Новая святыня на беларускай зямлі

6 мая ў Мар’інай Горцы адбылася доўгачаканая кансэ­крацыя касцёла святога Антонія Падуанскага. Бліжэйшы да мястэчка касцёл у Блоні, за 20 кіламетраў, быў зачынены ў 1920 годзе, а ў 1933 — зруйнаваны. У 2001 годзе дзякуючы намаганням вернікаў і фундатара Івана Уладзіслававіча Гумоўскага ў Мар’інай Горцы была закладзена новая святыня. Праца вялася больш за дзесяць гадоў: стары будынак былой падстанцыі быў адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл. 

Вернікі парафіі з радасцю і хваляваннем чакалі кансэ­крацыі сваёй святыні. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з усіх навакольных парафій, вернікі, а таксама госці і прадстаўнікі раённых уладаў. Падчас святой Імшы арцыбіскуп мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў алтар і сцены касцёла. У палымяным казанні, звяртаючыся да вернікаў, ён падкрэсліў, што ўсе мы павінны памятаць сваю гісторыю і шанаваць свае хрысціянскія карані, якіх не маем права выракацца. 

Мы дзякуем усемагутнаму Богу за новую святыню на бе­ларускай зямлі. Хочацца ўзгадаць імёны людзей, дзякуючы якім мы святкавалі гэтую ўрачыстасць. Перш за ўсё — гэта ксёндз пробашч Уладзіслаў Лазар, які на працягу пяці гадоў займаўся рамонтам касцёла і ўпарадкаваннем на­вакольнай тэрыторыі, тале­­навіты і адукаваны чалавек, здоль­ны не толькі вырашаць розныя надзённыя праблемы і даваць мудрыя парады, але і працаваць для сваёй парафіі: капаць зямлю, цягаць камя­ні... Гэты ахвярны святар сваім прыкладам паказвае нам, як трэба пераадольваць цяжкасці жыцця. 

Шчыры дзякуй ад імя ўсіх парафіянаў фундатару кас­цёла святога Антонія: Івану Уладзіслававічу Гумоўскаму і яго сям’і, а таксама сем’ям Сурмачэўскіх, Кізіно, Панамаровых, Зямніцкіх, Тарасе­вічаў, Любімскіх, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў нашай парафіі. Божага блага­слаўлення і апекі Маці Божай!

Таццяна Савіч.

Фота Міколы Новікава.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла