Пілігрым ксёндз Пятрайціс

Жыццёвы шлях святара Уладзіслава Пятрайсціса быў нядоўгі (20.01.1955—09.05.2012), але насычаны цікавымі падзеямі, ініцыятывамі, справамі. На Беларусі ён праслужыў Богу і людзям 27 гадоў, амаль палову свайго жыцця.

У гісторыю нашага Касцёла ён увайшоў як чалавек, які адным з першых пачаў маліцца па-беларуску, уводзіць нацыянальную мову ў лі­тургію. Тым, хто ведаў яго і ўдзельнічаў у супольных малітвах у мёрскім касцёле, у якім ён распачаў сваё служэнне, ксёндз Пятрайціс запомніўся палымянымі казаннямі, прасякнутымі любоўю і пашанаю да нашай роднай культуры. Без пераболь­швання можна сказаць, што ён, літовец, стаў падзвіжнікам у працэсе адраджэння нашай дзяржавы. 

Тагачасная моладзь з радасцю ўдзельнічала ў моладзевых фестывалях, што арганізоўваліся ў Мёрах (на іх, дарэчы, прыязджалі ўдзель­нікі ажно з іншых краінаў). Дзякуючы нашаму пробашчу ў парафіі выходзіла каталіцкая газета «Голас ду­шы», якая таксама стала асобнай яркай старонкай у гісторыі парафіі.

А яшчэ ксёндз Пятрайціс вядомы як пілігрым. Добра памятаю, як ён арганізоўваў першую пешую пілі­грымку з Мёраў у Будслаў у 1992 г., а пасля хваліўся сваімі да крыві збі­тымі нагамі. Ён не быў прывязаны да матэрыяльных рэчаў. Не забуду, што ў той першай пілігрымцы я атрымаў добрыя красоўкі ад майго пробашча ксяндза Уладзіслава. З года ў год хадзіць пешшу разам са сваімі вернікамі да Маці Божай у Будславе было нормаю яго жыцця.

Неспакойнае было яго сэрца… Пешыя пілігрымкі з Мёраў у Буд­слаў, з Мёраў у Аглону (Латвія), аўтобусныя пілігрымкі па святых месцах Прыбалтыкі, на сустрэчу з Папам Рымскім. Калі пантыфік пад’язджаў да межаў нашай краіны, то і кс. Пятрайціс ірваўся на сустрэчу з ім, аб чым сведчаць аўтобусныя пілі­грымкі з Мёраў у Беласток, Вільню. Усе гэтыя паломніцтвы пацвярджаюць адно: кс. Пятрайціс шукаў сус­трэчы з Богам у сваім жыцці...

Ён заўсёды меў шмат ідэяў. Казаў, што добра было б рабіць пілігрымкі ў Ватыкан, да месца пахавання святога Язафата Кунцэвіча, і на Святую Зямлю яму карцела таксама прайсці пешшу… Тады, калі я чуў тыя мары, мне падавалася, што яны абсалютна неажыццяўляльныя, але ж сёння, бачу: ён марыў і рабіў усё, што мог, а тое, што не ўдалося зрабіць яму, цяпер робіць хтосьці іншы…. І мне, без лішняй сціпласці прызнаюся, прыемна, што нейкім чынам я спрычыняюся цяпер да прадаўжэння ягонай пілігрым­скай справы — я ж родам з Мёраў, і мяне выхоўваў таксама ён, ксёндз Пятрайціс. Не ведаю, як цяпер, а ў свой час менавіта з Мёраў было найбольш пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. І сталася гэта тады, калі ў Мёрах служыў ксёндз Пятрайціс. Думаю, гэта шмат аб чым сведчыць... 

Кожны, хто яго ведаў,  ведаў таксама, што ён, хоць і святар, быў усяго толькі чалавекам — слабым і грэшным. Вельмі шкада, што апошнія гады свайго жыцця ён моцна хварэў і не мог плённа працаваць, але я прашу Нябеснага Айца, каб быў да яго міласэрны, і веру, што не можа быць інакш, бо ў часе свайго зямнога жыцця гэты чалавек абвяшчаў міласэрнага Бога іншым. Не аднойчы чуў ад яго: «Хай мне Бог даруе. І ці ж не даруе і не пачуе Бог малітву,  калі кожны са святароў, якія пахо­дзяць з Мёраў (на сёння іх 9), за мяне памоляцца? Напэўна, адразу буду ў раі, хоць я гэтага і не варты». Лічу, што ў гэтых словах была не сама­ўпэненасць, а давер да Бога...

 «Чалавек ён быў добры, толькі надарваны, паранены», — так сказала пра яго беларуская пісьменніца Ірына Жарнасек, якая супрацоўнічала са святаром у  каталіцкім друку ў 90-я гады. Працягваючы яе думку, дадам, што і ўсё нашае грамадства — надарванае  і параненае. Яно яшчэ дагэтуль не вылечылася ад хваробаў ХХ стагоддзя, бо не пакаялася за грахі мінулага: за зруйнаваныя святыні і знішчанае людское сумленне. А ксёндз Пятрайціс так моцна марыў, каб надышоў гэты момант — пакаяння для нашага народа, каб мы змаглі вызваліцца ад усёй постсавецкай грахоўнай залежнасці, ачысціліся ад гэтага бруду, як паломнікі ад прыдарожнага пылу...

Аднак зямная жыццёвая надарванасць не можа прывесці хрысціяніна да роспачы — жыццёвы палом­ніцкі шлях чалавека заўсёды напоўнены ранамі. Ды і хіба можа быць інакш на шляху пілігрымавання? 

І чым цяжэйшы шлях, тым больш радаснае спатканне з Богам, якое непазбежна чакае нас усіх.

Пілігрым  ксёндз Пятрайціс ужо асягнуў мэту свайго пілігрымавання — спатканне з міласэрным Айцом у Нябеснай Айчыне...

Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць…

Ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч парафіі св. Яза­фата Кунцэвіча ў Расонах.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла