Прымаць сябе — шлях да шчасця. Частка другая

Мы працягваем разгля­даць рысы, уласцівыя чалавеку, які прымае самога сябе.


4. Чацвёртая рыса — чалавек, які прымае сябе, умее быць самім сабою і атрымлівае ад гэтага радасць.

На такога чалавека глядзіш і бачыш: можа ў яго і ёсць праблемы і цяжкасці, можа і ёсць пытанні, адказаў на якія ён не ведае і якія не можа выра­шыць, але ад яго сыходзіць нейкі агульны спакой і радасць. Я б сказала нават так: нейкае агульнае пачуццё сэнсу. Ён не носіць маскі, стварае вакол сябе атмасферу сапраўднасці, шчырасці. Побач з такім чалавекам не задыхаешся, няма адчування, што ён запаланяе сабою ўсю навакольную прастору. Яшчэ гэта гнуткі чалавек у вызначэнні сваіх межаў. Часам псіхалагічную мяжу можна і трэба пашырыць, а часам варта звузіць. Ён звычайна адчувае, калі гэта зрабіць.

Чалавек, які прымае сябе, не ліслівіць і не імкнецца ўсім спадабацца. Ведаеце, я часта гэта кажу: калі прыбраць са свайго жыцця адну толькі гэтую рысу — жаданне спадабацца — яно адразу напаўняецца кіслародам, свежасцю, здароўем, адразу ўзнікае жаданне жыць. Такі чалавек праўдзівы ў адносінах з сабою, з іншымі людзьмі і з Богам, ён не падманвае ні дзеля зла, ні дзеля дабра.

За ўсю гісторыю не было яшчэ чалавека, які спадабаўся б усім. Езус кажа нам пра «вузкі шлях» хрысціяніна. Гэты шлях акурат у тым, каб быць сабою. Камусьці гэта спадабаецца, камусьці — не. Езус быў сабою. Паглядзіце, за што Яго ўкрыжавалі. За тое, што Ён быў сабою, і калі Яму казалі: «Ты не ад Бога», Ён адказваў: «Я — Сын Божы».

5. Пятая рыса — уменне жыць «тут і цяпер».

Мінулае знікла, трэба развітацца з яго памылкамі, а будучыня невядомая. Я магу нешта запланаваць, але калі пачну загадзя панікаваць, можа атрымацца, што ўсё гэта дарэмна, жыццё складзецца зусім інакш. Трэба спачатку запланаваць сабе проста жыць, а на гэтым фоне ўжо ўсё астатняе. А жыць — значыць быць, жадаць, любіць, і ўсё гэта цяпер, а не заўтра.

Вялікая памылка — несці з сабою сваё мінулае. Ёсць такая гісторыя пра двух манахаў, якія пілігрымавалі ў далёкі кляштар. Праходзячы каля ракі, яны ўбачылі маладую жанчыну, якая плакала, бо баялася перайсці на супраць­леглы бок. Адзін з братоў узяў яе на спіну і перанёс праз раку. І яны пайшлі далей:адзін дзень, другі. А пасля другі манах кажа: «Як ты мог дакрануцца да гэтай жанчыны, узяць яе на рукі, ты ж манах!». А першы яму адказаў: «Браце, я пакінуў яе два дні таму, а ты ўжо трэці дзень нясеш гэтую жанчыну з сабою». Не трэба несці з сабою лішні цяжар, трэба пакінуць яго ў мінулым.

Чалавек, які прымае сябе, свядома жыве сённяшнім днём, ён такі, які ёсць, а не такі, якім хацеў бы быць: «Калі я стану іншым, тады я сябе прыму». Не — сёння я такі, і такім сёння сябе прымаю. Гэта не значыць, што сказаўшы: «Я такі, люблю сябе і прымаю, і буду такім», мы спынімся ў развіцці, гэта неразумна. Чалавек, які прымае сябе, бачыць свой патэнцыял у развіцці, але жыве «тут і цяпер» і не ставіць сабе ўмоваў: «Я пачну любіць сябе, калі...» Таму што парадак адваротны — спачатку я сябе люблю і прымаю, станаўлюся сабою, а пасля магу змяняцца. Калі хочаце стаць святымі, спачатку станьце сабою.

6. Шостая рыса — здольнасць пасмяяцца з сябе.

Гэта вельмі важна! Залішне сур’ёзнае стаўленне да сябе самога — прыкмета няўпэўненасці ў сабе: асабістай, прафесійнай, сямейнай... Такі няўпэўнены чалавек ходзіць і імкнецца, каб усе яго заўважылі, убачылі, каб ніхто выпадкова пра яго не забыўся. Ён баіцца страціць пазіцыю, якую заняў, а гэта адсутнасць унутранай свабоды. Чалавек, які прымае сябе, бачыць свае моцныя бакі і свае слабасці і здольны часам з іх пасмяяцца, не зацыкліваючыся. Гэта значыць проста прыняць, абняць і пасмяяцца, таму што весела. І ён не проста здольны з сябе пасмяяцца, а мае на гэта права, бо бяспечны для сябе самога: ён гэтым не раніць сябе, не прыніжае, не зневажае, а проста жартуе сам з сабою. Ён смяецца з сябе на фоне сваёй любові да сябе. Гэтак жа і ў адносінах з іншымі людзьмі: можна пасмяяцца з некага толькі на фоне любові да яго, і каб чалавек гэта ведаў.

7. Сёмая рыса — гэты пункт я сама вельмі люблю.

Чалавек, які прымае сябе, здольны зразумець і задаволіць свае патрэбы, пачынаючы з самых простых фізіялагічных, умеючы пабудаваць іх іерархію. Ён і працу зробіць, і знойдзе час паесці, паспаць. Можна ска­заць: «Вось, так хочацца спаць, а трэба сядзець і працаваць». А для чаго? Для таго, каб даказаць, што я такі заняты і ўсяму свету патрэбны, ні секунды для сябе не маю? Гэта не любоў да бліжніх, а прыхаваны эгацэнтрызм. Зразумела, рознае здараецца, часам і сон, і абед трэба адкласці, але чалавек, які прымае сябе, разумее неадкладнасць сваіх патрэбаў і можа нават пасярод дня легчы спаць без згрызотаў сумлення, калі адчувае, што яму сапраўды гэта неабходна. Яго асноўныя патрэбы размераныя, рэалізаваныя, задаволеныя. Чалавек, які прымае сябе, не стане есці празмерна: яму не трэба нічога «заядаць», кампенсаваць. У яго няма хімічных залежнасцяў: ад наркотыкаў, алкаголю, цыгарэтаў, як і іншых залежнасцяў. Ён не «голік»: не працаголік, не сексаголік. Ён усведамляе, што робіць. У чалавека, які сябе прымае, не будзе такога: я забег на кухню, бачу ежу на стале і хапаю яе, не думаючы, ці хачу я есці. Не будзе такога: вось толькі што стаялі цукеркі на стале і зніклі, а калі я іх струшчыла, і сама не памятаю.
Чалавек, які прымае сябе, здольны, з аднаго боку, спачуваць і дапамагаць іншым, не карыстаючыся імі. А з іншага боку, ён можа адмовіць у дапамозе і не адчуваць сябе вінаватым. Такія людзі веда­юць і паважаюць свае ўласныя межы і не дазваляюць маніпуляваць сабою. Пра гэта таксама кажа сёмая запаведзь «Не крадзі» — свае псіхалагічныя межы трэба берагчы як сваю маёмасць, а можа і ў першую чаргу.

8. Восьмая рыса — чалавек, які прымае сябе, умее самавызначацца.

Ён не паддаецца статкаваму інстынкту, масавай модзе, рэкламе. Яму не патрэбна, каб яго выбар абавязкова ўхвалялі іншыя: мама, тата, калега, суседка і г.д. Калі трэба, такія людзі ідуць супраць цячэння. Паўтару: калі трэба. Людзі, якія прымаюць сябе, — не бунтаў­нікі, якія паўстаюць толькі дзе­ля бунту, яны выказваюцца супраць толькі калі сапраўды трэба абараніць сябе, сваіх родных і блізкіх. Запішыце для сябе адну вельмі важную фразу і запомніце яе. Можаце надрукаваць або напісаць вялікімі літарамі і павесіць над сваім ложкам, каб ніколі не забывацца пра гэта: МЫ НАРАДЗІЛІСЯ НЕ ДЛЯ ТАГО, КАБ СПАЎНЯЦЬ НЕЧЫЯ СПАДЗЯВАННІ, А ІНШЫЯ НАРАДЗІЛІСЯ НЕ ДЛЯ ТАГО, КАБ СПАЎНЯЦЬ НАШЫЯ СПАДЗЯВАННІ. Гэта надзвычай важна!

9. Дзявятая рыса — чалавек, які прымае сябе, не страч­вае кантактаў з рэчаіснасцю.

Ён не марыць пра немагчымае: «Ой, калі б я толькі цяпер магла быць у Аўстраліі! Там цёпла, а тут зіма!», не сядзіць і не пакутуе тыднямі ад таго, што грошы ёсць толькі на кароткае норкавае футра, а не на доўгае (гэта рэальны жыццёвы прыклад).

Гэтыя людзі хочуць быць сабою, а не кімсьці іншым, не думаюць пра тое, што лепш было б нарадзіцца ў іншай краіне або мець іншых бацькоў. Яны не трацяць энергію на вечныя скаргі: «Аёй-аёй, як усё дрэнна, моладзь дрэнная, людзі благія, як цяпер жыць і што рабіць...». Яны аддаюць сілы рэальнаму жыццю: так, вось гэта дрэнна, магчыма, можна і паплакаць крыху, але пасля трэба сесці і падумаць, што сапраўды можна зрабіць. Няхай гэта будуць маленькія крокі, але крокі да вырашэння праблемы, а не адны толькі слёзы. Заўсёды лепш укласці высілкі ў тое, каб прыняць сябе, чым у тое, каб перакройваць сябе ў немагчымае. Прымаючы сябе, вы адразу ўбачыце, як моцна змяніліся.

10. Дзясятая рыса — асертыўнасць, здольнасць не залежаць ад чужога меркавання, адказваць за свае паводзіны і ўчынкі, у любыя адносіны ўва­ходзіць на роўных.

Той, хто прымае сябе, здольны на сваю карысць і без шкоды для іншых абараніць уласную тэрыторыю. Гэта не значыць, што ўсім людзям гэта спадабаецца, але калі нехта захоча ўвайсці на маю тэрыторыю, і я яму адмоўлю, гэта можа быць непрыемна, але шкоды не прынясе. Трэба разгля­даць кожную сітуацыю асобна. Справа не ў тым, што я павінна сядзець і цярпець чалавека, сціснуўшы кулакі. Гэтак я адчую сябе ўкрыжаванаю на запаведзі любові, і яна так мне абрыдне, што я не захачу ні маліцца, ні верыць, ні ў касцёл хадзіць...

Справа ў тым, што, сустрэў­шыся з непрыемным мне ча­лавекам, я маю права спачатку закрыцца і паглядзець, ці ён пасланы ў маё жыццё Богам, ці не. Я вырашаю, ці карысная мне яго прысутнасць. Можа, трэба прайсці працэс прыняцця гэтага чалавека, каб нечаму навучыцца, нечага дасягнуць. Але для выбару можа спатрэбіцца час, і мне неабавязкова адразу адкрывацца і ўкрыжоўваць сябе. Гэтак жа і з дзесяццю запаве­дзямі. Многія людзі кажуць: «Іх немагчыма прытрымлівацца, яны мяне абмяжоўваюць». Але Бог даў запаведзі як шлях да шчасця, дык чаму я адчуваю абмежаванні? Трэба падумаць пра гэта, засяродзіцца над гэтым пытаннем у глыбіні сябе, зразумець і прыняць.

Асертыўнасць — гэта аднолькавая павага і да іншых, і да сябе, павага і да чужога меркавання, і да свайго. Калі я прымаю сябе, ува мне ёсць гармонія і ўнутраны спакой. Прыклад такой гармоніі — Езус, найцудоўнейшая Асоба, Ён прымаў сябе такім, які ёсць. Ёсць людзі, якім гэта спадабаецца, і яны пойдуць за мною. Ёсць і іншыя, каго гэта будзе страшна раздражняць. І я, прымаючы сябе, поўны гэтай унутранай гармоніі, разумею і першых, і другіх. Я не змяняюся так, каб спадабацца ўсім. Я не кажу сваім непрыяцелям: «Ну не так у мяне ўсё добра насамрэч, не такі я ўжо і гарманічны». Я не апраўдваюся перад імі і не здраджваю сабе. Я ведаю, чаго каштуе прыняць самога сябе, знайсці самога сябе, ведаю, як дрэнна ад сябе адмаўляцца, і ніколі гэтага не зраблю для таго, каб некага задаволіць.

11. Апошняя, адзінаццатая рыса — уменне імкнуцца да развіцця, а не да дасканаласці.

Я прывяду цытату: «Д’ябал імкнецца падмануць манахаў і давесці да згубы, прапаноўваючы не толькі грэх у розным выглядзе, але і неўласцівыя ім узвышаныя цноты». Разумееце, планку трэба ставіць высокую, але па ўласных сілах. Не па сілах усемагутнага Бога, а па сваіх. Гэта тычыцца веруючых людзей, нашага імкнення да святасці. Ёсць цноты не для нас, мы не можам ісці ўсімі тымі шляхамі, якімі ішлі святыя. Калі я, імкнучыся да дасканаласці, не прымаю сябе, а бягу ад сябе — гэта заўжды шлях злога духа. Кожнаму трэба спачатку знайсці сябе, а пасля і сваю святасць. І гэтага я ўсім жадаю з дапамогаю Духа Святога!


Паводле лекцый і семінараў
с. Паўлы Бобер MSF
Падрыхтавала Юлія Шэдзько

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла