«Цяжкая гэта мова. Хто можа яе слухаць?»

Дваццаць першая звычайная нядзеля — 26 жніўня 2012 г.

Чытанні: Нав 24, 1–2а, 15–17, 18b; Пс 34 (33), 2–3. 16–17. 18–19. 20–21. 22–23; Эф 5, 21–32

Евангелле паводле святога Яна 6, 60–69

Паводле манаскай традыцыі, у навіцыя, які пачынае рабіць першыя крокі ў гэтай супольнасці, на самым пачатку з’яўляецца так званы магістр, настаўнік, які вылучаецца духоўным  досведам, ведамі і ўзорным цнатлівым жыццём. І ў гэтай традыцыі манаскага жыцця, якой ужо шмат стагоддзяў, выяўляецца вялікая Божая мудрасць. Чаму? Таму што на самым пачатку манаскага (і не толькі манаскага) жыцця ў навіцыя з’яўляецца незвычайнае захапленне ўсім: малітвамі, спевамі, кля­штарам, манахамі — усё выглядае прыгожым і яскравым. Чалавек гатовы маліцца ўдзень і ўначы, служыць бліжняму. Здаецца, што нават перасунуць горы для яго не будзе цяжка, але мінае нейкі час і справы, якія былі прыемнымі і радаснымі, пачынаюць раздражняць, а людзі, якія спачатку захаплялі, аказваюцца звычайнымі — са сваімі слабасцямі і духоўнымі хваробамі. І наогул, чалавек пачынае бачыць, што тое, аб чым ён так марыў, на самай справе выглядае інакш, чым ён сабе ўяўляў.

І тут сапраўды ўзгадваюцца словы апосталаў, якія толькі што пачулі навуку свайго Настаўніка: «Цяжкая гэта мова. Хто можа яе слухаць?». Так, можа і цяжкая. Але гэта — мова праўды і любові. Бог не хавае ад нас праўды, а заклікае прыняць і палюбіць яе, і адважна пайсці за Ім, з усім запалам удзельнічаць у справе перамянення сябе і рэчаіснасці.

Бог ніколі не пакідае нас у адзіноце. Ён пасылае нам сваіх правадыроў і кіраўнікоў, якія вядуць нас да Валадарства Божага. Мы заў­жды ідзем да збаўлення разам, у супольнасці Касцёла. 

Айцец Віталь Сапега ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла