Адпуст: адкуль паходзіць і ў чым яго сутнасць?

У касцёльным асяроддзі вернікі даволі часта чуюць слова «адпуст». Гэтым словам часам называюць парафіяльны фэст. Святары пры розных нагодах нагадваюць вернікам пра магчымасць атрымаць адпуст. Што ж гэта за пабожная практыка і чаму яна такая важная?


Галоўныя дакументы Касцёла — Кодэкс Кананічнага Права (канон 992) і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ( нум. 1471) — акрэсліваюць адпуст як Божае прабачэнне часовых караў за наступствы раней адпушчаных грахоў. Адпуст можа атрымаць толькі хрысціянін праз пасрэдніцтва Касцёла, бо менавіта Касцёл, як распарадчык пладоў адкуплення, раздзяляе іх і на­дзяляе вернікаў дарамі ўміласціўлення Хрыстовай Ахвяры і заслугаў святых.

Сам тэрмін «адпуст» пахо­дзіць ад слова «адпушчэнне»

Шматзначнасць гэтага слова прыводзіць да скажонага разумення адпустаў, бо мы часта звязваем паняцце «адпускаць» з грахамі. Таму, калі ў рэлігійным асяроддзі чуем, што можна атрымаць «адпушчэнне», то адразу дадумваем: «адпушчэнне грахоў». А на самай справе, калі гаворка ідзе пра адпуст, то яна датычыць не адпушчэння грахоў, а толькі пакарання за іх наступствы. Ад грахоў чалавек вызваляецца ў сакрамэнце споведзі, а ад пакарання за наступствы грахоў можна вызваліцца, выканаўшы ўмовы адпусту.

«Што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе»

З пачатку існавання Касцёла ў яго супольнасці лічылася, што ў адпусце праяўляецца дар Божай міласэрнасці, выражаны ў прабачэнні не толькі віны за здзейснены грэх, але і пакарання за яго наступствы. Пры гэтай нагодзе найчасцей узгадваліся словы Хрыста, скіраваныя да апостала Пятра: «што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе, а што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе» (Мц 16, 19). У вузкім сэнсе першыя хрысціяне разумелі адпуст як прабачэнне караў. Гэта было звязана з пашыранай практыкай публічнага пакаяння за цяжкія грахі, за якія вернік павінен быў адпакутаваць, выконваючы адпаведныя пабожныя ўчынкі. Гэтае пакаянне часам было вельмі суровым і працяглым, а з нагоды нейкай асаблівай рэлігійнай падзеі або з увагі на здзейсненыя пакутнікам асаблівыя ўчынкі веры ці любові Касцёл вызваляў яго ад далейшага трывання «ў пакуце», надзяляючы яго дарам адпусту, зачэрпнутым з бяздоння Божай міласэрнасці і заслугаў святых.

Адпуст не можа замяніць сакрамэнту споведзі

Першапачаткова адпуст удзяляўся перадусім паміраючым, якім Касцёл імкнуўся дапамагчы сустрэцца з Богам поўнасцю вызваленым і як ад саміх грахоў, так і ад пакарання за іх наступствы. Усведамленне таго, што памерлыя ня­суць адказнасць за наступствы сваіх грахоў і ўсведамленне пагрозы часовага пакарання ў чыстцы спрыяла пашырэнню практыкі ахвяравання ласкі адпусту за памерлых, а ў сувязі з тым, што накладанне «пакуты» часта вымяралася колькасцю дзён пакаяння або забаронаю прабывання ў святым месцы, і сам адпуст (ласку памілавання) пачалі вымяраць месцам і часам.

Развіццё пабожнасці вернікаў прывяло да таго, што Касцёл на афіцыйным узроўні ўсё больш пашыраў магчымасць атрымання ласкі адпусту, звязваючы гэта з адпаведнымі духоўнымі практыкамі, наведваннем святых мясцінаў і да т.п. Аднак заўсёды падкрэслівалася, што адпуст ніколі не можа замяніць сакрамэнту споведзі, бо ён не мае моцы прабачэння грахоў, а толькі з’яўляецца кампенсацыяй за іх наступствы.

«Гандляры адпустамі»

Спроба разглядаць адпуст як нейкую адплату за грахі і наіўнасць неадукаваных вернікаў нарадзіла шматлікіх «гандляроў адпустамі», сярод якіх здараліся нават духоўныя асобы. Вялікая папулярнасць адпустаў, аж да магічнага іх трактавання сярод простага люду, прывяла ў XVI ст. да расколу ў некаторых асяродках вернікаў. У выніку паўсталі групоўкі, якія пратэставалі не толькі супраць «гандляроў адпустамі», але ўвогуле адпрэчвалі Касцёл, несправядліва атаясамліваючы яго з несумленнымі вернікамі. Адказам Касцёла на нездаровыя крайнасці (рэлігійны магізм і пратэстантызм) стала Каталіцкая рэформа, абвешчаная Трыдэнцкім Саборам (1545 — 1563). Галоўны акцэнт яна рабіла на неабходнасць абавязковай рэлігійнай адукацыі вернікаў, бо ўсе перагібы, секты і махлярствы ўзнікалі там, дзе квітнела рэлігійная цемра. Таму Касцёл зрабіў моцны акцэнт на абавязковую духоўную асвету. Адказам на гэты заклік Касцёла было духоўнае адраджэнне хрысціянскіх супольнасцяў, навяртанне пратэстных вернікаў, умацаванне ва ўсіх краінах сеткі каталіцкіх школаў, калегіумаў, рэлігійна-асветніцкіх мерапрыемстваў і друку.

Частковыя і поўныя адпусты

У наш час практыка адпустаў не перастае быць папулярнай. Касцёл працягвае навучаць, што адпуст ніколі не можа замяніць сакрамэнт і ніколі не дзейнічае аўтаматычна. Гэта ласка Бога, аб якой просіць і якую пашырае Касцёл. Але толькі Пан Бог вырашае, каму і якая ласка мае быць удзеленая. Каб пазбегнуць механічнага разумення адпустаў, папа Павел VI у 1967 г. абвясціў Апостальскую канстытуцыю «Indulgentiarum Doctrina», у якой замест вылічэння дзён адпусту прапанаваў падзяліць іх на дзве катэгорыі: частковыя і поўныя. Падрабязна адпусты былі апісаныя ў дакуменце  «Enchiridion Indulgentiarum» (1968), які быў дапоўнены папам Янам Паўлам ІІ у 1999 годзе. Святы Айцец не толькі пацвердзіў ранейшыя ўмовы атрымання адпусту, але дадаў новыя з улікам асаблівасцяў сучаснага жыцця вернікаў. Напрыклад, было абвешчана аб магчымасці атрымаць адпуст за публічнае сведчанне веры. Яно адносіцца да такіх прыкладаў, як бачная малітва перад ежаю ў грамадскім месцы харчавання (сталоўцы, кавярні). Да гэтай катэгорыі адносіцца таксама сітуацыя, калі вернік на вачах іншых людзей перахрысціцца, праходзячы каля крыжа ці касцёла.

Падзел адпустаў на поўны і частковы азначае, што ў першым выпадку адбываецца  поўнае дараванне караў за наступствы грахоў, адпушчаных у споведзі. Пры частковым адпусце дараванне караў за наступствы грахоў, адпушчаных у споведзі, мае толькі частковы характар.

Умовы адпусту

Адпуст вернік можа атры­маць толькі адзін раз на дзень. Для гэтага ён павінен знахо­дзіцца ў стане асвячальнай ласкі (быць вольным ад граху, паяднацца з Богам, прыступіўшы да спове­дзі). Акрамя гэтага, неабходна прыняць Хрыста ў святой Камуніі і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (звычайна гэта малітвы «Ойча наш», «Веру ў Бога», «Вітай, Марыя»). Да гэтых «стандартных» умоваў адпусту Касцёл дадае прынагодную ўмову атрымання адпусту. Гэта можа быць: пабожная малітва ў святым месцы (санктуарыі, на могілках ці інш.), здзяйсненне нейкага ўчынку міласэрнай любові (наведванне хворага), карыстанне малітоўнай рэччу (крыжык, медалік, шкаплер). Адпуст можа быць звязаны з часам (напр., паўгадзінная Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, паўгадзіннае пабожнае чытанне Святога Пісання, малітва на могілках з 1-га па 8 лістапада, удзел у літургіі Вялікай пятніцы, удзел у вызначанай урачыстасці і да т.п.). Адпуст можа быць звязаны з пабожным чытаннем вызначаных малітваў ці гімнаў у адпаведным часе і месцы (Ружанец, Крыжовы шлях, гімны «Цябе, Бога…», «О Стварыцель Дух…» і інш.).

Касцёл навучае, што звычайныя ўмовы атрымання адпусту (споведзь, св. Камунія, малітвы ў інтэнцыях Святога Айца) могуць быць выкананыя нават на некалькі дзён раней за здзяйсненне спецыяльнага дзеяння, звязанага з адпустам. Заўважым таксама, што адпуст можна ахвяраваць або за сябе, або за памерлага. Нельга здзяйсняць яго за іншую жывую асобу.

Апостальская Сталіца і біскупы на месцах гавораць аб вельмі шырокіх магчымасцях выкарыстання дару адпустаў. Варта даведвацца пра магчымасці атрымання адпустаў, дзяліцца з іншымі досведам дароў, якія Касцёл шчодра чэрпае з вечна жывой крыніцы Божай міласэрнасці.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Фота: Oliver Henze,
wikimedia.org

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла