Беражліва і пяшчотна

Малітва — гэта мальба, найчасцей — просьба. Сама сутнасць просьбы, якая адрознівае яе ад загаду, — гэта тое, што яе можна выслухаць, а можна і не выслухаць. Калі Той, Хто ведае ўсё, чуе просьбы даволі неразумных стварэнняў, Ён, вядома, можа іх і не выканаць. Нязменны «поспех» малітвы не быў бы сведчаннем на карысць хрысціянства. Гэта было б хутчэй чараўніцтва, магія. 

Безумоўна, у Евангеллі ёсць словы, якія, на першы погляд, абяцаюць, што будзе выкананая кожная наша малітва. Але ёсць там і іншае. Самы Лепшы з усіх, Хто маліўся і моліцца, прасіў, каб горкі келіх абмінуў Яго. Ён Яго не абмінуў. Пасля гэтага нам варта забыцца на малітву як на «на­дзейны сродак».

Малітва — асабістая размова паміж недасканалым, як зародак, стварэннем і дасканалым Стварыцелем. Малітвамальба, малітвапросьба — гэта малая частка такіх асабістых адносінаў. Скруха — іх парог, глыбокая пашана — іх свяцільня, радасць у Богу — іх гасціна. Калі мы размаўляем з Богам, то адказ Яго на нашу мальбу — усяго толькі вынік. І не самы важны.

І ўсё ж Бог дазволіў нам ма­літвупросьбу і наказаў яе чы­ніць: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння». Тут усё ня­проста. Здавалася б, Таму, Хто ўсё ведае, не патрэбныя нашы падказкі, Яму, Міласэрнаму, не патрэбныя нашы выпрошванні. Але гэтаксама Яму не патрэбныя і пасрэднікі, ні жывыя, ні неадушаўлённыя. Ён мог бы падтрымліваць нашае жыццё без ежы альбо мог бы даць нам хлеб без працы земляробаў і пекараў, даць веды без настаўнікаў, даць веру без святароў. Аднак Ён пажадаў, каб з Ім супрацоўнічалі і глеба, і надвор’е, і жывёлы, 

і чалавечая думка, і наша воля. «Бог, — кажа Паскаль, — устанавіў малітву, каб падараваць свайму стварэнню высокі гонар: быць прычынаю». Не толькі малітву. Гэты гонар Ён дарыць нам ва ўсіх нашых дзеяннях. Нам часта дзіўна, што наша малітва можа ўплываць на жыццё; але не менш (і не больш) дзіўна, што на яго могуць уплываць нашыя ўчынкі.

Падобна на тое, што Бог не робіць сам таго, што можа даручыць нам, людзям. Ён наказвае нам рабіць сціпла, паволі тое, што Ён сам зрабіў бы бліскуча й хутка. Мы не проста спажыўцы альбо гледачы — нас уганаравалі ўдзелам у Божай справе. Магчыма, гэта проста справа Стварэння, якая адбываецца на нашых вачах? Вось так, менавіта так Бог штосьці стварае…

Сам я схільны ў гэта верыць. Але ў лепшым выпадку гэта — усяго толькі мадэль альбо сім­вал. Што б нам ні казалі, усё — толькі падабенства, толькі прыпавесць. Праўда ж, якая яна ёсць, недаступная нашаму розуму.

Малітва — не машына. Малітва — не магія. Малітва — не парада Богу. Як і ўсялякае нашае дзеянне, яна звязана з Божым дзеяннем, без якога нічога не значаць усе зямныя прычыны. 

Яшчэ больш небяспечна лічыць, што тыя, чые малітвы выконваюцца, — фаварыты Бога, уплывовыя асобы пры Яго двары. Малітва аб горкім келіху дакажа, што гэта не так. Адзін практыкуючы і добры хрысціянін сказаў мне суровыя словы: «Я бачыў шмат здзейсненых малітваў і шмат цудаў, але яны зазвычай даюцца першапачаткоўцам — да навяртання, адразу пасля яго. Чым далей ты пайшоў па хрысці­янскім шляху, тым яны радзейшыя». Значыць, Пан Бог пакідае без адказу самых лепшых сваіх сяброў? Што ж, Лепшы з лепшых усклікнуў: «Чаму Ты Мяне пакінуў?» Калі Бог быў Чалавекам, Чалавек гэты менш за нас знайшоў суцяшэння, менш за ўсіх. 

Тут — вялікая таямніца, і, калі б я мог, я ўсё роўна не асмеліўся б яе разгадваць. Зробім іншае: калі, насуперак верагоднасці і надзеі, здзяйсняюцца малітвы такіх, як вы і я, не будзем ганарыцца, бо калі б мы былі мацнейшыя і сталейшыя, з намі абыходзіліся б не так беражліва і пяшчотна.

Падрыхтавала Ірына Жарнасек.

Паводле: К. С. Льюіс, «Моц малітвы».

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла