Паходжанне гімна «Хвала на вышынях»

У выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе з польскай мовы неўзабаве выйдзе кніга Лукаша Кубяка «Святая Імша. 100 пытанняў і адказаў». З дапамогаю Святога Пісання, асноўных дакументаў Касцёла, шматлікіх крыніцаў па гісторыі літургічных абрадаў, а таксама каментарыяў айцоў Касцёла і святых яе аўтар тлумачыць тэалагічны сэнс і значэнне літургічных абрадаў і сімвалаў, літургічнага начыння і іншых сакральных прадметаў і малітваў.

Прапануем увазе чытачоў урывак з гэтага новага выдання.

Гімн «Gloria», або «Хвала на вышынях» — адзін з найбольш старадаўніх, акружаных пашанаю літургічных тэкстаў. Першая вядомая версія гімна паходзіць з IV стагоддзя. Спачатку ён спяваўся як частка Літургіі гадзінаў, а з VI ст. яго пачалі ўключаць у эўхарыстычную цэлебрацыю. Сёння гімн «Хвала на вышынях» спяваецца ў кожную нядзелю (за выключэннем перыядаў Адвэнту і Вялі­кага посту), ва ўрачыстасці і святы, а таксама на асаблівых, найбольш урачыстых, цэле­брацыях.

«Прыгожы ёсць Бог, Слова ў Бога <...>. Прыгожае ў небе і прыгожае на зямлі, прыгожае ва ўлонні Маці; прыгожае ў абдымках бацькоў; прыгожае, калі аб’яўляецца ў цудах; прыгожае ў цярпенні; прыгожае, калі кліча да жыцця; прыгожае, калі не баіцца смерці; прыгожае, калі аддае жыццё; прыгожае, калі зноў распачынае яго; прыгожае на крыжы, прыгожае ў грабніцы, прыгожае ў небе. Слухайце і разумейце гэтую песню, і няхай слабасць цела не засланяе ад вашых вачэй ззяння Ягонай прыгажосці», — так пісаў св. Аўгустын.

Пілігрымуючы Касцёл, молячыся аб удзеле ў жыцці Бо­га, сузіраючы Яго аблічча, ужо пэўным чынам удзельнічае ў гэтым жыцці, ужо сузірае тое, на што спадзяецца, бо радасць аб вечнай хвале Бога рэалізуецца ў Эўхарыстыі. Менавіта ў ёй актуалізуецца таямніца Хрыста, а значыць — таямніца Яго ўваскрасення і хвалы. 

У Эўхарыстыі аб’яўляецца прыгажосць Хрыста. Яна аб’яўляецца ў прыніжэнні: спачатку гэта адбылося ў прыніжэнні праз уцелаўленне, потым — у прыніжэнні крыжа, цяпер — у прыніжэнні хлеба. У Эўхарыстыі Бог — найцішэйшы, найпакорнейшы. Яго можна ўвогуле не заўважыць. Аднак, калі чалавек сапраўды прагне Бога, то любоў дапаможа яму распазнаць Яго, захапіцца Ім, палымяна палю­біць Яго і распазнаць так, як распазналі Хрыста вучні па дарозе ў Эмаўс.

Касцёл, з любоўю ўглядаючыся ў Бога, у Тройцу Асобаў, у захапленні спявае «Glo­ria». Гэта перадусім малітва пакланення, у якой мае значэнне толькі Бог, і толькі Ён з’яўляецца яе матывам: «Хва­лім Цябе, благаслаўляем Ця­бе, кланяемся Табе, праслаўляем Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікай хвалы Тваёй...». Вернікі падбіраюць словы для пакланення Богу так, быццам ніводнае з іх не гучыць дастаткова поўна.

Тэкст гэтага гімна нельга замяняць іншым. Калі гімн не спяваецца, яго прамаўляюць усе разам.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла