Жанчына і «жаночы геній» у сацыяльным вучэнні Яна Паўла ІІ

Адна з галоўных тэндэнцый, якая назіраецца ў сучасным грамадстве, — гэта феномен фемінізацыі грамадства, якi, несумненна, звязаны з фемінісцкім рухам, барацьбою за правы жанчын, іх роўнасць з мужчынамі. Які адказ дае Касцёл? Як успрымаць жанчыну ў сучасным свеце, у сям’і, грамадстве, палітыцы, сферы працы? Дзе і якое месца павінна займаць сёння хрысціянка? 


Ян Павел II быў першым Папам, які надаваў вялікую ўвагу ролі жанчын у грамадстве і Касцёле і так званаму жаночаму пытанню. «Дзякуй вам, жанчыны, за той факт, што вы жанчыны! Сваёй жаноцкасцю вы ўзбагачаеце свет і прыносіце паўнату праўды ў чалавечыя адносіны». Так 13 ве­расня 1995 года гаварыў Ян Павел ІІ падчас канферэнцыі ААН у Пекіне па пытанні аб ролі жанчыны. У сваім Пасланні да жанчын ён падкрэсліў іх вялікі ўклад у гісторыю чалавецтва, выказаў падзяку ўсім жанчынам, асабліва за тыя часы, калі яны былі недаацэненыя і змагаліся за сваё месца ў грамадстве. 

15 жніўня 1988 года з’яўляецца ў свет Апостальскі ліст Mulieris Dignitatem (аб годнасці і пакліканні жанчыны ў сувязі з Марыйным годам), і гэтым дакументам Папа зменіць вучэнне Касцёла ў адносінах да жанчын, падтрымліваючы думку пра тое, што роля жанчыны ў Касцёле павінна быць большаю, чым яна ёсць цяпер. Біблійнае значэнне жаночай ідэнтычнасці раней трактавалася негатыўна, характарызуючы ўсіх жанчын наступствамі граху Евы. У гэтым дакуменце Ян Павел II увёў рэвалюцыйны каментар да Кнігі Быцця, змяняючы стаўленне грамадства да асобы і годнасці жанчыны. 

Акрамя таго, Папа не баяўся ўжываць тэрмін «фемінізм», праўда, выкарыстоўваў яго не ў азначэнні новай ідэалогіі, а для акрэслівання пазіцыі Касцёла. Адным з асноўных паняццяў «новага фемінізму» з’яўляецца паняцце «жаночы геній», якое Папа выкарыстоўвае для таго, каб апісаць арыгінальны дар, які мае жанчына. 

У энцыкліцы Evangelium Vitae («Евангелле жыцця») Папа адзначае, што жанчынам у справе фарміравання новай культуры, якая спрыяе жыццю, належыць выключная, а магчыма, і вырашальная роля: яны могуць быць ініцыятарамі «новага фемінізму», які не паддасца спакусе браць за ўзор мужчынскія мадэлі паводзінаў, але здолее спазнаць і рэалізаваць сапраўдны «жаночы геній» ва ўсіх праявах грамад­скага жыцця, каб пераадолець усе формы дыскрымінацыі, гвалту і эксплуатацыі.

У сучаснай культуры роля жанчыны і яе грамадская пазіцыя маюць двайны характар. З аднаго боку, шмат жанчын займаюць актыўную ролю ў грамадска­палітычным жыцці (усё больш жанчын займае вышэйшыя пасады), а з іншага боку — часцей гаворыцца аб драме жанчын, якія ўспрымаюцца амаль што як тавар. 

Папа добра ўсведамляў гэта і таму ў дакументах, прысвечаных жанчыне, выказваў падзяку жанчынам, але таксама папярэджваў аб небяспецы, якая пагражае годнасці жанчыны.

 Касцёл дзякуе Богу за кожную жанчыну і за ўсіх жанчын: за маці, за сясцёр і жонак; за жанчын, якія прысвяцілі сябе Богу ў дзявоцтве; за жанчын, якія прысвяцілі сябе мноству людзей, якім патрэбная любоў; за жанчын, якія клапоцяцца пра свае сем’і; за жанчын, працуючых на прафесійнай ніве, на якіх часам ляжыць цяжар велізарнай грамадскай адказнасці; за дабрадзейных і за «слабых» жанчын — за ўсіх жанчын, бо яны былі задуманыя Богам ва ўсёй прыгажосці і багацці іх жаноцкасці, бо яны агорнутыя Яго вечнаю любоўю і разам з мужчынамі вандруюць па гэтай зямлі — часовай «айчыне» ўсіх людзей, якая ўсё больш робіцца «далінай слёз», бо яны разам з мужчынамі прымаюць агульную адказнасць за лёс чалавецтва ў тым, што тычыцца яго штодзённых патрэбаў і канчатковага прызначэння роду чалавечага, сутнасць якога ў самім Богу, ва ўлонні неспасцігальнай Тройцы.

Касцёл дзякуе жанчынам за ўсе вартасці «жаночага генія», які праяўляўся на працягу гісторыі ўсіх людзей і народаў; дзякуе за ўсе тыя дары, якімі Дух Святы на­дзяляе жанчын у гісторыі Божага народу, за ўсе тыя перамогі, якімі ён абавязаны іх веры, надзеі і любові; дзякуе за ўсе плады жаночай святасці.


Ганна Страшкевіч, доктар сацыяльных навук

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла