Постаць святога Юстына


Як сцвярджаюць біяграфічныя крыніцы, Юстын нарадзіўся ў першай палове ІІ стагоддзя ў Рымскай правінцыі Флавія Неапаліс (Наблус, сучасная Іарданія). Бацькі Юстына, рымскія ары­стакраты, выхавалі яго ў языч­ніцкай веры. Як толькі хлопчык вырас са школьнага ўзросту, ён адразу пачаў шукаць  «адзі­нага і праўдзівага Бога». Вывучаючы спачатку грэцкую філасофію, браў урокі ў найславуцейшых настаўнікаў, аднак ні адзін з іх не змог яму нічога сказаць пра адзінага і праўдзівага Бога. Аднойчы, падчас шпацыру каля мо­ра, ён сустрэў старца, які пасля доўгай размовы пераканаў яго ў неабходнасці хрысціянскай веры. Пасля грунтоўнага вывучэння Бібліі Юстын прыняў хрост і стаў прапаведаваць Евангелле.

Потым ён прыбыў у Рым, дзе хутка стаў вядомым настаўнікам і збіраў вакол сябе рымлянаў, якія прагнулі ведаў. Юстын напісаў шмат філасофскіх працаў, дзе бараніў хрысціянства, буйнейшая з іх — «Апалогія хрысціянскай рэлігіі», якую каля 150 го­да ён скіраваў імператару, ягоным сынам, Сенату і рымскаму народу. Юстын нястомна выступаў супраць пераследу хрысціянаў і публічна асуджаў катаў, што не магло не справакаваць пера­следу і супраць яго самога: разам з шасцю вучнямі ён быў ары­штаваны і зняволены ў вязніцы. Вязняў змушалі пакланяцца языч­ніцкім багам, пасля адмовы іх бічавалі, а потым публічна за­білі. Юстыну адсеклі галаву мячом — гэта было каля 165 года. 

Паводле легенды, пасля смер­ці цела мучаніка ўкінулі ў сажалку. Месца, дзе яно знаходзілася, паказалі гусі, якія там плавалі да той пары, пакуль людзі не за­бралі цела. Пасля пахавання да магілы Юстына прыходзілі вялікія натоўпы пілігрымаў, асабліва вясковых людзей, якія засведчылі шмат цудаў. Пасля легалізацыі хрысціянства Юстына абвясцілі святым, асабліва ўшаноў­валі яго як абаронцу веры. Яго магіла, хутчэй за ўсё, знаходзілася на месцы рымскага касцёла пад тытулам святых Плацыда і Пудэнцыі. Святы Юстын з’яўляецца апекуном філосафаў і апалагетаў хрысціянскай веры.

Ксёндз Аляксей Юркайць,

адміністратар парафіі Мосар.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла