Чаму мы ідзем у пілігрымку?

Штогод на пачатку лета адны з нас пачынаюць планаваць, куды і калі яны сёлета вырушаць у пілігрымку, другія ж у лепшым выпадку адмоўчваюцца, у горшым пачынаюць даказваць, што хадзіць штогод аднымі і тымі ж дарогамі — толькі час марнаваць, а трэція проста паціху зайздросцяць, бо калі б мелі сілы, час, здароўе ці яшчэ штосьці неабходнае, то абавязкова выправіліся б у дарогу.

Што ж яна для нас азначае — пілігрымка да святых мясцінаў? Запытаем пры гэта ў саміх пілігрымаў.

Тэрэза Яніна Мілашэвіч, парафія святога Андрэя Баболі, г. Полацк

— Так склалася маё жыццё, што я 19 гадоў пражыла на Урале, а там няма, самі разумееце, ні касцёлаў, ні рэлігійнага жыцця — суцэльны беспрасветны сум. Я нарадзілася ў лявонпальскай парафіі, на Мёршчыне. Касцёл наш быў прыгожы, пабудаваны панамі Лапацінскімі. Потым саветы ў ім трымалі свіней… Дык нават не ведаю, што цяжэй для мяне было перажываць: як у нашым касцёле свіней гадуюць ці потым на Урале зусім не бачыць кас­цёла…

А калі вярнулася з сям’ёй на Беларусь, дачка мая на Брэстчыне працавала, дык я да яе і паехала. Трапіла ў косаўскі касцёл, у той самы, дзе Тадэвуша Касцюшку хрыс­цілі. Увайшла і залілася сля­зьмі…

Якраз у той час выпраў­лялася пілігрымка з Барана­ві­чаў у Будслаў. Вырашыла пайсці і я. Колькі я радасці перажыла за тыя дзевяць дзён хады — не перадаць! У той пілігрымцы і паабяцала Пану Богу, што зраблю 15 пілігрымак, калі Ён дазволіць мне столькі яшчэ пажыць. Чаму 15? Вось так мне прыдумалася — па колькасці таямніцаў Ружанца. Ці выканала сваё абяцанне? А як жа! Дазволіў мне Пан Бог цэлых 27 пілі­грымак адбыць: у Будслаў з Баранавічаў, потым у Буд­слаў з Полацка, а потым з Полацка ў Росіцу. Дарэчы, вельмі люблю росіцкую пі­лігрымку. Асаблівая яна, моцна адрозніваецца ад будслаўскай. Разумею, што так і па­вінна быць, бо гэта шлях у пакутніцкую Росіцу… Я малая тады была, у 1943-м, а памятаю жудаснае зарыва за Дзві­ной — гэта гарэла Росіца, наша святая зямля… 

Не ведаю, ці змагу больш хадзіць у пілігрымкі. Вельмі хочацца, але ж як дасць Бог — 82 год мне ўжо ідзе. Не жарты. А час пілігрымкі — гэта сапраўды святы час, калі незразумела куды дзяецца ўвесь клопат пра дом, здароўе, не думаеш ні пра гарод, ні пра тое, што ён лебядой за­растае. Ідзеш сабе, крыж час ад часу нясеш, з Богам размаўляеш усю дарогу — во дзе сапраўднае шчасце!

Антаніна Гулько, парафія святога Юзафа, г. Крупкі. 

— Час пілігрымкі я асабліва люблю за тое, што раптам адступае некуды цывілізацыя, ты перастаеш спяшацца, турбавацца. У цябе ў гэты час адзін клопат — годна, як найлепш пражыць гэты час. І, паверце, удаецца! Калі, вядома, ты ўсур’ёз гэтага сама жадаеш. Важна гэта для сучаснага чалавека — застацца сам-насам з Богам, прыродай ажно на некалькі дзён. Да таго ж ёсць шанец распазнаць галоўнае — мэту свайго жыццёвага пілі­грымавання. 

Люблю час пілігрымкі і за тое, што ёсць магчымасць адкрыць для сябе чалавека, які ідзе з табой побач. Нават калі ты і ведала яго раней, усё роўна за час хады ўбачыш, адчуеш, зразумееш штосьці асаблівае ў ім. І часта яно такое глыбокае-глыбокае…

У пілігрымках я зазвычай прымаю любыя ўмовы: магу начаваць у палатках, мокнуць пад дажджом, недаядаць, недасыпаць, шалёна стамляцца. І ўсё ж, прызнаюся, вельмі люблю таксама, калі начуем у хатах незнаёмых людзей, якія цябе, таксама незнаёмую ім, чакалі, лазню для цябе падрыхтавалі, на стол паставілі ўсё самае смачнае. І галоўнае — размовы, бо за вечар часам пачуеш такое, чаго ты ніколі і нідзе ў іншым месцы не пачуеш. І невядома тады, хто тут большы сведка: мы са сваімі мазалямі ці яны, якія ісці ў дарогу не могуць, але так моцна перажываюць нашу пілігрымку.

Я хадзіла ў Будслаў і з Баранавічаў, і з Брэста, а таксама ў Чэнстахову з розных мясцінаў, нават са Славакіі. Былі пілігрымкі і па 16, і па 17 дзён. Але нічога не магу параўнаць з тым адчуваннем, калі прыходзіш у наш Будслаў… Шчасце проста перапаўняе ўсю істоту… І таму ўжо цяпер чакаю таго дня, калі я зноў выйду ў Будслаў… Ужо і адпачынак на тыя дні ўзяла…

Ірына Азаронак, парафія святога Антонія, г. Віцебск

— Некалі прачытала ў адным хрысціянскім часопісе жарт святара: «Калі баіцеся пачуць пакліканне да святарства — не ідзіце ў пілігрымку». Пера­фразуючы яго, скажу: «Калі хочаце сустрэцца з жывым Богам — ідзіце ў пілігрымку!» Маё навяртанне адбылося менавіта ў пілі­грымцы, калі я зразумела, што шлях да Бога, на якім я не за­блукаю і не згублюся, — гэта хрысціянства.

Дзеянне Бога ў пілігрымцы павярнула маё жыццё, і я зразумела, што ёсць і магчымае для мяне новае жыццё — з Хрыстом. Менавіта тады на пілігрымскім шляху з Віцебска ў Будслаў здарыўся цуд. Дух Святы мяне проста захапіў, і я была такая шчаслівая, як ніколі дагэтуль. Цяпер разумею, што той пілігрымкай я зрабіла насустрач Богу адзін крок, а Ён нібы толькі таго і чакаў — імкліва пайшоў насустрач мне. Гэтай сустрэчы з Ім не перашкодзілі ні маё грахоўнае жыццё, ні маё няведанне хрысціянства. Бог ахінуў мяне сваёю любоўю. На тым шляху я пазнаёмілася з маімі будучымі сяброўкамі, якія ахвотна пачалі вучыць мяне маліцца, адказвалі на мае шматлікія наіўныя пытанні. Маё фізічнае цела вельмі мучылася ад мазалёў і болю ў мышцах, а дух быў проста шчаслівы!

Цяпер я ўпэўнена і ў тым, што на маім шляху да Бога была таксама і Марыя, наша Маці. Гэта Яна шукае сваіх загубленых дзяцей, знахо­дзіць і, не затрымліваючы іх для сябе, перадае Свайму Сыну — нашаму Пану і Збаўцу. Дзякуй Табе, Матачка Божая!

Прайшоў час. Я працягваю ісці дарогай збаўлення, якую праклаў для мяне Езус і якая пачалася ў пілігрымцы. Я шчаслівая на гэтай дарозе і нізавошта не хацела б вярнуцца назад, у сваё ранейшае жыццё.

Павел Вільтоўскі, парафія Божага Цела, г. Мінск.

— Пілігрымка для мяне сім­валізуе чалавечае жыццё, а ўрачыстасць у Будславе — Неба. Сапраўды, калі падумаць, то ў  нашым жыцці ёсць радасць і боль,  стома ад што­дзёнасці жыццём і тыя шчаслівыя хвіліны, калі раптам некуды падзяецца тая стома, а ёсць сустрэчы і расстанні, сяброўства і здрада… Усё гэта магчыма сустрэць і ў пілі­грымцы. Ды толькі напера­дзе — Будслаў! А там цябе чакаюць таксама сустрэчы з сябрамі, якіх даўно не бачыў, па якіх засумаваў. Мы сустракаемся ў Будславе і не можам нагаварыцца, але не баімся, што нехта нас тут не зразумее, бо ведаем, што ўсе, хто сюды прыходзіць, — твае аднадумцы — яны, гэтак жа, як і ты, шукаюць Бога ў сваім жыцці. І гэта цудоўна — шукаць Яго разам з такімі людзьмі. 

Зразумела, што ў часе пілігрымскага шляху сустрэнеш і цяжкасці і, магчыма, чыёсьці неразуменне, і ногі будуць гудзець ад пройдзеных дарог, і штосьці яшчэ такое здарыцца, чаго нельга прадбачыць. Але пілігрымка тым і цікавая — адкрыццямі, сустрэчамі, пазнаннем чагосьці новага і радасцю перажывання ўжо вядомага табе, калі раптам тое вядомае ад­крыецца нейкім новым бокам… Не, пілігрымка — гэта цудоўна! 

 

Падрыхтавала 

Ірына Жарнасек.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла