Міласціна ратуе

Пра тое, што міласціна прыцягвае Божую ласку, вельмі шмат сказана ў Святым Пісанні. Узгадаем некалькі прыкладаў. «Сын мой! не адмаўляй у ежы жабраку і не стамляй чаканнем вачэй тых, хто мае патрэбу; не турбуй ужо засмучанага сэрца і не адкладай падаваць убогаму...» (пар. Сір 4, 1–3). «І да беднага працягвай руку тваю, каб благаслаўленне тваё было дасканалым. ...Падчас смутку ратуе міласціна» (пар. Сір 40, 24).


«Багатым становішся тады, калі даеш»

— гаворыць айцец Таміслаў Іванціч з Харватыі. І, як пры­клад, ён расказаў пра адзін са сваіх досведаў чытачам часопіса «Рэха Меджугор’я»:

— Аднойчы да мяне прый­шла студэнтка і папрасіла пазычыць ёй 5 тысяч марак. Было гэта ў 1978 годзе. Я адказаў, што мне вельмі прыкра, але я збіраю грошы на аўтамабіль, каб не ездзіць у гарадскім транспарце. Раптам я ўспомніў, што Езус гаварыў: «Давайце — і атрымаеце ў сто разоў больш». І пасля таго, як я запэўніў дзяўчыну ў тым, што не магу выканаць яе просьбу, я дастаў канверт і аддаў ёй усе грошы. Расхваляваная, яна сказала, што абавязкова верне мне пазыку. Я адказаў, што даю ёй грошы, а не пазычаю. Збянтэжаная, яна пайшла, а я ў наступны дзень атрымаў чэк на суму ў два разы большую! Гэтыя грошы прыслала нейкая пані са Славеніі. Я пайшоў і аддаў той дзяўчыне і гэтыя грошы — у яе, сапраўды, было складанае становішча. Прайшло 10 дзён, і зноў ад нейкай асобы я атрымаў ужо ў пяць разоў большую суму. Дык можа трэба памятаць, што прынцып духу — дай і будзеш мець, а прынцып цела і псіхікі — хавай і будзеш мець.

Я жыву ў Заграбе каля катэдры, і, калі іду на службу, заўсёды пяць-шэсць чалавек просяць у мяне грошы. Калі вяртаюся назад, ужо іншыя бедакі жабруюць. Часам наракаю і кажу сабе, што хопіць даваць. Аднак зноў даю і даю. Пасля ў мяне так добра на душы, а грошы самі па сабе прыходзяць, нават і не ведаю адкуль. Таму хачу ўсім ска­заць: Бог сапраўды існуе і Ён вельмі блізка. Адзіны банк, у які трэба інвеставаць, гэта — бедныя, гэта Пан Бог. Твой Айцец мае такое багацце, якога ніхто не можа забраць.

Міласціна ўратавала бацьку

Гэту гісторыю расказала Святлана Корзун з Мінска. Яе бацька жыве ў Смаргоні і да нядаўняга часу быў заядлым рыбаком. Неяк вясною, падчас рыбалкі, ён праваліўся пад лёд. Наўкола нікога не было. Ён амаль 2 гадзіны змагаўся са смерцю, рукі былі зрэзаны аб лёд да касцей. Калі губляў апошнія сілы і хацеў ужо здацца, раптам пачуў голас, цвёрды і настойлівы: «Змагайся!». Ён лічыў сябе няверуючым чалавекам, але тут зразумеў, што гэта не слыхавая галюцынацыя, а голас звыш. І ён працягваў трымацца.

А ў той самы час яго дачка Святлана ў Мінску ахвяравала грошы знаёмай бабулі, якая з-за беднасці не магла купіць вянок на пахаванне сваяка. Удзячная бабуля шчыра памалілася за сваю ахвярадаўцу і яе родных. Святлана ўпэўнена, што менавіта яе міласціна і ўдзячная малітва беднай бабулі ўратавалі яе бацьку, бо раптам на рацэ з’явіўся чалавек, які выклікаў супрацоўнікаў з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС). Выратавальнікі прыехалі вельмі хутка і дасталі з вады ледзьве жывога гора-рыбака. «Але вось дзіва, — гаворыць Святлана, — мой тата нават не прастудзіўся, не кажучы ўжо пра запаленне лёгкіх. Затое задумаўся пра Бога і вечнасць».

Ацаленне ад раку

У адной з вёсак Ашмянскага раёна, што на Гродзеншчыне, жыве шматдзетная сям’я Івана і Таццяны. Іх звыклае жыццё было стабільным, і нічога благога яны не чакалі. Аднак неўзабаве Іван стаў адчуваць сябе не вельмі добра: схуднеў, твар стаў бледны, з жаўтаватым адценнем, балеў страўнік. Да ўрачоў мужчына не спяшаўся, жартаваў, што сёння няма абсалютна здаровых людзей. Калі ж ягоныя браты амаль сілаю павезлі яго ў бальніцу, дактары паставілі страшны дыягназ: рак страўніка 4-й стадыі. Івану ўсяго 39 гадоў, у хаце сямёра дзяцей, малодшаму з якіх тры гады. У Гродне яму зрабілі аперацыю, але родным урачы сказалі рыхтавацца да самага горшага, праўда, зазначылі: «Хіба што здарыцца нейкі цуд».

У той самы час у сям’ю зноў прыйшла яшчэ адна бяда — загінуў родны брат Івана, прычым загінуў ад рукі сваёй жонкі, якая ў сварцы нажом ударыла яго ў сонную артэрыю. Смерць была імгненнай, а жонку забрала міліцыя. У гэтай сям’і пяцёра дзяцей, малодшаму з якіх усяго 6 гадкоў, а старэйшым — ад 25-ці да 16-ці гадоў. На жаль, забраць да сябе малога Андрэйку ніхто са шматлікіх сваякоў не жадаў, хаця былі сярод іх людзі далёка не бедныя. Тады Іван сказаў, што ён забярэ малога. Ён патэлефанаваў сваёй жонцы, якая не змагла паехаць на пахаванне, і сказаў, што прыедзе не адзін, а з пляменнікам-сіратою. Таццяна, не вагаючыся, шчыра адказала: «Буду чакаць». Так у іх сям’і з’явілася восьмае дзіця. І раптам бясследна знікла невылечная хвароба Івана! Словы дактароў: «Хіба што здарыцца нейкі цуд» сталі прарочымі.

Каментарам да гэтай гісторыі могуць быць словы са Святога Пісання: «Шчаслівы, хто клапоціцца аб бедным, Пан уратуе яго ў дзень няшчасця. Пан абароніць яго і жыццё яму захавае, учыніць яго на зямлі шчаслівым і не аддасць яго на волю ворагам. Пан умацуе яго на ложы немачы, перасцеліць ложа яму падчас хваробы» (Пс 40).

Аддала свой кашалёк Божай Маці

Гэта цікавае і павучальнае сведчанне расказала адна з легіянерак Марыі, якая назвалася Тэрэзаю. Жанчына жыве сціпла, на невялікую зарплату. Калі ж узяла хала­дзільнік у крэдыт, стала вельмі няпроста — ледзьве зводзіла канцы з канцамі. Аднаго разу Тэрэза ўспомніла пра тое, як сяброўка, якая была з пілігрымкай у Меджугор’і, расказала, што Маці Божая просіць, каб мы прысвячалі Ёй саміх сябе, свае сем’і, свае справы і нават фінансы. І вось Тэрэза ўкленчыла перад абразом Багародзіцы ў сваёй кватэры і ў малітве даручыла Ёй усе свае праблемы, і фінансавыя таксама. Як малое дзіця, яна працягнула да Марыі свой кашалёк і сказала, што з гэтай хвіліны гэта і Яе кашалёк. Вечарам жанчына пайшла на сход Легіёна Марыі і падчас збору фінансаў на патрэбы супольнасці замест адной тысячы (тады яна была яшчэ вартаснай) паклала апошнія 50 тысяч рублёў. У хаце агледзелася і хацела ўжо тэлефанаваць скарбніку, каб сказаць пра памылку і вярнуць грошы, але ўбачыла абраз Маці Божай, перад якім яна нядаўна складала ў ахвяру свой кашалёк. Тэрэзе стала сорамна, і яна вырашыла: няхай застаецца так, як сталася. Успрыняла гэта як знак звыш, своеасаблівае выпрабаванне. Падзякавала Пану Богу і Маці Божай за ўсё, сказаўшы, што цалкам давярае Езусу і Марыі.

Літаральна праз дзень Тэрэзе на працы нечакана далі прэмію. Потым зноў пакрысе аднекуль пачалі з’яўляцца грошы. Але самае важнае — у яе знік страх перад тым, што не хопіць грошай. Жанчына перастала пра іх думаць і шкадаваць іх. Як ніколі да гэтага, яна адкрыла для сябе сэнс словаў Святога Евангелля: «Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (пар. Мц 19, 21).

Закончыць гэты матэрыял хочацца словамі святой маці Тэрэзы з Калькуты, якая добра ведала цану міласціны: «У свеце вельмі мала веры, таму што вельмі шмат сябелюбства і карыслівасці. Каб вера была сапраўднаю, яна павінна быць самаахвярнаю. Любоў і вера непарыўныя, яны дапаўняюць адна адну».


Галіна Калевіч

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла