«Згода на тое, каб Бог фармаваў цябе». Малітва ў адзіноце

Пан Езус хоча вам дапамагаць.
Хоча быць для вас падмуркам і
ўмацоўваць у штодзённым змаганні
ў здабыванні цнотаў, такіх як
вера, любоў, справядлівасць,
высакароднасць, чыстасць, велікадушнасць.
Св. Ян Павел ІІ


Працяг. Пачатак у №1 за 2015 г.

Сёння прааналізуй матывацыю, якая кліча цябе да малітвы.

Найлепшай нагодаю для малітвы з’яўляецца прагненне Бога ў тваім сэрцы і жаданне быць з Тым, Хто любіць цябе як ніхто іншы. Так маліўся Езус, які шукаў найлепшых момантаў, каб застацца ў адзіноце з Айцом.

Задумайся над месцам і паставаю цела падчас малітвы.

Ці стараешся знайсці адасобленае месца і на нейкі час адкласці іншыя справы, якімі займаешся. Гэта не значыць, што гэта дрэнныя справы, але ж ты жадаеш наталіць душу нечым важным. Рабі гэта з радасцю! Паслухай, што кажа Езус: «Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (Мц 6, 6).

Для гэтага не трэба вялікай падрыхтоўкі — учыні толькі тое, што неабходна. Можаш паставіць перад сабой ікону Езуса — дазволь Яму глядзець на сябе і вучыся глядзець на Яго; можаш адкрыць Святое Пісанне і запаліць свечку — сімвал жывой веры, любові, надзеі, шукання.

Прымі зручную паставу цела, якая будзе дапамагаць табе. Дыхай глыбока і праз момант адпачні. Усё гэта дапаможа табе ў скіраванні тваёй увагі да Пана.

Задумайся, якім чынам ты робіш знак Святога Крыжа.

Ці ўсведамляеш значэнне гэтага жэсту? Учыні знак Святога Крыжа вельмі павольна: «У Імя Айца і Сына, і Духа Святога». У момант дотыку пальцамі да чала, плячэй і сэрца ты адкрываеш Пану дзверы ўсёй тваёй існасці і ўваходзіш у Яго прысутнасць.

Гавары з Богам і дазволь, каб Ён гаварыў з табою.

Гавары Яму пра тое, што цябе цікавіць, што цябе непакоіць, што радасна ўзрушае тваё сэрца. Учыні гэта ва ўсёй праўдзе, на якую ты здольны, нават калі трэба сказаць Яму пра тваю слабасць і грэх… Але галоўнае — дазволь Яму гаварыць. Адкрый Святое Пісанне і чытай.

Глядзі на Бога і дазволь Яму глядзець на цябе.

Табе не абавязкова пастаянна гаварыць. Ты можаш глядзець на Яго з даверам і дазволь, каб Ён гля­дзеў на цябе. Можаш любіць Яго і дазволь, каб Ён любіў ця­бе як добры Сябра. А калі ты адчуваеш цяжкасць у гэтым, задумайся, у чым яе прычына. Чаму табе так сорамна, што ты не хочаш, каб Ён на цябе гля­дзеў? Дазволь Яму фармаваць цябе. Бог — як новы ганчар. Згода на тое, каб Ён фармаваў цябе, часам бывае балючаю, але варта зрабіць гэты крок.

Пастанаві для сябе сёння, што будзеш перажываць час малітвы з нязменнай радасцю.

Нават калі ты нічога не будзеш адчуваць, любоў праявіцца і ў духоўнай сухасці. Памятай, што Бог таксама цешыцца, што можа быць з табою, бо Яму прыемна сустракацца з намі. Прачытай малітву Ойча наш. Вельмі павольна. Учыні тваімі ўсе просьбы. Памятай пра Марыю, пра Яе блізкую матчыну прысутнасць. І вярніся да тваіх штодзённых абавязкаў, гатовы чыніць дабро.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла