаў, і абараняе ад воспы.

Літанія да св. Рыты
(для прыватнага чытання)

Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,         — змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
— змiлуйся над намi.
Духу Святы, Божа,       — змiлуйся над намi.
Святая Тройца, Адзiны Божа,
— змiлуйся над намi.

Святая Марыя, Маці Добрай Рады,
— маліся за нас.
Святы Юзэфе,
Святы Аўгустыне,
Святая Моніка,
Святая Рыта,
Заступніца ў безнадзейных справах,
Суцяшальніца засмучаных,
Прытулак і абарона пакінутых,
Верная заступніца ва ўсіх патрэбах,
Прыклад лагоды і пакоры,
Узор паслухмянасці і адрачэння,
Узор цярплівасці і прысвячэння сябе Богу,
Аздоба ордэну аўгустынаў,
Ружа любові,
Шанавальніца Езуса Укрыжаванага,
Абранніца Езуса церпячага,
Святая Рыта, параненая цернем
з цярнёвай кароны Хрыста,
Святая Рыта, ранаю на чале ўпрыгожаная,
Святая Рыта, поўная даверу
Божаму Провіду,
Святая Рыта, цалкам прысвечаная Богу,
Святая Рыта, магутная заступніца
перад Езусам,
Святая Рыта, праслаўленая Богам праз цуды,
Святая Рыта, заўсёды выслуханая Богам, 
— маліся за нас.

Каб мы выракліся ўласнай любові,
— выпрасі для нас, святая Рыта.
Каб мы ўдасканальваліся ў пакоры,
Каб мы цярпліва неслі свой крыж,
Каб мы любілі Бога па-над усім,
Каб мы заўсёды выконвалі Яго волю,
Каб мы ахвотна прабачалі вінаватым нашым,
Каб мы любілі бліжніх, як саміх сябе,
Каб мы наследавалі Твае цноты,
— выпрасі для нас, святая Рыта.

У кожным выпрабаванні,
— падтрымлівай нас, святая Рыта.
У кожнай небяспецы,
У кожнай патрэбе і ўціску,
У кожным засмучэнні і няшчасці,
У пакутах і цярпенні,
У хвіліну смерці,
— падтрымлівай нас, святая Рыта.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— змілуйся над намі.

С.: Маліся за нас, святая Рыта.
Усе: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молімся. Ойча Нябесны, Ты дазволіў святой Рыце прыняць удзел у Муцы Хрыстовай. Удзялі нам ласку і сілу, каб годна перажыць уласныя цярпенні і  прымаць больш глыбокі ўдзел у Пасхальнай таямніцы Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

Малітва да святой Рыты

Святая Рыта, апякунка ў цяжкіх справах, заступніца ў безнадзейных сітуацыях, цудоўная зорка святога Касцёла, люстра цярплівасці, пераможца злога духа, лекарка хворых, суцяшэнне засмучаных, узор сапраўднай святасці, любімая абранніца Хрыста, пазначаная цернем з цярнёвай кароны Укрыжаванага.
Усім сэрцам ушаноўваю цябе і прашу, маліся за мяне, каб ва ўсіх жыццёвых сітуацыях я навучыўся прымаць Божую волю. О святая Рыта, прыйдзі мне на дапамогу і ўчыні, каб я спазнаў вынік тваёй апекі, каб былі пачутыя мае малітвы каля трона Божага. Выпрасі для мяне ласку ўмацавання ў веры, надзеі і любові, шчырага праслаўлення Марыі, а таксама ласку (назваць).

Учыні, каб, перамогшы ўсялякія перашкоды і спакусы, я мог калісьці дасягнуць неба і там дзякаваць табе, і вечна радавацца разам з Айцом, Сынам і Духам Святым. Амэн.

Малітва да св. Рыты
(для атрымання адпусту)

Годная хвалы святая Рыта, ты пажадала цярпець разам з Езусам укрыжаваным. Выпрасі для нас у Бога вялікую ласку, каб, паслухмяныя Божай волі, мы годна зносілі ўсе выпрабаванні і цярпенні нашага жыцця. Амэн.
3 Ойча наш... 3 Вітай, Марыя... 3 Хвала Айцу...

(Частковы адпуст, звязаны з гэтаю малітваю, удзяляецца дэкрэтам папы св. Пія Х ад 11 жніўня 1906 года.)


Падрыхтавала Іна Бігель

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла