«І сумняваліся ў Ім», «і дзівіўся іхняму бязвер’ю...»

Чатырнаццатая звычайная нядзеля — 8 ліпеня 2012 г.

Чытанні: Эзх 2, 2–5; Пс 123 (122), 1–2а. 2bcd. 3–4; 2 Кар 12, 7–10

Евангелле паводле святога Марка 6, 1–6

Вельмі ўражваюць словы, якія апісваюць адно з аб’яўленняў Божай Маці, прызнанае Касцёлам. З далоняў Марыі плывуць струмені ласкі. Адны з іх светлыя, іншыя — цёмныя. Марыя тлумачыць, што светлыя струмені — гэта ласкі, аб якіх людзі просяць Бога і атрымліваюць іх, а цёмныя — гэта ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць людзям, але тыя аб іх не просяць. Паразважаем, што гэта за асаблівая ласка, якою Бог хоча адарыць нас, але вернікі не просяць аб ёй, і таму не атрымліваюць. Найвялікшаю ласкаю, якую Бог даў нам і хоча даваць, — гэта сам Езус. Многія прымаюць Езуса як гаспадара свайго жыцця, але многія яшчэ не пазналі Яго. Статыстыка сведчыць, што дзве трэція часткі чалавецтва на зямлі яшчэ не ведаюць Езуса і Яго Евангелля. А Ён — Збаўца кожнага чалавека. Ці ж не з’яўляецца адной з найважнейшых задач для кожнага чалавека і найбольшым прагненнем Бога, каб мы ішлі да кожнага краю зямлі, абвяшчаючы Езуса людзям? Але край зямлі — гэта не толькі далёкія яе куткі. Край зямлі — гэта нашая Айчына. Край зямлі — гэта нашыя блізкія. Край зямлі — гэта кожны з нас. Ці ж не павінны мы прасіць Пана Бога аб ласцы быць евангелізатарамі кожнага краю зямлі? Не будзем падманваць сябе, думаючы, што з прычыны нашых словаў, сустрэчы з намі і дзякуючы нашай малітве ўсе прымуць Пана Езуса і адразу ж стануць Яго сябрамі. Аднак зразумела, што першымі, хто прыме Езуса і правядзе да краю сваёй душы і розуму Яго навуку пра дзесяць запаведзяў, восем благаслаўленняў, пра любоў і прабачэнне, павінны стаць мы з вамі. Наколькі словы сённяшняга ўрыўка з Евангелля пра тое, што Езуса не прынялі самыя блізкія людзі, датычаць і мяне? Я лічу сябе Яго сябрам, адным з найбліжэйшых да Яго людзей, тым, хто сапраўды любіць Яго! А ці Ён згодны са мною? Калі я асуджаю жыхароў Назарэта за тое, што яны не прынялі Езуса, і мяне дзівіць іх недавер, я павінен таксама прасіць Езуса, каб Ён сказаў, што думае пра мяне. 

Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла