Эмануэль — Бог з намi

Шаснаццатая звычайная нядзеля — 22 ліпеня 2012 г.

Чытанні: Ер 23, 1–6; Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 ; Эф 2, 13–18

Евангелле паводле святога Марка 6, 30–34

Часта можна назiраць, як дзецi, прыбягаючы да сваiх бацькоў, са шчырай радасцю дзеляцца з iмi нейкiмi добрымi навiнамi: высокай адзнакай у школе, дасягненнямi ў спорце цi ўвогуле распавядаюць пра тое, што спачатку здавалася для iх непрыступным, а цяпер стала магчымым. I на самай справе, цудоўна, калi такiя рэчы адбываюцца ў сям’i. Гэта сведчыць пра тое, што сям’я з’яўляецца асяродкам узаемадаверу, дабрынi, спагады, што дзецi хочуць адкрывацца і дзялiцца з бацькамi сваiмi клопатамi, радасцямi i штодзённымi тур­бо­тамi.

Нездарма i апосталы ў сённяшнім урыўку з Евангелля, вярнуўшыся са свайго мiсiйнага задання, дзеляцца плёнам працы з На­стаў­нiкам. І, як дадае евангелiст Лука, робяць гэта з вялiкай радасцю (гл. Лк 10, 17). Езус жа ў сваю чаргу, выслухаўшы iх, пасылае ў пустыннае месца, на адпачынак. У кожным учынку Езуса, нават самым звычайным, выяўляецца незвычайная любоў Бога да чалавека.

Бог прагне, каб памiж Iм i намi існавала шчырая даверлiвая сувязь, каб мы не толькi прыходзiлi да Яго, просячы аб дапамозе, калi нас турбуюць розныя клопаты i праблемы, але не забывалiся дзялiцца з Iм усiмi нашымi радасцямi, дасягненнямi i нават самымi патаемныымi думкамi. Бог хоча быць з намi заўсёды i паўсюль. Для Яго важна, каб мы ахвяроўвалi Яму кожную хвiлiну свайго жыцця. Таму што Ён — Эмануэль, Бог з намi.

Айцец Віталь Сапега ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла