Хто на першым месцы?

Сямнаццатая звычайная нядзеля — 29 ліпеня 2012 г.

Чытанні: 2 Вал 4, 42–44; Пс 145 (144), 10–11. 15–16. 17–18; Эф 4, 1–6

Евангелле паводле святога Яна 6, 1–15

У жыцці нават моцна веруючага чалавека можа часам узнікнуць спакуса выкарыстаць веру і самога Бога для задавальнення зямных патрэбаў. Як бачым, не абмінула яна і тых, хто шукаў Езуса, каб наталіць духоўны голад, слухаючы Яго Слова. Аднак, калі пры гэтай нагодзе Езус здзяйсняе шчодры ўчынак міласэрнасці для цела і дае матэрыяльную ежу для падтрымання фізічных сілаў, здаецца, людзі забываюцца пра Яго навуку аб Нябесным Валадарстве і хочуць учыніць Хрыста зямным валадаром, прыніжаючы гэтым Бога да ролі «залатой рыбкі». Выгодна мець Кіраўніка, які з лёгкасцю задавальняе ўсе патрэбы народа...

Так бывае, на жаль, і ў сучасным свеце. Прыцягнуць чалавека да Касцёла раздачай матэрыяльных рэчаў — ад цукерак да вопраткі second hand і недарагіх выездаў за мяжу — можна, але што далей? Ці не падмяняем мы часам такой больш ці менш разгорнутай дабрачыннай дзейнасцю асноўную мэту, дзеля якой існуе Касцёл — збаўленне душаў і будаванне Нябеснага Валадарства на зямлі? Адно трэба рабіць, але і пра галоўнае не забывацца. А на гэтае галоўнае акурат часам ужо не хапае сілаў...

Тэндэнцыя ацэньваць працу святара ці законніцы колькасцю і маштабнасцю розных акцый — няправільная, бо можа стацца так, што якраз тут Бог і адыходзіць на далейшы план, як аддаліўся Ён ад сваіх слухачоў у сённяшнім урыўку з Евангелля. Толькі ў вечнасці Бог ацэніць нашыя высілкі: наколькі яны спрыялі набліжэнню да Яго — крыніцы ўсялякага дабра? І магчыма, непрыкметная дзейнасць малавядомага святара бу­дзе больш мілай Богу, чым грандыёзныя душпастырскія праекты.

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла