Часам д’ябал імкнецца зрабіць карыкатуру з нашага вобраза Бога.

Трынаццатая звычайная нядзеля — 1 ліпеня 2012 г.

Чытанні: Мдр 1, 13–15; 2, 23–24; Пс 30(29), 2 і 4. 5–6. 11 і 12а і 13b; 2 Кар 8, 7. 9. 13–15

Евангелле паводле святога Марка 5, 21–24. 35b–43

Часам д’ябал дзейнічае так: імкнецца зрабіць карыкатуру з нашага вобраза Бога. Мы можам зусім не заўважыць, калі вобраз Божы ў нашых сэрцах скажаецца, а д’ябал кажа: «Як ты можаш любіць такога Бога і верыць у Яго? Ён нікчэмны». І многія тады зга­джаюцца з д’яблам.

Адным з вобразаў Бога, які д’ябал імкнецца сказіць, — гэта вобраз суддзі. Паводле версіі злога духа, Бог Суддзя — не Той, Хто чыніць дабро, справядлівасць і гармонію, а бурклівы дзядок, які пазбаўляе жыццё радасці і карае чалавека за ўсё прыемнае. Падманваючы такім чынам, д’ябал хоча намовіць нас уцякаць як найдалей ад Пана Бога, які можа нас па­караць, калі мы хочам радавацца паўнатою жыцця. 

У сённяшнім літургічным чытанні мы бачым праўдзівы вобраз Бога, крыніцы жыцця. Смерць — справа не Бога, а д’ябла. Бог — гэта сама любоў, Ён ніколі не пажадае зла сваім стварэнням. У Евангеллі Бог паказаны як Той, Хто любіць жыццё, у сённяшнім чытанні Ён аб’яўляецца ў Езусе, які аздараўляе хворую жанчыну і ўваскрашае дачку кіраўніка сінагогі. Ён — невычарпальная крыніца ласкі, і прагне, каб мы ўсе пілі з Яго. Хрыстус хоча, каб мы мелі ў сабе паўнату жыцця.

Можа таму чалавек не можа быць пакараны? Можа. Аднак не Бог карае чалавека. Ён сам накладае на сябе пакаранне, аддаляючыся ад Бога — крыніцы жыцця, і таму засыхае ў пустцы граху. Бог, які любіць жыццё, заўжды прагне адарыць нас яго паўнатою. А д’ябал у сваю чаргу хоча звесці чалавека з гэтага шляху і пазбавіць шчасця.

Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла