Божае Цела і Сэрца Езуса

Дарагія браты і сёстры!

Урачыстасць Божага Цела заахвочвае нас да разважання над самаю вялікаю таямніцаю нашай веры: Найсвяцейшай Эўхарыстыі — рэаль­най прысутнасці Пана Езуса Хры­ста ў сакрамэнце алтара. Кожны раз, калі святар аднаўляе эўхарыстычную ахвяру, ён паўтарае ў кансэкрацыйнай малітве: «Гэта ёсць Цела Маё... Гэта ёсць келіх Крыві Маёй...». Ён гаворыць гэта, аддаючы голас, рукі і сэрца Хрысту, які пажадаў застацца з намі і быць жывым сэрцам Касцёла. Але пасля цэлебрацыі Божых таямніцаў Пан Езус надалей застаецца ў табэрнакулюме, таму мы асаб­лівым чынам праслаўляем Яго  ў эўхарыстычнай адарацыі <...> Больш за тое, існуе глыбокая сувязь паміж цэле­брацыяй і праслаўленнем. Святая Імша па сваёй сутнасці з’яўляецца найбольшым актам адарацыі Касцёла. «Ніхто не спажывае гэтага Цела, — піша св. Аўгустын, — калі спачатку яго не адараваў». Адарацыя паза св. Ім­шою працягвае і ўзмацняе тое, што адбылося падчас літургічнай цэлебрацыі, і да­зваляе пасапраўднаму і глыбока прыняць Хрыста.

Сёння ва ўсіх хрысціян­скіх супольнасцях таксама праводзіцца эўхарыстычная працэсія — асаблівая форма публічнай адарацыі Эўхарыстыі, узбагачаная прыгожымі і традыцыйнымі праявамі нацыянальнай пабожнасці. З  нагоды сённяшняга свята я хацеў бы шчыра пажадаць душпастырам і ўсім вернікам практыкаваць эўхарыстычную адарацыю. Выказваю сваё ўшанаванне інстытутам кансэкраванага жыцця, а таксама таварыствам і брацтвам, якія асаблівым чынам пры­свячаюць сябе ёй [адарацыі]: яны нагадваюць усім пра цэнтральнае месца Хрыста ў нашым асабістым і касцёльным жыцці. Я таксама з радасцю сцвярджаю, што шмат ма­ладых людзей адкрываюць прыгажосць адарацыі, як асабістай, так і супольнай. Заклікаю святароў заахвочваць да гэтага моладзевыя групы, а таксама дапамагаць ім, каб формы супольнай адарацыі заўсёды былі адпаведнымі і годнымі, з хвілінамі маўчання і ўслухоўвання ў Божае слова. У сённяшнім жыцці, напоўненым шумам і мітуснёю, як ніколі  раней, важна мець здольнасць для таго, каб унутрана сцішыцца і засяро­дзіцца: эўхарыстычная адарацыя дазваляе зрабіць гэта не толькі вакол уласнага «я», але ў таварыстве гэтага «Ты», поў­нага любові, якой ёсць Езус Хрыстус, «блізкі нам Бог».

Няхай Панна Марыя, Эўхарыстычная Нявеста, увя­дзе нас у таямніцу сапраўднай адарацыі. Яе сэрца, пакорнае і простае, заўсёды было засяроджанае вакол таямніцы Езуса, у якой Яна праслаўляла прысутнасць Бога і Яго адкупленчую Любоў. Няхай ва ўсім Касцёле праз Яе заступніцтва ўзрастае вера ў эўхарыстычную таямніцу, радасць ад удзелу ў св. Імшы і запал даваць сведчанне пра безмежную любоў Хрыста.

Папа Бэнэдыкт ХVI, 

Слова перад малітваю 

«Анёл Панскі».

     Рым, 06.10.2007.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла